З дрэў у Маладзечне нехта здымае кару, каб яны загінулі
У двары дома № 9 па вуліцы Касманаўтаў хтосьці здымае палосы кары на 5−10 сантыметраў каля кораня. Пасля гэтага дрэвы могуць засохнуць, і ЖРЭУ давядзецца іх спілоўваць.\

Частка жыхароў падазрае ў гэтым некаторых жыхароў з суседняга дома № 11, які месціцца насупраць. Нашы чытачы абураюцца:
— Як могуць замінаць дрэвы? Калісьці жыхары дома № 9 адкуль маглі прывозілі саджанцы і высаджвалі ў сваім двары. Многіх з тых, хто садзіў дрэвы, ужо няма сярод жывых, бо дом здалі ў 1969 годзе. Для іх дзяцей і ўнукаў гэта памяць. А цяпер такім варварскім чынам губяць ліпы, клёны і бярозы, нехта іх псуе. Сёння яны псуюць дрэвы, а што ім будзе замінаць заўтра? Мы заклікаем не заставацца раўнадушнымі да гэтага варварства і вандалізму над прыродай горада.
Лёс дрэў вырашаць вясной
У ЖРЭУ № 6 пра гэту праблему ведаюць. Майстар Вольга Гутнік пацвердзіла, што жыхары звярнуліся і да іх. Яна патлумачыла, што камунальнікі былі на месцы. Відаць, што падпілы старыя, ужо засохлыя. Пакуль дрэвы жывыя і пілаваць іх няма прычыны. Калі яны за зіму ссохнуць, то давядзецца спілаваць.
— Мы пыталіся ў жыхароў, ці бачылі яны, хто шкодзіць дрэвы, але ніхто не дапамог знайсці адказнага, — распавядае майстар. — Хутчэй за ўсё, цень ад гэтых дрэў замінае камусьці з жыхароў. Але за пашкоджанне дрэў прадугледжаная адказнасць, тым больш што яны месцяцца на тэрыторыі горада. Нам самім даводзіцца аформіць мноства дакументаў, каб пасля прыехала камісія, і толькі пасля гэтага, пры неабходнасці, дрэва, якое можа пагражаць бяспецы, можна было спілаваць.

Майстар удакладніла, што вясной зелянгас спілоўваў толькі дрэвы ў аварыйным стане, ад якіх пры моцным ветры маглі б адарвацца сухія галінкі. Лёс жа дрэў са знятай карой вырашаць па вясне.
У юрыдычным сектары «Камунальніка» патлумачылі адказнасць за пашкоджанне дрэў ці іншых насаджэнняў. Яе прадугледжвае артыкул 15.22 Адміністрацыйнага кодэкса «Незаконнае знішчэнне ці пашкоджанне дрэў і кустоў ці іншай расліннасці». За гэта фізічныя асобы могуць атрымаць штраф ад пяці да 50 базавых велічынь (ад 900 тысяч да 9 мільёнаў рублёў).