Апошні жыхар старых казармаў: як жыве былы бізнесмен, які стаў бамжом

Источник материала:  
07.12.2015 11:15 — Новости Общества

Гарадзенец Валерый ужо трэці год бадзяецца па вуліцы. Раней у яго было месца на рынку, кватэра і некалькі машын. Віной такіх глабальных перамен стаў алкаголь. Менавіта ён пакінуў паспяховага бізнесмена і ўважлівага мужа ў адзіноце ў старой закінутай казарме, пiша «Твой стыль».


Выходзіць у горад 54-гадовы гарадзенец саромеецца, бо баіцца сустрэць старых знаёмых. Асноўным месцам яго пражывання сталі закінутыя казармы ў цэнтры горада. Але і там яму жыць засталося зусім няшмат. На іх месцы хутка мае з’явіцца новы жылы комплекс.

Будаўнікі, якія працуюць на тэрыторыі былой ваеннай часткі, адгукаюцца пра мужчыну станоўча і кажуць, што яго на тэрыторыі практычна не бачна.


— Вунь бачыш разбітае шкло? Там ён і жыве. Мабыць, абед рыхтуе зараз, адчуваецца пах мяса, — кажа рабочы.

Сапраўды, пах смажанага мяса стаяў паблізу. Казарма, у якой жыве Валерый, мае жудасны выгляд. У большай частцы пабудовы няма даху і вокнаў. Сам бяздомны пражывае на другім паверсе. І я сапраўды застаў яго акурат за прыгатаваннем абеду.


— Сардэчна запрашаю на маю «Базу», у мяне сёння свініна, — з усмешкай сустрэў мяне Валерый. Вялікі кавалак мяса на шампуры рыхтаваўся на асмаленых цаглінах пасярод пакою. Абед Валерый знайшоў на бліжэйшай сметніцы.

— Ты не падумай, што я нейкі запушчаны валацуга. Вось, зазірні ў мой заплечнік.

Там сасіскі, смятана, какава і яшчэ некалькі добрых прадуктаў. Няўжо ўсё гэта можна знайсці на сметніку?

— І не толькі гэта. Людзі такое выкідваюць, што я нават ніколі не мог падумаць. Калі быць сумленным, то галодным не застаюся. Грошы, заробленыя на здачы металалому, я марную толькі на цыгарэты, і, як бы гэта сумна не гучала, на алкаголь.


Піць Валерый пачаў, калі яшчэ працаваў на рынку. Рэгулярныя сваркі ў сям'і скончыліся разводам. Жонка засталася жыць у кватэры, а Валерый ужо тады апынуўся без працы і без жылля. У надзеі выправіць становішча, былы прадпрымальнік паехаў на заробкі ў Расію, але там яму не ўдалося надоўга затрымацца і ён вярнуўся ў родны горад.


Ад першага шлюбу ў мужчыны застаўся сын, які цяпер жыве ў Штатах. Каб дапамагчы бацьку ў яго не стае часу.

— Я звязваўся не так даўно з ім. Там у яго зараз свае клопаты. Яшчэ ў Штатах жыве мая родная сястра, яна гатовая дапамагчы, але вось што мне дасць яе дапамога? Я ж цяпер інвалід.

Пасля працоўнай камандзіроўкі ў Расіі Валерый моцна злоўжываў алкаголем і аднойчы зламаў нагу. Зараз ён можа перасоўвацца толькі з мыліцай.

— Цяжка, а што зробіш? Жыць хочацца. Выпіваю, каб не было так самотна. Я не задаволены сваім становішчам, але каму я патрэбны такі інвалід? Калісьці быў патрэбны, у мяне было некалькі кропак на рынку «Паўднёвым», некалькі машын. За таварам я рэгулярна ездзіў у Варшаву. Бачыш, грошы і загубілі мяне.


Ад старога жыцця застаўся толькі гадзіннiк

Алкаголь і цыгарэты былы бізнесмэн купляе за грошы, заробленыя на здачы металалому. Напрыклад, сёння ён здаў больш кілаграма медзі, а гэта ўжо амаль 60 тысяч рублёў. Металу на тэрыторыі застаецца ўсё менш. Валерый разважае, што з надыходам халадоў на месяц можна будзе перабрацца ў начлежку на Карскага.

Раз у тыдзень гарадзенец ходзіць мыцца на Будзёнага. Сваю душавую, па зразумелых прычынах, ён не хоча выдаваць. Але кажа, што абмыцца ў цёплай вадзе цалкам рэальна нават такому валацугу. Па раніцах галіцца і мыцца мужчыне прыходзіцца дажджавой вадой. Гэта ён робіць штодня.


Ужо больш за паўгода з гаспадаром былога ваеннага клуба жыве i котка Маруся. Як распавядае Валерый, яна спачатку прыходзіла ў госці, а потым застался з ім жыць.

— На жыццё яна не павінна скардзіцца. Ежы ў яе дастаткова. А вось гасцей Маруся не любіць…


Яшчэ два гады таму ў былога прадпрымальніка была падпрацоўка, на якой можна было зарабіць нядрэнныя грошы. На тэрыторыі ваеннага гарадка знаходзіліся склады садавіны. Там часам можна было дапамагчы разгрузіць машыну і атрымаць грошы. Але i гэтым летам Валерыю атрымалася падзарабіць, разбiраючы цагліну.


— Прыязджалі прыватнікі ці людзі, якiя мелi патрэбу ў старой цэгле. Прасілі дапамагчы ў разборцы і чыстцы, за гэта плацілі добрыя грошы. У асноўным бралі жоўтыя, бо іх добра выкарыстоўваць у будаўніцтве каміна або печкі. Былі і тыя, хто вывозіў цэглу на рэстаўрацыю будынкаў у цэнтры горада.

Былую вайсковую частку Валерый ведае добра. Менавіта там у пачатку 2000-х служыў яго сын. Мужчына смяецца і кажа, што можа праводзіць экскурсіі па закінутай частцы. Кожны будынак ён вывучыў і можа назваць нават год пабудовы.


Валерый паказвае адну з лепшых казармаў з усяго гарадка

Пасля зімы гарадзенец плануе змяніць свой лёс. Лічыць, што разам са знесенай «базай» сыдзе і старое жыццё. Будучыня наступіць тады, калі новыя жыхары скажуць Валерыю: «Стары, твой час выйшаў». Да новага жыцця ён ужо рыхтуецца.


←В историческом центре Минска обрушилась стена здания 1850 года постройки

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика