Экскурсія па Менску 1929 года: Вакзал - Пляц Волі
TUT.BY запрашае сваіх чытачоў у віртуальнае падарожжа па мінскіх вуліцах амаль 90-гадовай даўніны і прапануе параўнаць, наколькі змянілася сталіца за гэты час.
Краязнаўчы часопіс «Наш край», які выдаваўся Цэнтральным бюро краязнаўства пры Беларускай акадэміі навук, у 1929 годзе абураўся адсутнасцю арганізацыйнай і метадычнай працы ў галіне экскурсійнай справы ў рэспубліцы. «Кожнае лета, кожную вясну і восень, экскурсійны рух стыхійна захоплівае шырокія масы і, на жаль, амаль заўсёды вельмі вялікі лік экскурсій не дае добрых вынікаў або зусім зрываецца. Значны лік экскурсій з вучнямі становіцца звычайнымі пагулянкамі», — пісалася на старонках часопіса. Бракавала і адпаведнай літаратуры: «Галоўная бяда ў тым, што няма ні беларускай ні расійскай літаратуры, якая-б дапамагала вырашэньню пытаньня куды вадзіць экскурсіі школьнікаў і што аглядаць. Ні адна мясцовасьць не пабудавана па програмных комплексах».
Мікалай Каспяровіч — беларускі этнограф, краязнавец і культуразнавец — у сваім артыкуле «Куды і як вадзіць экскурсіі» ў красавіцкім нумары часопіса «Наш край» за 1929 год прапанаваў некалькі распрацаваных уласна ім экскурсійных маршрутаў па сталіцы Савецкай Беларусі гораду Менску.
Мова і арфаграфія тэкста М. Каспяровіча захаваныя.
Супроць вакзалу на невялікім плацу стаіць помнік афярам расстрэлу дэмонстрацыі губарнатарам Курловым у 1905 годзе.
Ад Вакзалу па Ленінградскай вуліцы экскурсант пападае на Земляробчы завулак (цяпер не існуе. — У.С.) да будынку пэдфаку Дзяржаўнага Унівэрсытэту, адчыненага ў 1921 годзе. Апрача гэтага корпусу пэдфаку, тутака будуецца шэраг будынкау так званага унівэрсытэцкага гарадка. У Унівэрсытэце заслугоўваіоць агляду вучэбны, зоолёгічны, ботанічны і іншыя музэі, а таксама цяпліца ботанічнага саду.
Недалёка ад будынку Універсытэту, на супроцьлеглым баку Савецкай вул. (цяпер праспект Незалежнасці. — У.С.) падымае ў гору вежы чырвоны касьцёл, з вышкі якога можна аглядаць увесь Менск і яго ваколіцы.
На другім павароце ад касьцёлу, па вул. Валадарскага, знаходзіцца будынак былой хоральнай сынагогі - зараз адзін з найвялікшых кіно ў СССР «Культура».
Дальш насупроць — будынак Менскага ДОПР, былая турма, на варотах якой у 1906 годзе быў павешаны Пуліхаў за замах на губарнатара Курлова. Тутака-ж у старой турме адбывалі кару за рэволюцыйнаю чыннасьць Карусь Катанец, адзін з першых беларускіх пісьменьнікаў, Якуб Колас, зараз народны поэта і іншыя беларускія дзеячы. Трэба адзначыць, што гэты будынак прыватнай пабудовы канца ХVІІІ стагодзьдзя, вядомы пад назвай пішчалаўскага замку, вельмі жыва нагадвае сабою формы беларускага замкавага будаўніцтва ХVІ веку.
Прайшоўшы па Інтэрнацыянальнай вул. квартал і зьвярнуўшы направа па вул. Урыцкага (цяпер вул. Гарадскі Вал. — У.С.), экскурсант пападае ў Музэй Рэволюцыі, заснаваны ў 1926 годзе. У ім даволі поўна паказана гісторыя рэволюцыйнага руху ў Расіі і Кастрычнікаўская рэволюцыя. Асабліва цікавым зьяўляецца беларускі аддзел са сваімі шматлічнымі колекцыямі карцін, фотоздымкаў, друкаваных матар’ялау і д.т.п.
Вышаўшы з музею на Інтэрнацыянальную вул., экскурсант можа аглядзець падвор’е і будынкі былога старога жаночага кляштару на рагу Комсамольскай вул.
3 Інтэрнацыянальнай па Рэспубліканскай вул. (цяпер вул. Гарадскі Вал. — У.С.) экскурсант пападае на Рэволюцыйную, дзе можна атрымаць надзвычайна шмат ад азнаямленьня з Беларускай Акадэміяй Навук у будынках пад № 21. Академія навук вырасла ў 1928 годзе з Інстытуту Беларускае Культуры, які ў сваю чаргу організаваны ў 1922 г. з Навукова-тэрмінолёгічнай камісіі, утворанай у 1921 годзе. У ей заслугоўваюць агляду зборы рукапісаў катэдры літаратуры, слоўнікавыя колекцыі каміісі па укладаньні слоўніка беларускай мовы, фольклёрныя колекцыі - у фольклёрнай камісіі, зарысоўкі народнага орнамэнту — у катэдры этнографіі і інш. у аддзеле гуманітарных навук і гэрбар, картаграфічныя колекцыі, географічная картотэка, геоботанічныя, глебазнаўчыя і д.т.п. колекцыі адпаведных катэдраў і інстытутаў, аддзелаў прыродазнаўчых і гаспадарчых навук Акадэміі, а таксама сваеасаблівая чыннасьць яўрэйскага і польскага сэктароў Акадэміі і Цэнтральнага Бюро Краязнаўства пры ёй.
З Акадэміі Навук па Рэволюцыйнай вул. экскурсант выходзіць на Высокі горад, зараз Пляц Волі, што зьяўляецца асяродкам центральных урадовых устаноў. Тутака, па абодвых бакох сьцісьненага катадральнага касьцёлу, у значна зьмененых пазьнейшымі перабудовамі будынках тае-ж пары зьмяшчаецца Цэнтральны Выканаўчы Камітэт і Савет Народных Камісараў у левым і Вышэйшы Савет Народнай Гаспадаркі ў правым будынку. Вежа апошняга падкрэсьлівае сваеасаблівы ансамбль гэтых езуіцкіх будоў першае паловы XVII стагодзьдзя.
Далей направа — Народныя камісарыяты асьветы, аховы здароўя і Ўнутраных спраў.
На другім баку пляцу — вялізны будынак Акрвыканкому і Гарсавету, і побач — сквэр з помнікам Гіршу Лекерту, які рабіў замах на віленскага генэрал-губарнатара фон-Валя ў 1906 годзе.
У глыбі пляцу паміж апошнімі - звычайны Катадральны сабор, перад якім Пуліхаў і Ізмайловіч рабілі замах на менскага губарнатара Курлова.
Налева, за скверам — вялізны будынак Усебеларускага савету профасіянальных саюзаў з вялікаю друкарняю Выдавецтва ў першым паверсе.
А на рагу выцякаючы з Пляцу Волі Ленінскай вул. — самы вялікі ў Менску будынак готэлю «Эуропа».
Наўскос ад ЦСПСБ, на пачатку вул. Энгельса, стаіць орыгінальны будынак былога Дамініканскага касьцёлу другой паловы ХVІІ веку.
Да таго-ж часу належыць і вельмі вытрыманая група будынкаў былога Бэрнардынскага кляштару за Катэдральным саборам на пачатку вул. Бакуніна (цяпер вул. Кірыла і Мяфодзія. — У.С.). У былых касьцёлах на абодвых бакох вуліцы зьмяшчаюцца зборы Беларускага цэнтральнага архіву, дзе можна пазнаёміцца з цікавымі старасьвецкімі беларускімі докумэнтамі.