Віншаванне біскупа Віцебскага Алега Буткевіча на Божае Нараджэнне
25 снежня каталіцкі свет адзначыць Раство Хрыстова. Прыводзім для вернікаў Віцебскай дыяцэзіі святочнае віншаванне біскупа Алега Буткевіча.
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, паважаныя жыхары і госці нашай сінявокай Бацькаўшчыны!
Хрысціянскі свет уваходзіць у святкаванне Вялікай Падзеі - Нараджэння Божага Сына. Падзея, якая перакрочвае межы часу, і мы не толькі ўспамінаем Нараджэнне Хрыста — мы зноў і зноў сустракаем з’яўленне Бога ў гэтым свеце. Такой ёсць наша вера. Вера ў Бога, няспынна прысутнага сярод нас — сёння ўжо не ў выглядзе чалавека, але які дзякуючы таму, што калісьці нарадзіўся як Чалавек, прагне заставацца з намі і ў нас. Мы — Яго Святыня. Нашае цела — Ягоны Храм, а душа — Яго Уласнасць.
Ці памятаем мы пра гэта сёння, калі столькі клопатаў паглынае наш час, а страх і непакой перапаўняюць душу? Ці, стукаючыся сёння ў нашае сэрца праз сумленне, Божы Сын можа разлічваць на прынамсі невялікі куток з зімнай падлогай, як у той бэтлеемскай стайні? Ці для нас гэта неабыякава? І няхай не будзе для нас перашкодай той факт, што нашае сэрца яшчэ не такое чыстае і ўтульнае. Хрыстус не прыйшоў, каб судзіць ці абвінавачваць нас. Ён прыйшоў ратаваць. Нам трэба толькі паверыць у Яго бязмежную Міласэрнасць, у Яго вялікую Любоў, дзякуючы якой яшчэ існуе гэты свет. Гэта вельмі важна.
Мы павінны сёння абудзіцца як хрысціяне, падобна тым пастушкам, што на заклік анёлаў пайшлі шукаць Нованароджанага Збаўцу ў Бэтлееме, каб наша вера магла ўратаваць гэты свет ад бяды. Бо толькі вера ў Бога, які ёсць Любоў, можа супрацьстаяць фанатызму, у імя якога і сёння яшчэ забіваюць людзей. Спыніць яго можа толькі ўсёпрабачаючая Божая Міласэрнасць, якая дзейнічае праз тых, хто ў Яе паверыў.
Няхай святло Бэтлеемскай зоркі пакажа нам шлях да тых каштоўнасцяў, якія падараваў нам Усемагутны праз Цуд у звычайнай палесцінскай стайні, а збудаванае на іх жыццё нясе радасць і супакой усім людзям добрай волі. Радасці святла і супакою ад Нованароджанага Збаўцы. Са святам!