"Панаехалі" па-гарадзенску: як дзве дзяўчыны кінулі горад, купілі дом у вёсцы і жывуць у згодзе з сабою
Шлях да шчасця ідзе проста па трасе М6. У пэўным месцы трэба збочыць, праехаць лесам, абмінуць вёску, школу, касцёл. Яшчэ адзін паварот і вось яно, месца, дзе жыхары адчуваюць сябе шчаслівымі, пiша «Твой стыль».
Год таму Лена Майсюк і Даша Іманава набылі дом на ўскрайку вёскі, а сёлета вясной туды пераехалі. Каб зразумець, як былыя гараджанкі радзяць з вясковым жыццём і паверыць, што шчасце тут ёсць, дастаткова правесці дзень у іх кампаніі.
З агароду прыгадзілася ўсё — нават карані сланечніка
Дзяўчаты знаёмяць са сваёй гаспадаркай, найперш з агародам. Паказваюць месцы, дзе вырошчвалі капусту, моркву, зеляніну і сланечнікі. Кажуць, што ўласная гародніна зараз ідзе ў харчаванне, у краме купляць не трэба. Агарод нечакана нават даў прыбытак. Зарабіць удалося на нарыхтоўцы, здавалася б, нікому не патрэбных рэчаў - каранёў ад сланечніка — што з"яўляюцца сыравінаю для лекаў.
Мінулай вясной першы раз садзілі агарод самі, і ён быў зусім невялікім. Але зараз патроху парадкуюць гаспадарку і сістэмна падыходзяць да планавання ўчастка. Паказалі «плантацыю», дзе размясцілі клубніцы, месца, дзе пасадзілі маладыя саджанцы яблынь, вінаградную лазы, парэчку, агрэст, маліну. Яблыкі са старых дрэваў, што растуць пры хаце, збіралі і гэтым годам.
«Праца на зямлі, канечне, цяжкая, — кажа Даша, — але мы ніколі не робім яе праз сілу. Калі стомленыя, то лепш спачатку адпачнем, каб потым працаваць у радасць».
Гарбата расце адразу ля дому
Ля вясковай хаты любая расліна мае сэнс, тлумачаць дзяўчаты. Мята і палын, што растуць уздоўж сцен, адпалохваюць мышэй, а язмін і ядловец напаўняюць паветра водарам. Многія зёлкі, з якіх зараз запарваюць гарбату, таксама растуць проста побач з хатай. Гэта чабор, іван-чай, некалькі відаў мяты, меліса, рамонкі, валошкі ды іншыя. Таксама ў гарбатку ідуць кветкі ліпы і язміну.
Увогуле, пра гарбату і зёлкі з дзяўчатамі можна гаварыць бясконца. Напрыклад, я даведалася, што травы яны не проста сушаць, а спачатку ферментуюць. Для гэтага падвяленыя сабраныя зёлкі асобым чынам перамінаюць рукамі, каб сок выйшаў на паверхню. Букет пахаў і смакаў ад ферментаванай гарбаты атрымліваецца значна багацейшым.
З палетаў можна збудаваць усё
Наступны важны ў вясковай гаспадарцы «аб'ект», гэта сарай. Тут захоўваюцца дровы і інструменты. Былыя гаспадары прадалі хату з усім, што ў ёй і каля яе было. Акурат у сараі валам ляжалі палеты. Зараз яны — матэр"ял для будаўнічай творчасці Лены.
Дровы ў сараі займаюць большую частку месца. Напярэдадні зімы іх нарыхтоўка была найважнейшым клопатам гаспадынь і хіба найвялікшым за астатні час выдаткам. На іх пакупку разам з дастаўкай пайшло трохі больш мільёна рублёў. Сябры з горада дапамаглі дровы распілаваць, я сячы іх Лена навучылася сама.
На вёсцы можна жыць амаль без грошай
Раннія прыцемкі прыспешваюць нас ісці ў хату — тут цёпла, светла і можна прытуліцца плячыма да кафлянай печы. Усяго ў хаце тры печкі, але пакуль няма маразоў паляць дзяўчаты толькі ў адной. Печ мае таксама духоўку, дзе гатуецца ежа.
Дзяўчаты сцвяржаюць, што жывучы на вёсцы амаль не ўжываюць грошай. «На месяц мы ўдваіх трацім каля 120 тысяч на прадукты, мяса не ўжываем, а гародніну маем сваю. Электрычнасць за два апошнія месяцы абышлася ў 40 тысяч, бо лампы ў хаце энергазберагальныя. Раз на год трэба плаціць зямельны падатак каля 150 тысяч. Практычна на гэтым расходы і скончваюцца».
На пытанні пра пакупкі новага адзення Лена адказвае, што не вельмі іх любіць: «Пакуль рэчы добрыя, я іх нашу. Вось тая сіняя куртачка [у каторай яна сустракала нас на вуліцы — аўт.] у мяне са школы». Галоўнае, каб адзенне было дабротным і адпавядала прызначэнню. Новыя і дарагія рэчы, што перыядычна набывае Лена, звязаны часцей за ўсё з падарожжамі. Сучасны лёгкі намёт, спальнікі ці спартыўны абутак каштуюць дорага, але ўсё роўна набываюцца — у асноўным за мяжой у спецыялізаваных крамах. Са словаў Лены, на такія пакупкі грошай не шкада. Калі іх робіш, то маеш адказ на пытанне «навошта», а калі ж адказу няма, то і купляць не варта. «Многае можна зрабіць самой, навошта купляць», — працягвае яна. З вандровак узгадвае апошнія — Грузія, Чачня, Турцыя. На Беларусі самым прыгожым месцам лічыць Сарачанскія азёры.
У час адной з вандровак, дарэчы, дзяўчыны і пазнаёміліся. Гэта было ў 2011 годзе ў Прыднястроўі. Даша ў мінулым годзе прыехала да Лены пагасціць… і засталася. Зараз ужо мае беларускі від на жыхарства.
Пакінула працу ў банку, каб займацца рамесніцтвам
Лена паступова прыйшла да асэнсаванага жадання жыць экалагічна: змяняла свае пабытовыя звычкі, дыету, адмовілася ад аўтамабіля на карысць ровара і аўтаспыну, пакінула працу ў банку і выкладанне ва ўніверсітэце, каб займацца рамесніцтвам, а ў рэшце і горад змяніла на вёску. Лена лічыць, што калі людзі доўгі час праводзяць на працы, то губляюць магчымасць творчага самавыражэння. Тады пакупкамі яны стараюцца кампенсаваць адсутнасць творчасці ў жыцці.
Зараз Лена мае больш часу для творчасці - гравіроўкі па шклу, фатаграфіі, падрыхтоўкі да заняткаў - яна вядзе курс па экалагічным ладзе жыцця для дзяцей і бацькоў. Таму і робіцца непатрэбным працэс бясконцых пакупак — няма неабходнасці ў заменах і кампенсацыях, калі ёсць у жыцці штосці вартае і сапраўднае.
Даша кажа, што таксама змяняе сваё жыццё ў больш экалагічны бок. Адмовілася ад традыцыйнай касметыкі і зараз выкарыстоўвае замест магазінных крэмаў толькі натуральныя алеі - какосавы ці эўкаліптавы. Адным з адкрыццяў вясковага жыцця называе магчымасць адмовіцца ад бальзаму для валасоў: «Калі пасля мыцця галаву апаласнуць халоднай вадой, то лускавінкі воласа закрываюцца і ён робіцца гладкім. У выніку — эфект як ад бальзама, толькі больш экалагічны, здаровы і танны».
Даша мае мастацкую адукацыю, займаецца жывапісам і робіць аўтарскія ўпрыгожванні. Кажа, што мастаку тут жывецца як найлепш — выйшла за парог і ўжо на пленэры.
Яна паказвае нарыхтоўкі пад будучыя ўпрыгожванні - высушаныя скуркі апельсінаў, галінкі, каменчыкі, засушаныя стракозы, матылі і нават змеі.
Высвятляецца, што нават кавалак апельсінавай скуркі не змарнаваны. Тое, што не пайшло на ўпрыгожванні, скарысталі для прыгатавання розных «міксавых» відаў гарбаты.
Заходзяць папіць чаю нават выпадковыя людзі
Спачатку родныя і сябры непакоіліся, што новае жытло далекавата ад горада. Аднак дзяўчаты складанасці не бачаць. Праз поле і лес да ўсяго некалькі кіламетраў, вадзіцелі ахвотна падвозяць. Сябры часта прыязджаюць у вёску пагасціць — хто аўтаспынам, хто на машыне. Бывае, што завітваюць на гарбатку нават выпадковыя знаёмыя, што падвозяць дзяўчат.
Знаёмыя настойліва даводзілі Дашы, што жыць па-за горадам яна не зможа. Але дзяўчына мела свой адказ: «Не трэба мне кажаць, чаго я не магу».
Лена з гэтай нагоды ўзгадвае гісторыю знакамітага чэшскага фатографа Ёзэфа Судэка, што па вайне купіў пад майстэрню дом у нязручным месцы на ўскрайку Прагі. Там да сёння існуе яго музей, а словы фатографа без рукі сталі знакамітымі на ўвесь свет: «Не месца упрыгожвае чалавека, а чалавек месца».