Эксперыментальная гасцёўня ў тэатры лялек сабрала сапраўдны аншлаг
Сустрэчай 23 студзеня тэатр лялек распачаў шэраг імпрэз у фармаце гасцёўні. Паўтары гадзіны прадстаўлення аб’ядналі на адной сцэне паэзію, прозу, драму і музыку. Акторы абодвух гарадзенскіх тэатраў падзяліліся з гледачамі новымі працамі, а гледачы атрымалі новы мастацкі досвед, распавядае «Твой стыль».
Асаблівую цеплыню дадаў выступ мастачкі-канструктаркі Вікторыі Анціпінай, што заспявала на сцэне у свой дзень нараджэння.
Распачынаючы новы праект, Аляксандр Цебянькоў, старшыня абласнога аддзялення Беларускага саюза тэатральных дзеячоў і вядоўца вечара, хацеў аб’яднаць мясцовых аматараў мастацтва вакол тэатра і пазнаёміць іх з эксперыментальнымі формамі яго існавання. Запоўненая гледачамі зала паказалі, што ў Гродне такую ініцыятыву падтрымліваюць.
Уласна, Аляксандр і пачаў вечар баладай пра артыста: «Тэатр як фантан — павінен бурліць ідэямі».
Аляксандр Енджэеўскі з тэатру лялек і Васіль Мініч з драмтэатру ў кароткай інтэрмедыі амаль без слоў паразважалі над лёсамі мастацтва, а Ірына Купчанка, сцэнічны вобраз якой увасобіў «смерць мастацта», пачытала вершы Хармса.
Васіль Прабадзяк у гасцёўні разважаў пра філасофію спажывання гарэлкі, «правільныя» гранёныя шклянкі і рыжыкі ў смятане.
Песня «Адліга» ў выкананні мастачкі-канструктаркі тэатра лялек Вікторыі Анціпінай магла б растапіць нават снег, не тое што сэрцы прыхільнікаў тэатра. Як высветлілася пазней, у гэты дзень яна адзначала свой дзень нараджэння. Магчыма, зрабіць у гэты дзень падарунак гледачам — таксама частка новага тэатральнага эксперымента.
«Цвіком праграмы» стаў міні-спектакль «Як мы з Надзяй працавалі ў краме моднага адзення», што прадставілі на суд публікі Аляксандра Літвінёнак і Вольга Авасількі. Яскравы гумар і шчырасць выканання, разам з пазнавальнасцю створаных вобразаў, як найлепш адпавядалі фармату гасцёўні.
Менавіта так і рэальныя гераіні маглі б з гумарам распавядаць знаёмым пра свае спробы знайсці месца ў жыцці і пошукі творчай працы.
Па сканчэнню спектакля ахвотных падзяліцца ўражаннямі і прадоўжыць вечар запрасілі ў кавярню «Шэкспір».