Экскурсія па Менску 1929 года: вакзал - Залатагорскі касцёл
TUT.BY працягвае знаёміць сваіх чытачоў з экскурсійнымі маршрутамі Мінска, распрацаванымі краязнаўцам і навукоўцам Мікалаем Каспяровічам ў 1929 годзе. Гэтым разам віртуальнае падарожжа пройдзе па даваенных мінскіх вуліцах ад вакзала да касцёла Святога Роха на Залатой горцы.
Папаярэдні артыкул пра маршрут «Вакзал — пляц Волі» чытайце тут.
Мова і арфаграфія тэкста М. Каспяровіча захаваныя.
Маршрут экскурсіі: вакзал — Залатагорскі касцёл.

Непасрэдна з вакзалу экскурсант цераз Каломенскі базар, вельмі багаты бытавым матар’ялам з жыцьця менскага мяшчанства і ваколічных сялян…

…выходзіць на Унівэрсытэцкую вул. (з 22 снежня 1934 года вул. Кірава), дзе працуе радыёстанцыя імя Саўнаркому БССР на хвалі 949,6 мэтра.

За ёю налева — Комуністычны Унівэрсытэт, заснаваны ў 1925 годзе і цікавы для асьветнікаў сваімі мэтодамі працы.

Далей, на гэтай-жа Унівэрсытэцкай вул. (№ 41, тэл. 701) знаходзіцца хэмічна-фармацэўтычны завод, заснаваны у 1924 годзе ў складзе 6 аддзяленьняў.

Зьвярнуўшы налева на вул. Энгельса, на першых ростанках з помнікам К. Марксу, экскурсант спатыкае направа — будынак Беларускага акадэмічнага тэатру, пабудаваны ў 1890 годзе і налева — клюб імя К. Маркса, былая заля дваранскіх сходаў, дзе ў 1917 годзе адбываліся паседжаньні ўсебеларускага конгрэсу.

Першая вядомая беларуская пастаноўка опэры «Сялянка» адбылася ў Менску ў былым тэатры Поляка на Пляцу Волі. У будынку-ж гэтага тэатру ў 1917 годзе на беларускай мове пачало працу Першае таварыства беларускай драмы і комэдыі пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча і з 1920 году — Акадэмічны тэатр. З 1926 году ў гэтым будынку працуюць трупы першага і другога акадэмічных тэатраў. 3 пастановак першага тэатру самыя выдатныя: «Кастусь Каліноўскі», «Каваль Ваявода» Міровіча, «На Купальле» М. Кудзелькі і «Мешчанін дваранінам» Мольера; у другім: «Цар Максімільян» па народнай п’есе і «Бакханкі» Эўрыпіда і новыя п’есы гэтых тэатраў «Мост», «Верацёны» (у 1-ым), «Разлом» і «Рэйкі гудуць» (у 2-ім).

Налева ад помніка К. Марксу, уніз па вул. К. Маркса, на першых ростанкак направа варта аглядзець нядаўна пабудаваны будынак Комунальнага банку.

На супроцьлеглым рагу — рэдакцыя старэйшай беларускай савецкай газэты «Савецкая Беларусь» у прыгожым другім доме саветаў.

Прайшоўшы па вул. К. Маркса налева ад помніка, каля вайсковага шпіталю з аднаго боку і невялікага садзіку з фонтанам — з другога, экскурсант на першым рагу вул. К. Маркса і Чырвонаармейскай павінен азнаёміцца з цікавым домам селяніна, спэцыяльна пабудаваным у 1928 годзе. У ім зьмяшчаецца і сельска-гаспадарчы, і прамысловы музэй.

Насупраць, па Чырвонаармейскай (№ 3, тэл. 383) на дварэ зьмяшчаецца Цэнтральны беларускі дзяржаўны музей, заснаваны ў 1923 годзе, у былым палацы і царкве архірэя. Зараз у Музэі больш 30 тысяч экспонатаў у наступных аддзелах: гістарычна-археолёгічным, царкоўна-археолёгічным, нумізматычна-сфрагістычным, этнографічным, яўрэйскім, выяўленчых мастацтваў, архіве і бібліотэцы. Асаблівай увагі заслугоўваюць карціны мастакоў - ураджэнцаў Беларусі і беларускіх мастакоў (К. Каганца, Драздовіча, Філіповіча і інш.). Побач з гэтым музэем, у першым паверсе былой царквы зьмяшчаецца зоолёгічны музэй Акадэміі Навук.

Вышаўшы з двара цераз другія вароты, у першым доме (б. духоўнай консысторыі, а ў 1919−1920 г. — месцы катаваньняў белапалякамі комуністых і беларускіх культурнікаў) зьмяшчаецца частка Беларускай дзяржаўнай публічнай бібліотэкі з Беларускай кніжнаю палатаю.

За рагом направа, па Савецкай вулiцы, на былым гарадзкім валу — другі корпус бібліотэкі ў былым будынку Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (яшчэ раней — юбілейны дом 1612−1912). Тутака патрабуюць агляду беларускія старадрукі, пачынаючы з ХVІ веку і беларускі бібліографічны рэпэртуар. Тут-жа ў Беларускім бібліографічным бюро можна атрымаць любую даведку па бібліографіі этнографічнай Беларусі.

Далей па Савецкай вул., каля Беларускага пэдагогічнага тэхнікуму (№ 107, тэл. 637)…

… і Цэнтральнай паказальна-дасьледчай школы, асабліва цікавай для асьветнікаў, і электростанцыі (№ 110, тэл. 696),…

… цераз жалезна-бэтонны мост на Сьвіслачы, скончаны пабудовай у 1928 годзе,…

… ідучы побач з карлікавай чыгункай, што дастаўляе торф на электрастанцыю, экскурсант дасягае доміку першага ўстаноўчага зьезду Расійскай соцыял-дэмократычнай рабочай партыі (Савецкая № 135). У доміку — портрэты ўдзельнікау зьезду, успаміны і д. т. п.; вартаўніком яго былая сьведка зьезду.

Яшчэ далей па Савецкай вул., направа будынак Залататорскага касьцёлу ў стылі спозьненай беларускай готыкі сярод багатых дрэвамі могілак, побач з месцам прыпынку аўтобусаў.

Крыніцы:
Тэкст: «Куды і як вадзіць экскурсіі», М. Каспяровіч, часопіс «Наш край», № 4, Менск 1929;
Фота: TUT.BY, wikipedia.org, minsk-old-new.com, oldmensk.net, «Мінск незнаёмы"(І.Куркоў, 2002) і «Мінск: гісторыя пасляваеннага аднаўлення 1944−1952» (В.Кірычэнка, 2004)