У Магілёве беларускі часнок бароняць ад кітайскага

Источник материала:  
12.11.2015 11:03 — Новости Общества

У Магілёве актывіст прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасці Аляксей Паўлоускі пачаў збіраць подпісы пад зваротам, каб вярнулі ў продаж беларускі часнок.

У Магілёве беларускі часнок бароняць ад кітайскага

Магілёвец цьвердзіць: мясцовыя крамы прадаюць толькі прывазны — кітайскі. У тым, што няма беларускага, ён вінаваціць міністра сельскай гаспадаркі і просіць прыцягнуць яго да адказнасці. Сваю кампанію збору подпісаў прафсаюзнік назваў «За беларускі часнок».

Аляксей Паўлоускі пачаў збор подпісаў ля адной з крамаў перыферыйнага спальнага раёну абласнога цэнтру. Мясцовыя жыхары зь неахвотаю падпісваліся пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі ды дэлегатаў пятага Усебеларускага народнага сходу. Пры гэтым многія, каго актывіст прасіў распісацца, абураліся, што беларускага часнаку няма ў продажы.

«Як вы лічыце, ці нармальная такая сітуацыя, калі да выбараў беларускі часнок каштаваў 25 тысяч рублёў, а потым ён знік, і цяпер прадаецца толькі кітайскі па шэсцьдзесят тысяч?», — запытваў Аляксей Паўлоўскі мінакоў.

«Гэта няправільна. Нам кітайскае не патрэбнае, — адрэагаваў на пытанне актывіста мужчына сталага веку. — У нас свая зямля урадлівая, і пажадана мець усё сваё».

«Можа, яны вязуць куды наш часнык прадаваць? — выказала меркаванне наступная суразмоўніца Паўлоўскага. — Я ў краме ўсё кітайскі бачу. Свайго ніколі ня бачыла, толькі на базары бабкі гандлююць ім».

«Дык а чаму яго няма?», — запыталася сама старая ў Паўлоўскага.

Зварот да кіраўніка дзяржавы Аляксей Паўлоускі напісаў з іроніяй. Адсутнасць беларускага часнаку ў продажы актывіст называе «дыверсіяй супраць беларускага народу і аўтарытэту наноў абранага прэзідэнта».

«Для чэснага беларуса часнок, як скварка і чарка, як боршч і шклоўскія гуркі, — нацыянальны прадукт, —
цытуе актывіст фрагмент свайго ліста. — Без часнаку і пальцам пханая каўбаса — не каўбаса. Часнок таксама панацэя ад грыпу і вампіраў, якія ў Беларусі ня рэдкасць».

Нямала было мінакоў, якія падпісаліся, але задуму Паўлоўскага лічылі дробязнай. На іхную думку, у мікрараёне, дзе яны жывуць, існуюць больш важныя праблемы. Напрыклад, кепскія дарогі.

«Я, вядома ж, падпісалася, бо гэта непарадак. Але лепей прайдзіце па раёне і паглядзіце, якія ў нас дарогі. Пасля дажду не прайсці па ім ад дома да дома, — абураецца адна з жыхарак раёну. — А часнок… Дык у кожнага другога цяпер дача. Каму трэба, той галоўку часнаку купіць за любыя грошы. А вось морква сёлета не ўрадзіла і ў крамах дарагая. Але чаму яна дарагая? Мы ж вырошчваем сваю, беларускую».

Ніводзін зь мінакоў не назваў Паўлоўскаму, хто ж вінаваты ў тым, што беларускаму часнаку заступіў дарогу ў беларускія крамы кітайскі. Сам актывіст тлумачыць сваю ініцыятыву тым, што яму сорамна, што няма ў продажы часнаку. Прафсаюзнік вінаваціць у гэтым чыноўнікаў.

«За беларускі часнок я стаў збіраць подпісы, бо сорамна мне і жыхарам нашай краіны, што пры такой элегантнай перамозе ў прэзідэнцкіх выбарах празявалі нашы чыноўнікі высадку такога простага прадукту, які нават не баіцца замаразкаў, і цяпер закупляюць задорага і прадаюць нашым жыхарам. Інфляцыя, яны запэўніваюць, замалая, але пасля выбараў цэны на часнок выраслі ў два з паловай разы».

У гароднінных крамах і сапраўды айчыннага часнаку на паліцах няма. Гандлююць кітайскім. У некаторых гэтага прадукту наагул няма. Крамніцы тлумачаць: буйныя гаспадаркі часнок не вырошчваюць.

«На сённяшні дзень у нас няма часнаку. Ёсць цыбуля, морква, буракі, акрамя часнаку», — каротка адказала прадавачка адной з гароднінных крамаў Магілёва.

Ейная каляжанка зь іншай крамы была больш гаваркая. На пытанне, ці ёсць у продажы беларускі часнок, адказала: «Ён быў, але хутка скончыўся. Чаму ў нас не вырошчваюць яго? Вырошчваюць — фермэрскія гаспадаркі. Цяпер у нас ёсць часнок, але кітайскі. Я ня памятаю, колькі каштаваў наш беларускі, але кітайскі — 60 тысяч. Гэта нават танней, чым бабулькі прадаюць на базары».

У фермерскіх гаспадарках кажуць, што сёлета часнок не урадзіў. У адной з такіх гаспадарак, даведаўшыся пра збор подпісаў у абарону беларускага часнаку, адрэагавалі так: летась трэба было збіраць подпісы, каб беларусы куплялі айчынны часнок, бо ён тады ўрадзіў, і фермеры ня ведалі, куды яго падзець, а цяпер няма чаго прадаваць.

«Культура гэтая выгадная, але сёлета засуха сваю ролю адыграла. Сёлета ўраджай ніякі. Падгарэла ўсё, і часнок найперш, — тлумачаць сітуацыю адна з фермерак. — Летась было дужа шмат часнаку, і яго ніхто не хацеў браць. Нашы людзі паспелі прывыкнуць да прыгожага і добрага. Кітайскі часнок з выгляду прыгожы, бялюткі, а наш беларускі саступае яму па таварнасці».

За першы дзень Аляксей Паўлоускі сабраў больш за семдзесят подпісаў у абарону беларускага часнаку. Пасля збору подпісаў у мікрараёне актывіст паехаў у цэнтр гораду. Паводле прафсаюзніка, там людзі актыўней заступаліся за беларускі прадукт.

Зварот з подпісам, акрамя Аляксандра Лукашэнкі і дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, атрымае, кажа Паўлоускі, і Лідзія Ярмошына. Паводле актывіста, яна забяспечыла перамогу Лукашэнкі на выбарах, пасля якіх знік з крамаў беларускі часнок.



Алесь АСІПЦОЎ

←Вильянин хутор и Шлях Тышкевiча. Пять причин побывать в Вилейке

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика