"Без яго апусцее наша вёска". Як бусел Фомка з ксяндзом пасябраваў
Ужо трэцюю зіму жыве ў невялікай вёсцы Барадзенічы Браслаўскага раёна белы бусел. Птушка знайшла надзейны прытулак у людзей. Абавязкі апекуна над буслом, які не адлятае ў вырай, узяў на сябе святар Юрый Ноцунь, пробашч мясцовага касцёла Святога Юзафа.
— Жыхары вёскі і парафіяне часта задаюць пытанне, чаму дзікая птушка не імкнецца з іншымі бусламі на поўдзень, а застаецца ў месцы свайго нараджэння, — кажа 47-гадовы святар. — Выпадковасць гэта альбо заканамернасць прыроды, мы не ведаем, але лічым, што бусел Фомка — гэтак назвалі белакрылага любімца вясковыя дзеці - для нас, несумненна, добры знак.
Ксёндз Юрый распавёў гісторыю пра свайго незвычайнага «аднавяскоўца». Два гады таму пара белых буслоў звіла гняздо на электрычным слупе паміж храмам і домам святара, які стаіць на ўскрайку аўтамабільнай дарогі. Вывела чацвёра птушанят. Адно з іх, якое вылупілася апошнім, было надта малое і кволае. Аднойчы бусляня выпала з гнязда — ці знянацку, ці то бацькі спецыяльна выкінулі небараку з сям'і: у тое лета было гарачае надвор’е, ежы буслам не хапала. Малому была наканаваная немінучая пагібель.
Так яно і было б, каб у гэты момант дзеці, якія прышлі ў рэлігійную школу, не аказаліся пад гняздом і не ўбачылі, як птушаня падала на зямлю. Не разгубіліся, падабралі бусліка, прынеслі ксяндзу. Што з ім рабіць? Святар часу не марнаваў - агледзеў птушку, напаіў, накарміў…
Хутка Фомка стаў сапраўдным буслом — прыгожым, статным, важным. І прывязаўся да гаспадара: чакае яго са службы, з паездак. У знак даверу бярэ ежу з рук.
Ксёндз Юрый Ноцунь сем гадоў жыве і служыць у гэтай парафіі, пераехаў сюды з Варапаева Пастаўскага раёна. Акрамя пастырскіх абавязкаў, вядзе ў нядзельнай школе ўрокі па рэлігіі для падлеткаў з суседніх вёсак, сустракаецца з моладдзю, наведвае нямоглых старых, наводзіць парадак на касцёльным двары і вясковых могілках. А яшчэ святар любіць гаспадарыць на агародзе і ў садзе, вучыцца ўпраўляцца з пчоламі, на ягоным падворку чароды гусей і качак, курэй і індычак.
Юрый ганарыцца сяброўствам з белым буслом. Яшчэ з 7-гадовага ўзросту (нарадзіўся ў Польшчы) марыў стаць ветэрынарам і да святарства скончыў ветэрынарны тэхнікум. Боскае пакліканне адкрыла новую дарогу — да храма. І дало сустрэчу з зямлёю продкаў - на Браслаўшчыне нарадзілася адна з ягоных бабуль. А любоў да братоў меншых засталася ў Юрыя як захапленне.
У маразы гаспадар забірае Фомку з хлеўчука ў дом, вылучыў яму адзін з пакояў.
— Не ўяўляю жыцця без Фомкі - без яго апусцее і мой дом, і наша вёска, і наша парафія, — кажа святар. — Але ў прыроды свае законы — іх і будзе прытрымлівацца барадзеніцкі белакрылы гадаванец.
Чытайце таксама:
«Глядзіш на іх — і душа радуецца». Вясковы святар на Міёршчыне гадуе галубоў