Размеркаванне і суд. Бясплатнае навучанне абышлося даражэй за платнае ў сем разоў

Источник материала:  
05.11.2015 18:46 — Новости Общества


У Магілёве выпускніца каледжа не пажадала працаваць у арганізацыі, якая яе накіравала вучыцца. Дзяўчына парушыла дамову аб мэтавым размеркаванні і яе праз суд абавязалі сплаціць выдаткі, звязаныя з вучобаю. У судах высветлілася, што бясплатнае навучанне абыходзіцца даражэй за платнае — у сем разоў болей.

Размеркаванне і суд. Бясплатнае навучанне абышлося даражэй за платнае ў сем разоў

Магілёўскі прафесійна-тэхнічны гандлёвы каледж спажыўкааперацыі

Ірына Кавалёва адвучылася год і чатыры месяцы ў Магілёўскім прафесійна-тэхнічным гандлёвым каледжы спажыўкааперацыі. З матэрыялаў судовай справы вынікае, што накіравала яе на вучобу гандлёвае прадпрыемства «Магілёўская міжрайбаза». Зь дзяўчынай заключылі трохбаковую дамову. Выпускніца мелася адпрацаваць год, гэтак было пазначана ў дамове.

Кавалёва цьвердзіць: тэрмін навучання ў рэкламных абвестках, якія яна праглядала, выбіраючы месца вучобы, быў 10 месяцаў, і гэта паўплывала на яе рашэнне, дзе вучыцца. Праз тры месяцы вучобы ёй стала вядома, што вучыцца яна мусіць шаснаццаць месяцаў замест дзесяці. Яе гэта не задавальняла, але сысці з навучальнай установы не было куды, і яна засталася. А па сканчэнні каледжа на працу ў Міжрайбазу не з'явілася.

Прадпрыемства звярнулася ў суд, каб Кавалёва аплаціла кошт навучання — больш за 26 мільёнаў рублёў. Яшчэ да суду былая выпускніца выплаціла больш за 13 мільёнаў, каб пазбегчы прэтэнзіяў з боку Міжрайбазы і навучальнай установы, але іх не хапіла.

«Я разлічвала гэтую суму з таго, колькі плацяць мае аднакурснікі за навучанне на платнай аснове, — тлумачыць былая выпускніца каледжа. — Меркавала, што не намнога будзе розніца. Але атрымала рахунак з выдаткамі ў сем разоу большы. Гэта проста абсурд. Платнікі плацілі крыху больш за тры мільёны, а мне трэба амаль 27 мільёнаў. Цяпер жа ў іх навучаюцца платнікі за 6 мільёнаў».

З гэтых шэсці мільёнаў дзяўчына і зыходзіла, калі вылічвала выдаткі на сваё навучанне разам са стыпендыямі. «Нават мільён пераплаціла», — кажа Кавалёва.

І Ленінскі раённы суд Магілёва, і абласны суд падтрымалі пазыцыю апанентаў Ірыны Кавалёвай. Паводле іх рашэння, былая выпускніца знаёмілася з дамоваю, яе падпісала, і акалічнасці навучання былі ёй вядомыя.

Размеркаванне і суд. Бясплатнае навучанне абышлося даражэй за платнае ў сем разоў

Магілёўскі абласны суд

Сама ж Кавалёва лічыць, што суды абышліся зь ёю несправядліва. Дзяўчына настойвае, што ня ведала пра падаўжэнне тэрмінаў навучання. Увагу журналіста засяроджвае на супярэчнасцях.

«Суды не прынялі да увагі, што дамова была заключаная са мной у ліпені, а рашэнне пра падаўжэнне тэрміну навучання было прынята ў жніўні. І на момант заключэння дамовы мне не маглі сказаць пра гэтую акалічнасць», — даводзіць Ірына Кавалёва.

Паводле былой выпускніцы каледжа, яшчэ адной прычынай невыканання дамовы стаў памер заробку:

«У мяне ёсць папера пра мой аклад у 500 тысяч рублёў з капейкамі. Гэта адна з прычынаў».

На судзе прадстаўніца арганізацыі, куды мелася прыйсці на працу Кавалёва, назвала суму заробкаў непраўдзівай. Прадстаўнікі ж навучальнай установы заявілі, што параўноўваць кошт платнай формы навучання зь бясплатнай — няслушна.

Бясплатнае навучанне, паводле іх, улічвае «фактычныя затраты на падрыхтоўку спецыяліста». Платнае навучанне стратнае. Навучальная установа ня можа падвышаць на яго кошт, бо на гэта дзейнічае мараторый.

Апаненты Кавалёвай даводзілі суду, што ў выпускніцы была магчымасць скасаваць дамову, але яна гэтага не зрабіла. Паводле іх, пра тэрміны навучання былая выпускніца ведала. Прычынаў нез'яўлення на працу не патлумачыла.

У гутарцы з журналістам прадстаўніца Міжрайбазы пагадзілася, што судовая цяжба з Кавалёвай — прэцэдэнт. Паводле суразмоўніцы, ужо былі выпадкі, калі выпускнікі навучальнай установы не з'яўляліся, як і Кавалёва, на месца працы. «Але такіх было няшмат», — заўважыла яна. Будучыя выпускнікі, дадала юрыстка, звяртаюць увагу на патрабаванні дамовы, тэрмін навучання і памер выдаткаў.

«Сапраўды, навучанне платнае, бясплатнае і метавае па сумах аплаты будзе адрознівацца. Гэта звязана з тымі затратамі, якія устаноўленыя нарматыўнымі дакументамі. Зразумейце, сама навучальная ўстанова нічога не вызначае. Ёй даводзіць спецыяльныя нарматывы міністэрства ці ведамства, і зыходзячы з гэтага сума разлічваецца. Усё гэта робіцца ў межах закону. Нічога незаконнага тут няма», — зазначыла прадстаўніца ад Міжрайбазы.

Што да Ірыны Кавалёвай, то, хутчэй за усё, яна будзе вымушана выплаціць усю суму. Хоць у гутарцы з журналістам яна сказала, што яшчэ пазмагаецца.



Алесь АСІПЦОЎ

←Строительство метро в Минске стало поводом спилить деревья на Мельникайте

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика