Мінкульт: капліцу XIX стагоддзя ў Віцебску могуць перадаць католікам для аднаўлення
Міністэрства культуры адмовіла ў наданні будынку капліцы Дуніных-Слепсцяў статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, але паведаміла, што дом могуць перадаць для аднаўлення Віцебскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкага касцёла.

У адказе ад імя намесніка міністра культуры Аляксандра Яцко паведамляецца, што будынак былой капліцы на вуліцы Урыцкага, 25/4 у Віцебску страціў свае гістарычныя асаблівасці, і таму пытанне аб наданні яму статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці не можа быць вынесена на разгляд Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны.
Намеснік міністра культуры адзначае, што знешні выгляд будынка пасля ранейшых рэканструкцый адрозніваецца ад гістарычнага. Перабудова змяніла аб’ёмна-прасторавае рашэнне капліцы, яна страціла першапачатковае аблічча і адметныя архітэктурныя элементы на фасадах.
«У адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 20 Закона „Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь“ рашэнне аб неабходнасці надання матэрыяльным аб’ектам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці можа быць прынята толькі ў адносінах да аўтэнтычнага ці рэстаўрыраванага ў адпаведнасці з навукова-праектнай дакументацыяй матэрыяльнага аб’екта. Пры гэтым з часу першапачатковага стварэння нерухомага матэрыяльнага аб’екта павінна прайсці не менш чым 40 гадоў і ён павінен быць поўнасцю або не менш чым на 90 працэнтаў адноўлены ў адпаведнасці з гістарычнымі данымі на ранейшым месцы», — гаворыцца ў лісце.
Мінкультуры таксама паведамляе, што зараз прапрацоўваецца пытанне аб перадачы будынка на баланс Віцебскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкага касцёла для далейшага яго аднаўлення.
Аднак пункт 3 артыкула 19 Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» гаворыць, што рашэнне аб наданні выпадкова выяўленаму аб’екту статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці або аб адсутнасці неабходнасці надання яму такога статусу можа прымаць толькі навукова-метадычная рада.
Згодна з пунктам 2 гэтага артыкула, павінны быць безадкладна прыпыненыя работы або іншая дзейнасць, якія могуць аказваць уздзеянне на выпадкова выяўлены аб’ект, і прынятыя меры па яго захаванню. Мясцовыя ўлады ў такім выпадку павінны ў двухдзённы тэрмін паведаміць пра аб’ект у Міністэрства культуры.
Адтуль, не пазней чым праз тры дні, павінен прыбыць прадстаўнік. Пасля агляду на месцы ён выдае пісьмовае прадпісанне, у якім вызначае часовы рэжым утрымання аб’екта з указаннем тэрміну яго дзеяння. Пры відавочнай беспадстаўнасці меркавання аб наяўнасці ў аб’екта адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей эксперт складае акт аб іх адсутнасці. Прыпыненыя работы або іншая дзейнасць аднаўляюцца толькі з пісьмовага дазволу Міністэрства культуры.