"Чорны кот" за кратамi. У Маладзечна мiлiцыя нарэшце затрымала арганiзатара наркабізнесу
Iнтэрнэт-краму па продажы наркотыкаў зачынілі. Цяпер справа разглядаецца ў судзе. Калі абвінавачанага прызнаюць вінаватым, яму пагражае больш за дзесяць гадоў зняволення.
Па версіі следства, наркадылер зарэгістраваўся ў інтэрнэце пад нікам Чорны Кот.
Сярод наркаманаў інфармацыя пра тое, дзе можна дастаць наркотык, распаўсюджваецца імгненна. Таму ў прадпрымальнага маладзёна хутка з’явілася шмат кліентаў, распавёў начальнік аддзела па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Дзмітры Сухоцкі.
— Асноўнае, на чым трымаўся гэты бізнес — ананімнасць, — распавядае Дзмітры Сухоцкі. — Мы мелі нік, але хто гэта? Правяралі яго ад 2013 года, сёлета ў красавіку затрымалі.
Следчы мяркуе, што, хутчэй за ўсё, маладзечанскія падлеткі даставалі наркотыкі менавіта праз яго. Дылер наняў на працу «мінёраў», якія раскладвалі па горадзе так званыя «закладкі», пакецікі з наркотыкам. Грошы ішлі Кату на электронны кашалёк. Калі яму прыходзіла інфармацыя пра новыя грашовыя паступленні, ён скідваў праз інтэрнэт «мінёру» адрас «закладкі».
— «Мінёраў» затрымаць складана, яны не сустракаюцца адзін з адным. Перадаюць наймальніку залог, а потым атрымліваюць заробак у выглядзе «закладкі». Яны не ведаюць свайго «шэфа», ён не ведае «закладчыкаў», — тлумачыць Дзмітры Сухоцкі.
Пад абвінавачанага маладзёна пачалі «капаць», калі паступіла інфармацыя, што, хутчэй за ўсё, менавіта ён — Кот. Следчы кажа, што калі перадавалі матэрыялы ў суд, ужо былі відэазапісы, на якіх бачна, як менавіта гэты хлопец здымае грошы з карткі Чорнага Ката.
Зарабляў ён шмат. Мог атрымаць некалькі тысяч долараў цягам месяца. Але пры затрыманні вялікіх грошай у яго не было.
— Куды спусціў? Кажа, на прыгожае жыццё: дарагія тэлефоны, падарункі дзяўчатам. Гэты хлопец няпросты, дзейнічаў хітра. Тры месяцы працаваў, два — адпачываў, — заўважае Дзмітры Сухоцкі.
Калі абвінавачанага затрымалі, ён ужо жыў у Мінску. Вучыўся завочна, працаваў на заводзе.
Следчы кажа, што сам хлопец наркотыкі не ўжываў. Аднойчы паспрабаваў, ледзьве не аддаў канцы, і вырашыў больш не эксперыментаваць.
Калі б следчыя даказалі, што абвінавачаны ведаў, што ў яго набываюць наркотыкі непаўнагадовыя, яму б пагражала да 25 гадоў пазбаўлення волі. Аднак, хутчэй за ўсё, хлопец не ведаў, каму прадаваў. Тым не менш, тэрмін яму пагражае вялікі. Цяпер справа на стадыі завяршэння разгляду ў судзе.