Беларуская арганістка, якая выступіла ў Нотр-Даме: "У нас амаль згубілі культуру арганаў"

Источник материала:  
15.10.2015 17:48 — Новости Общества

Ксенія Пагарэлая, арганістка з полацкага Сафійскага сабору, стала першым грамадзянінам Беларусі, які выступіў з канцэртам у парыжскім саборы Нотр-Дам. У інтэрв'ю Радыё Свабода яна распавяла, чаму не хоча з’язджаць за мяжу і дзе працуюць у Беларусі арганісты.


Фота: svaboda.org

Юрий Зиссер реставрирует для Минска орган, который 50 лет служил в музыкальной школе декорацией

— Вы нарадзіліся і атрымалі музычную адукацыю ў Расіі. Якім чынам вы апынуліся ў Полацку?

— Я нарадзілася ў Краснадары, там вучылася ў музычнай школе і музычнай вучэльні. Пасля скончыла Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю як піяністка і арганістка. А ў 1985 годзе пабудавалі арган у полацкім Сафійскім саборы. Арганісткай там была мая знаёмая. У 1988 годзе яна з’ехала з Полацку, а мяне ўзялі на яе месца. Я вельмі хацела трапіць у Полацк. Такім чынам, у Сафійскім саборы я працую ўжо 28-мы год. І хоць нарадзілася я ў Расіі, грамадзянства маё беларускае. І ўсюды, калі бываю за мяжой, прадстаўляю Беларусь, вязу беларускую музыку і распавядаю ўсім пра Беларусь, пра Полацк і пра наш Сафійскі сабор.

— Вы чакалі чатыры гады, перад тым як ваша заяўка на канцэрт у Парыжы была зацверджаная. Чаму так прэстыжна для арганіста даць канцэрт у саборы Нотр-Дам?

— Там цудоўны арган, гістарычны інструмент, яму 450 гадоў. Але той стан, у якім ён знаходзіцца, — заслуга майстра аргана другой паловы ХIХ стагоддзя Арыстыда Кавайе-Коля. Гэты майстар распачаў новую эпоху ў арганабудаўніцтве, узбагаціўшы арган рэгістрамі, якія яскрава дэманструюць сімфанічныя магчымасці інструмента. У аргане, які знаходзіцца ў саборы Нотр-Дам, 5 мануалаў, 121 рэгістар, больш за 10 тысяч труб.

— Наколькі строгія былі патрабаванні да праграмы канцэрту, які вы прывезлі ў Парыж? Ці была магчымасць зайграць нешта беларускае?

— У 37-хвілінным канцэрце я грала твор беларускай кампазітаркі Ганны Кароткінай. Выканала яе «Малітву» з сюіты «Фрэскі». На жаль, паводле ўмоваў сучасная музыка павінна складаць не больш за 15% праграмы. Але тым не менш гэты кароткі твор прагучаў вельмі ярка і эмацыйна. Я шмат грала арганныя творы Ганны Кароткінай, і цяпер магу сказаць, што на аргане Нотр-Даму яны гучаць найлепш.

Увогуле я атрымала вялізнае задавальненне ад таго, што зайграла ў гістарычным месцы на гістарычным інструменце. Маімі слухачамі былі каля 2000 чалавек. Нотр-Дам — гэта вельмі папулярнае турыстычнае месца. Я б параўнала чэргі каля яго з чэргамі ў Маўзалей у савецкі час. Кожны дзень бясконцая плынь людзей.

— Цяжка было граць на новым інструменце?

— На шчасце, перад канцэртам у мяне была магчымасць зрабіць дзве рэпетыцыі. Гэта неабходна, бо ў свеце няма двух аднолькавых арганаў. Той, на якім я граю ў Сафіі, вельмі істотна адрозніваецца ад таго, які месціцца ў Нотр-Даме. Агулам я была тыдзень у Парыжы. І бачыла, што кожны дзень вельмі шмат турыстаў каля Нотр-Даму.


Арган майстра Арыстыда Кавайе-Коля ў Нотр-Даме

— А чаму чатыры гады таму вы падалі заяўку на канцэрт у Нотр-Даме? У вас была такая мара — сыграць у Парыжы?

— Гэта была цалкам мая ініцыятыва. Я даўно знаёмая з арганамі майстра Арыстыда Кавайе-Коля. Адзін з іх быў у вялікай залі Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі, дзе я вучылася. Іншы ягоны арган я бачыла падчас сваёй першай вандроўкі ў Францыю — у Нармандыі. Таму можна сказаць, што была мара сыграць на аргане гэтага майстра, ды яшчэ і ў саборы Парыжскай Маці Божай. Мары спраўджваюцца. Але давялося чакаць чатыры гады, пакуль маю заяўку разгледзелі і зацвердзілі. У саборы працуе духоўная камісія, якая прымае прапановы ад арганістаў. Зразумела, што строгі адбор — трэба даслаць запісы свайго выканання, праграму, біяграфію. Так атрымалася, што 19 верасня, калі быў мой канцэрт, быў дзень, калі шматлікія гістарычныя помнікі ў Францыі былі даступныя для бясплатнага наведвання. Уваход на мой канцэрт таксама быў свабодны, усе ахвотныя маглі паслухаць.

— Дарэчы, ці значыць гэта, што вы не атрымалі ніякага ганарару за свой выступ у Францыі?

— Не, нічога мне не плацілі. Дый уся мая паездка была за асабістыя сродкі. Дзякуй маім сябрам у Парыжы — я жыла ў іх і не плаціла за гатэль. А дзякуючы таму, што квіткі да Парыжа я набывала за год да канцэрту, пералёт быў недарагі.


— А наколькі прэстыжна мець такую рэдкую прафэсію, як арганіст? І ці добра за гэта плоцяць у Беларусі?

— Арган — вельмі рэдкі інструмэнт, адпаведна і арганістаў у нас не так шмат. Нехта з іх прымае ўдзел у касцёльных службах, нехта арганізуе канцэрты. Але ў любым разе арган — вельмі эксклюзіўны інструмент, таму і канцэртаў мала. Праўда, цікавасць да арганнай музыкі вялікая — людзі з гатоўнасцю ездзяць на фестывалі, слухаюць арган. Калі казаць пра фінансавы бок, то я магу толькі адзначыць, што культура ніколі не працуе дзеля грошай. Таму часам нешта аплочваецца, часам — не аплочваецца. Але галоўнае, што культурныя каштоўнасці працягваюць існаваць. Я лічу, што мы павінны даносіць іх людзям. Асабліва ў наш час, калі матэрыяльнае выходзіць на першы план.

— І ўсё ж ці не было жадання паехаць жыць у тую ж Францыю, дзе для вас як для арганісткі было б больш магчымасцяў, дый праца ваша аплочвалася б на іншым узроўні?

— З 1994 году я часта выязджаю за мяжу, удзельнічаю ў арганных майстар-класах у розных еўрапейскіх краінах. Але з’ехаць назаўсёды мне ніколі не хацелася. Я вельмі рада, што я працую ў Сафійскім саборы. Мае калегі, якія прыязджаюць на фестывалі ў Полацк, кажуць, што адчуваюць святасць гэтага месца, і захапляюцца нашым арганам. Таму я лічу, што маю магчымасць рэалізоўвацца ў Беларусі. Але выязджаю за мяжу, каб знаёміцца з арганнай культурай, з задавальненнем. Усё ж у Еўропе захавалася нашмат больш інструментаў і традыцыяў. У Беларусі шмат арганаў было знішчана, мы амаль страцілі гэтую культуру ў рэвалюцыйны час. Дагэтуль нічога з яе ня ўзноўлена. Вельмі шкада… А ў Еўропе можна больш вывучыць і пайграць на вельмі цікавых старых інструментах. Тым не менш я задаволеная сваёй роллю ў Сафійскім саборы, лічу сябе асветніцай.

— Калі вас можна будзе пачуць у Беларусі?

— З 18 кастрычніка па 22 лістапада ў канцэртнай залі Сафійскага сабору пройдзе юбілейны XX Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі». Я буду граць і на адкрыцці, і падчас усяго фестывалю.

←Оператор velcom запустил универсальное мобильное финансовое приложение v-banking

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика