"Яна будзе лячыць целы, а я душы". У Гродне ўпершыню за 200 гадоў жэніцца лютэранскі пастар

Источник материала:  
22.10.2015 16:19 — Новости Общества

Вяселле пастара — унікальная з’ява для Гродна, бо яно першае за больш чым 200-гадовую гісторыю лютэранскага храма. Ад 1793 года, калі ў мясцовых лютэран з’явілася першая кірха, святары прыязджалі сюды ўжо сямейнымі людзьмі. З таго часу ў Гродне служылі восем пастараў. Уладзімір Татарнікаў дзявяты ў пераліку і першы, хто будзе вянчацца ў кірсе, дзе ён сам служыць.


Хрэсьбіны ў лютэранскай кірсе. Вядзе цэрымонію пастар Уладзімір Татарнікаў. Але хутка ў святара будзе нагода на адну службу саступіць гэта месца — зараз ён рыхтуецца аказацца з іншага боку алтара, дзе будзе стаяць у якасці жаніха разам са сваёй выбранніцай.

Вянчанне прызначана на 24 кастрычніка і пачнецца ў 16.30. Для правядзення шлюбнай цырымоніі з Масквы прыедзе архіепіскап лютэранскай царквы Дзітрых Браўн. Уладзімір адзначае, што візіт святара такога ранга вельмі пачэсны і для его асабіста, і для гарадзенскай абшчыны.

Само вянчанне ў лютэран не з’яўляецца таінствам, як у католікаў ці праваслаўных. «Мы проста збіраемся разам, каб памаліцца і папрасіць у Бога блаславення для новай сям'і», — кажа Уладзімір. Ён тлумачыць, што ніводзін абрад, у тым ліку вянчанне, не ў стане змяніць чалавека, надаць яму новыя рысы: «Людзі не робяцца ідэальнымі проста ад таго, што павянчаліся. Мы разумеем, што ў жыцці любой маладой сям'і будуць і канфлікты, гэта нармальна. Канфлікт гэта шлях развіцця, магчымасць навучыцца саступаць і дараваць адно аднаму. Таму і просім Божай дапамогі маладым».


Пастар Уладзімір Татарнікаў ведае, што нават самыя салодкія «мядовыя» моманты і самыя важныя царкоўныя абрады не могуць зрабіць чалавека ідэальным. На шлюб ён не просіць збавення ад выпрабаванняў, але разам з усімі вернікамі будзе звяртацца да Бога за блаславеннем, падтрымкай і дапамогай.

Па словах Уладзіміра, лютэранская царква ставіцца да вясельнага абрада проста і дэмакратычна, каб людзі, ідучы да алтара, не адчувалі сябе скавана. Да жаніцьбы пастара таксама няма «дадатковых» абмежаванняў ці патрабаванняў. Не паўплывае шлюб і на яго палажэнне ў царкве. Статус зменіцца толькі ў пашпарце.

Пра будучую жонку Уладзімір кажа, што яго «другая палавіна» самая прыгожая, самая абаяльная і самая прывабная — толькі такой можа быць дзяўчына, што заняла ганаровае месца ў сэрцы. З боку царквы да жонкі пастара ніякіх умоваў няма. Выбраніца Уладзіміра зараз мае праваслаўнае веравызнанне, але гэта не перашкаджае маладым абвянчацца ў кірсе. Хаця сталых абавязкаў для жонкі святара царква не прадугледжвае, Уладзімір упэўнены, што яна не застанецца ў баку ад жыцця абшчыны. «Яна медык, зараз інтэрн, будзе лекарам агульнай практыкі. Яе жыццёвы і прафесійны абавязак — дапамагаць людзям. Гэта будзе запатрабавана і ў царкве, прыхажане напэўна звернуцца за парадамі». Пастар адзначае, што іх тандэм атрымліваецца вельмі сімвалічным: «Яна будзе лячыць целы, а я душы».

Вяселле, са слоў Уладзіміра Татарнікава, будзе «як ва ўсіх, звычайнае, з сустрэчамі і выкупамі». Строі таксама будуць такімі, як звычайна бачаць у нашай мясцовасці: маладая ў белай сукенцы, малады ў гарнітуры максімальна набліжаным да класікі.

Незвычайным ён называе тое, што ні сам, ні яго будучая жонка не з’яўляюцца ўраджэнцамі ці сталымі жыхарамі горада: «Я прыехаў з Віцебска, а яна з Брэсцкай вобласці». Аднак лютэранскі храм ёсць толькі ў Гродне, таму радню і сяброў з абодвух бакоў маладыя запрашаюць сюды. Госці прыедуць не толькі з Беларусі. Іх чакаюць з Іркуцка, Камчаткі, Ізраіля. «Трэба ўсіх размясціць, усё прадугледзець, і калі няма мясцовых сваякоў, гэта складана», — кажа Уладзімір. Але сябры, што з’явіліся ў «маладога» пастара за пяць гадоў службы, дапамагаюць — хто транспартам, хто аксесуарамі для ўпрыгожвання залы, хто яшчэ чым. «Гэта як добрая адзнака маёй працы. Вельмі прыемна, што людзі гатовы падтрымаць».


Гісторыя і сучаснасць лютэранскай абшчыны багатая на падзеі, таму не толькі лютэране ў Гродне ведаюць пастара Уладзіміра Татарнікава. Плён яго працы — рэстаўрацыя храма, новы арган, дабрачынныя канцэрты — вядомы многім гараджанам. Але ў гісторыі гарадзенскай кірхі ён застанецца яшчэ і першым пастарам, што браў тут шлюб.

Наконт «паслявясельных» планаў Уладзімір кажа, што жыццё і праца будуць ісці сваім шэрагам. Жонка пакуль паедзе ў Брэстскую вобрасць, працягваць інтэрнатуру, сам ён зоймецца царкоўнымі і арганізацыйнымі справамі, бо ўжо на лістапад у кірсе запланаваны новыя канцэрты камернай і арганнай музыкі.

Надалей, «калі Гасподзь не прызаве служыць у іншым месцы», сям’я мае намер застацца жыць у Гродне.

←Бакиев: я заслуживаю критики, но не охаивания

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика