Раённая бальніца ў Крычаве трымаецца на драўляных падпорках

Источник материала:  
16.01.2016 15:45 — Новости Общества

Драўлянымі падпоркамі ўмацоўваюць столь у Крычаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Фотаздымкі з рыштаваннямі ў хірургічным аддзяленні лякарні даслалі карэспандэнту БелаПАН. У адміністрацыі медычнай установы патлумачылі, што падпоркі ўсталявалі паводле рэкамендацыі арганізацыі, якая абследавала будынак бальніцы. Факт аварыйнасці будынка не прызнаецца.


Паводле аўтара фотаздымкаў, які пажадаў застацца невядомым, драўляныя канструкцыі выставілі ў сталовай хірургічнага аддзялення на другім паверсе. Імі умацаваная столь.

Аўтар сцьвярджае, што на трэцім паверсе прасела, як ён выказаўся, падлога. Стан памяшканняў жыхар райцэнтру ацэньвае як аварыйны.

«А што яшчэ тут казаць. Дык гэтак выглядае другі паверх, а на трэцім прасела падлога. Падпоркі, наколькі я разумею, устанавілі часова, каб столь не абрынулася. Але ўсё гэта, як мёртваму гарчычнікі. Падпоркі дазволяць не абрынуцца столі нейкі час», — выказаў меркаванне аўтар фотаздымкаў у гутарцы з журналістам.



У адміністрацыі прызнаюць, што драўляныя рыштаванні сапраўды выставілі ў бальніцы. «Дзеля прафілактыкі паставілі», — патлумачылі ў лякарні.

«Будынак абследаваны інстытутам „Магілёўграмадзянпраект“. Даведзеныя рэкамендацыі па эксплюатацыі, і яны выкананыя. Ёсць дазвол на эксплюатацыю. Гэты інстытут заўжды праводзіць абследаванне», — давёў супрацоўнік адміністрацыі бальніцы.

Новы будынак бальніцы, паводле суразмоўцы, узведзены, але пакуль ня здадзены ў эксплюатацыю: «Ёсць фінансавыя праблемы. Але, відаць, у першым квартале будзе уведзены. Канкрэтную дату назваць не бяруся. У новым будынку 95% прац выкананыя. А потым будзе ажыццяўляцца рэканструкцыя старога корпусу».

На пашпарце аб’екту пазначана, што першы этап рэканструкцыі будынка бальніцы мае быць скончаны 31 снежня 2015 году. На стэндзе год і месяц зацёртыя, але чытабельныя. Пачалі будаўнічыя працы 5 лістапада 2012 году.



Пра тое, што важны для Крычаўскага раёну сацыяльны аб’ект ня ўведзены ў час і пра прычыны гэтага афіцыйна жыхарам не паведамілі. Згадкі не было і ў мясцовай дзяржаўнай прэсе, абураюцца крычаўцы.

Пра сітуацыю ў Крычаўскай раённай бальніцы пісала «СБ. Беларусь сегодня» пасля абрушэння ў райцэнтры двух паверхаў мясцовай гімназіі. У публікацыі стан будынка лякарні ацэньваўся як перадаварыйны.

«І ў Крычаве лёс гімназіі цалкам можа паўтарыць раённая бальніца. Яшчэ ў 2010 годзе спецыялісты вынеслі вердыкт: сітуацыя ў галоўным корпусе лякарні - перадаварыйная. З таго часу нічога, па сутнасці, не змянілася. Аб магчымых наступствах думаць страшна. Аднак неабходна, каб папярэдзіць бяду», — заяўлялася ў дзяржаўным выданні.

У публікацыі згадвалася праселая падлога. У некаторыя часткі будынка забаронены ўваход, каб не ствараць нагрузку на састарэлыя канструкцыі.

Што да здарэння ў гімназіі, то яно адбылося 29 жніўня 2014 году — напярэдадні навучальнага году. Пацярпелых не было. У навучальнай установе, якая мела пашпарт гатоўнасці, абрынулася сцяна. Цяпер будынак дэмантуюць. Узводзіцца новы.

Прычыны абрушэння дагэтуль не названыя. Вучні гімназіі размеркаваныя па школах райцэнтру.

←В Гомельской области около 3,5 тысячи человек задействованы на уборке снега

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика