Бары, боўлінг і вакзал: куды пайсці і чым заняцца ў Гродне ноччу?
У вас бяссонніца? Жонка выгнала з дому? Вы «бачылі, як ад’язджае апошні трамвай» і хочаце гуляць усю ноч да ранку? «Твой стыль» падказвае, куды можна схадзіць і чым заняцца ноччу ў Гродне, не мерзнучы пры гэтым на вуліцы.
Кавярні і рэстараны
Рэстаран «Гродна» ў аднаіменнай гасцініцы працуе з 22.00 да 05.00 з аўторка па нядзелю. Паесці піцы (і не толькі) можна ў кафэ Н2О да 5.00 у пятніцу і суботу, да 2.00 — у іншыя дні. Да 6.00 можна завітаць у рэстаран у боўлінг-клубе «Метро».
Кругласутачна працуе фаст-фуд «Колобки» ў парку Жылібера. Галоўнае — не трапіць у санітарны перапынак, калі каларытная прыбіральшчыца выганяе ўсіх венікам і швабрай.
Бары
Амаль усе гарадзенскія бары ў буднія працуюць да 23.00 і 00.00, а ў выходныя — да 2.00. Калі вы хочаце затрымацца, ёсць 11 бараў, якія працуюць дапазна: Underground, «Лондон», «Корица», «Релакс», City, Dejavu, «Чемпи», «ФанЭра», «Паб 32», «Чарли» і «Пушкин».
Бар «Рэлакс» пазіцыянуе сябе як Gentlemen club і кожны дзень ладзіць жаночы ці мужчынскі стрыптыз. У City часта бываюць дзіджэі і танцы-танцы-танцы. Паспяваць караоке можна ў барах «ФанЭра» і «Пушкин». У бары «Корица» вы сустрэнеце мясцовых музыкаў, панкаў і фрыкаў. У «Лондоне» ўбачыце стылізацыю пад англійскую сталіцу, паслухаеце якасны брыт-поп і вып’еце прывезенага з Брытаніі эля. У кінабары «Чарли» скаштуеце пасля апошняга вячэрняга сеансу сушы і зап’еце кактэйлем. У «Чемпи» можна паслухаць кавэр-бэнды ды пакаштаваць неапалітанскую піцу або брускету. Ва ўсіх барах ноччу працуе кухня.
- Underground: сб — 12.00−4.00, астатнія дні - 12.00−2.00
- Лондон: пн-нд — 12.00−4.00
- Корица: пн-нд — 12.00−4.00
- Релакс: пт, сб 20.00−04.00, астатнія дні 20.00−02.00
- City: чц-сб 12.00−04.00, астатнія дні 12.00−01.00
- Dejavu: чц-нд 21.00−06.00
- Чемпи: пн-нд 16.00−04.00
- ФанЭра: пт, сб 20.00−05.00, нд 20.00−03.00
- Паб 32: сб 13.00−04.00, астатнія дні 13.00−02.00
- Пушкин: пн-пт 18.00−02.00, сб 15.00−06.00, нд 15.00−02.00
- Чарли: пн-нд 18.00−06.00
Клубы
З чацвярга па суботу ўсе клубы Гродна працуюць да 4 ці 6 гадзін раніцы.
Казіно
Буйныя казіно ў Гродне пазачыняліся, затое шматлікія гульнявыя клубы адкрыты кругласутачна. Праўда, яны і іх наведнікі рэгулярна трапляюць у зводкі міліцыі. Таму не рэкамендуем.
Начныя кінасеансы
Кіно — класічны від адпачынку. Хто сказаў, што ў кіно ходзяць толькі днём? Можна зладзіць рамантычную ноч для другой паловы, ці захапіць сяброў і ад душы пасмяяцца з камедыі. У кінатэатры «Усход» летась адчыніўся начны кіназал, дзе з 21.00 да 04.00 праводзяцца сеансы. Па пятніцах і суботах у кінатэатры зніжкі 30%. Таксама па пятніцах і суботах у «Чырвонай зорцы» ёсць сеансы на 23.30. Галоўнае — набраць столькі людзей, каб сеанс адбыўся (кажуць, калі менш за сем чалавек, то «кіна не будзе»).
Гульні
Nightcity — гэта хіба самы стары ў Гродне квэст, ён існуе з 2003 года. Іншы праект, Гарадзенскі Энкаўнтэр, дзейнічае з 2007. Кожныя два тыдні ў ноч з суботы на нядзелю каманды рухаюцца па горадзе і прыгарадах, выконваючы заданні, якія паступаюць па інтэрнэце. Ужо стала традыцыяй сустрэць у горадзе чалавека з ліхтарыкам, які шукае схваныя літары і лічбы. Можна далучыцца да ўжо існуючай каманды ці заснаваць сваю.
Па пятніцах можна пагуляць у настолкі. Клуб настольных гульняў «Партал» штопятніцы ладзіць начныя гульнятэкі. Гульні самыя розныя — на рэакцыю, на асацыяцыі, з карткамі, з фішкамі. У клубе рэгулярна з’яўляюцца навінкі.
Боўлінг
Да 02.00 пагуляць можна ў забаўляльным цэнтры «Галактыка», да 06.00 — у боулінг-клубе «Метро».
Вакзалы
Гродзенскі аўтавакзал працуе кругласутачна, з перапынкам з 02.00 да 04.00. Каб падсілкавацца, там ёсць толькі аўтамат з прысмакамі і кавай.
На чыгуначным вакзале значна камфортней. Хоць і кажуць, што пасля рэстаўрацыі там стала менш месцаў, пасядзець і нават паляжаць атрымаецца. Унізе ёсць крама і кава-аўтаматы. На вакзале ёсць нават своеасаблівы хостэл — вельмі танныя пакоі адпачынку, пра якія можна спытаць у даведцы. А можна проста сядзець, піць каву з аўтамата, слухаць гудкі адыходзячых цягнікоў і думаць пра вечнае.