У Бялыніцкім раёне захавалася старажытнае капішча багіні Мараны
Дахрысціянская абрадавая мясціна захавалася ў Бялыніцкім раёне, што на Магілёўшчыне. У яе энергетычную моц людзі вераць да сёння, прыносячы сюды свае просьбы і ахвяраванні.
За трыццаць кіламетраў ад райцэнтру паблізу вёскі Заазер’е малады сасоннік схаваў таямнічую мясціну зь вялікім крыжам і раскіданымі камянямі. Знаўцы старадаўняй культуры лічаць, што гэта ланшафтна-абрадавы комплекс, прысвечаны багіні Маране. Яму тысяча гадоў.
У цудадзейнасць мясціны некаторыя вераць і сёння. Тут пакідаюць абярэгі, прыносяць ахвяры, просяць дапамогі і знаходзяць супакой у цішы.
Пры лясной грунтовай дарозе ля вялікага каменнага крыжа пакладзена некалькі яблык і букет штучных кветак. На бліжэйшым дрэве павязаная чырвоная нітка, а крыху наводдаль — чырвоная стужка. Непадалёк ад крыжа — агарак свечкі. Навокал ні душы і цішыня.
За крыжам — заімшэлыя камяні рознай формы і памераў. Здаецца, што яны параскіданыя без аніякага ладу. На некаторых высечаныя крыжы і незразумелыя сімвалы. Каб убачыць іх, трэба ўгледзецца.
Пляцоўка густа парасла чарнічнікам. Пад нагамі храбусціць сучча. Нямала буралому. Ля аднаго з камянёў яміна. Наколькі яна глыбокая, вызначыць цяжка. Дно яміны прысыпанае апалай лістотай і суччам.
Калі пераходзіш ад каменя да каменя, не пакідае невытлумачальнае адчуванне, нібы дакранаешся да нечага незвычайнага. Мясціна не адпускае.
Да бліжэйшай вёскі Заазер’е — ня больш за тры кіламетры. На ўскрайку лесу высякаюць дрэвы. Заазерскія старыя хаты суседнічаюць з дыхтоўнымі дачнымі катэджамі. Вуліцы бязлюдныя.
Маладзейшыя вяскоўцы на пытанне пра таямнічую лясную мясціну з крыжам адказваюць каротка:
«Нічога пра яе ня ведаем. Пагаварыце са старымі».
Старажылаў у вёсцы засталося няшмат. Тыя, з кім удалося пагаварыць, казалі, што пра таямнічую мясціну ў сасонніку амаль нічога і ня ведаюць. У аповедах тутэйшыя яе называюць могілкамі.
«Паверце, і ў маёй маладосці, а гэта было больш як пяцьдзясят гадоў таму, пра гэтыя могілкі асабліва ніхто нічога не казаў. Мы туды хадзілі ў суніцы. Быў там сунічны барок. Мясціна тая не была такая зарослая, як цяпер», — апавядае адна з жыхарак Заазер’я.
«Цяпер шмат прыязджаюць ды пытаюць, што гэта за месца, — працягвае вяскоўка. — На нашы цяперашнія могілкі ня едуць, а вось туды, дык часта наведваюцца. Цяпер ужо і краязнаўцы прыязджаюць, а нашы людзі жылі побач і не цікавіліся. Вось цяпер я думаю, чаму маці не распытала. Яна пражыла 94 гады. Мо што і прыгадала б».
У Заазер’і параілі завітаць у недалёкую вёску Эсьмоны да краязнаўцы Таццяны Шастак. Запэўнілі: яна ведае пра лясную мясціну з крыжам.
Руплівіца мясцовай гісторыі назвала тры версіі паходжання таямнічага месца. Паводле адной — сасоннік хавае старадаўнія вясковыя клады. Паводле другой — гэта пахаванне французаў, якія загінулі ў далёкім 1812 годзе ў сутычцы з расейскімі войскамі. А пад крыжам нібыта пахаваны францускі генерал.
«Мая ж асабістая версія, і я яе трымаюся і ўсім кажу пра яе, — гэта старажытнае паганскае капішча. Месца пакланення дахрысціянскім багам. Калі ўгледзецца ў крыж, то бачна: ён некалькі разоў апрацоўваўся. Першапачаткова ён ня быў крыжам. Гэта быў каменны акруглы слуп-ідал. А абапал яго — меншыя камяні, на іх розныя значкі высечаныя», — кажа Таццяна Шастак.
У пацьверджанне свае версіі суразмоўніца згадала пра адзін з камянёў, на якім высечаны чалавек з лукам і стрэламі.
«Гэты знак кажа, што месца — не славянскі могільнік і не францускі. Навошта на могілках такія значкі? Камяні, якія паабапал цяперашняга крыжа, ня проста так раскіданыя. Калі прыгледзецца, дык можна ўбачыць пэўную сіметрыю. Акрамя таго, ёсць іншыя адбіткі на камянях. Напрыклад — ёсць адбітак следавіка».
На думку некаторых краязнаўцаў, кажа Таццяна Шастак, заазерскае капішча прысвечана славянскай багіні Мажане — ахоўніцы свету памерлых.
«Мясцовыя жыхары не староняцца гэтай мясціны, — кажа краязнаўца. — Іншым разам, калі ідзем міма яго, то бачым і цукеркі кінутыя, і хвартукі павязаныя. Чырвонымі ніткамі дубкі перахопленыя».
«Тыя, хто прыязджае туды, непакояцца: калі будзе раскрытая таямніца гэтай мясціны, дык яна страціць сваю загадкавасць. Таму сакрэт, які нам застаўся ад продкаў, няхай застанецца сакрэтам. Такая існуе думка», — заключае Таццяна Шастак.
Этнограф Янка Крук называе заазерскае капішча ландшафтна-абрадавым комплексам. Паводле адмыслоўцы, такі комплекс — адзіны ў Беларусі. Ён прысвечаны багіні Маране, кажа даследчык, якая выступае апякункай усіх жанчын. Мажана, працягвае ён, — дыялектнае імя багіні.
Комплексу тысяча гадоў, лічыць этнограф. У ім адбываліся магічныя абрады. У комплексе тры колы камянёў. Кожны адводзіўся пэўнай катэгорыі жанчын:
«У першым адбывалася пасвячэнне дзяўчат у статус нявест — тых, хто мог ствараць шлюб і працягваць род. У другім коле збіраліся жанчыны дзетароднага ўзросту і вырашаліся праблемы сямейнага кшталту. У трэцім коле збіраліся тыя жанчыны, якія скончылі прадаўжэнне роду, і тыя, хто станавіўся бабкамі-павітухамі. І там, на чале з галоўнай знахаркай таго рэгіёну, карэктаваліся праблемы нейкіх родавых момантаў, міжродавых стасункаў. Напрыклад, чаму ў сям’і няма дзяцей. Таму гэты комплекс найцікавейшы».
Пахаванняў на тэрыторыі комплексу няма, цьвердзіць Янка Крук. Гэтая мясціна толькі для рытуалаў і ахвяраванняў, кажа ён. Што да крыжа, то гэты сімвал, паводле даследчыка, дахрысціянскіх часоу.
Ландшафтна-абрадавы комплекс, на думку Янкі Крука, нелагічна закрываць для наведванняў.
«А чаму не дапусціць, што сярод турыстаў ня будзе чалавека, які зацікаўлены ў вырашэнні праблемаў свайго лёсу?», — кажа даследчык.
На згадку журналіста пра яміну, выкапаную ля аднаго з камянёў, Янка Крук адказаў:
«Гэта зло ад нашай галоты, а не ад багацця. Цяпер хлопцы купляюць пошукавую апаратуру і езьдзяць, каб знайсці манет, а за адну манету можна атрымаць у Маскве да тысячы даляраў. Тое, што там пачынаюць капаць, — гэта дужа кепска. Патрэбныя калектыўныя намаганні, каб знайсці спосаб ахоўваць тую мясціну. Аднак закрыць яе для наведванняў — гэта найвялікшае глупства».
Словы этнографа пацьвярджаюцца тапанімікай: урочышча, у якім схавана капішча, завецца Мажанай. Непадалёк вёска з той жа назвай. Цячэ тут і рэчка Мажана.
Паводле Янкі Крука, міталагічная постаць Мараны шырока вядомая ў вусна-паэтычнай спадчыне славянскіх народаў. У каляндарных абрадах яна лічылася ўвасабленнем памірання і ўваскрасення зямной плоднасці. Праз сугучнасць вымаўлення ў беларускай традыцыі Марана-Мажана асацыюецца з антрапаморфнай багіняй смерці.
Алесь АСІПЦОЎ