У вёсцы Росіца на Верхнедвіншчыне ўпершыню прайшло свята кветак
Вёска Росіца ў Верхнедзвінскім раёне ў чарговы раз прымала пілігрымаў - тут упершыню прайшло свята кветак і ўраджаю, паведамляе сайт catholic.by.
Усе, хто прыязджае ў Росіцу, адзначаюць яе непаўторнае хараство, створанае руплівай працай пробашча мясцовай парафіі айца Чэслава Курэчкі. З ранняй вясны да позняй восені тут цвіце вялікая колькасць кветак. Святар штогод садзіць больш за паўтары тысячы раслін — па колькасці загінулых у лютым 1943 года.
Асаблівы гонар святара — паўднёвая магнолія, якая адчувае сябе ў Росіцы ўтульна, нягледзячы на паўночы клімат. Ствараць і падтрымліваць кветкавую прыгажосць кіраўніку парафіі дапамагаюць шматлікія вернікі, якія адмыслова прыязджаюць з розных куткоў Беларусі.
Свята пачалося з малітвы. Яе ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Іерарха прывіталі прадстаўніцы мясцовай улады, яны ўручылі яму кветкі і каравай, спечаны са збожжа новага ўраджаю.
Звяртаючыся да вернікаў, біскуп адзначыў: «Праз прыгажосць Бог хоча дастукацца да нашых сэрцаў. Сапраўдная прыгажосць ёсць там, дзе ёсць Бог. Тады яна нясе карысць чалавеку». І дадаў, што прыкладам гэтага з’яўляецца Росіца і праца яе святара.
Пасля імшы адбылася імпрэза пад назвай «І кветкі славяць Пана», падчас якой мясцовая жыхарка распавяла пра сімволіку раслін, пасаджаных у Росіцы, і правяла віктарыну.
Свята завяршылася супольным абедам каля вогнішча: айцец Чэслаў Курэчка частаваў вернікаў росіцкай бульбай і поліўкай з баравікамі.
Чытайце таксама:
«Второй Мосар». Настоятель костела хочет сделать из Росицы райский сад
Шлях у спёку, вогненная рака, пляц пакутнікаў. TUT.BY схадзіў у пілігрымку ў Росіцу