У Віцебску плануюць знясці былы будынак каталіцкай капліцы XIX стагоддзя

Источник материала:  
05.10.2015 07:00 — Новости Общества

Віцебскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб зносе двухпавярховага цаглянага будынка № 25/4 на вуліцы Урыцкага — на тэрыторыі батанічнага сада. Хутчэй за ўсё, гэта капліца 1859 года, якая належала віцебскаму памешчыку Сцяпану Восіпавічу Дуніну-Слепсцю, з надбудаваным другім паверхам.


Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт абвясціў тэндар на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі на знос коштам 22 мільёны рублёў. У дакументах закупкі ўказаны 1939 год пабудовы будынка, але, верагодна, гэта год перабудовы альбо рамонту.


Навакольныя жыхары і супрацоўнікі батанічнага сада распавялі, што тут была «ці то капліца, ці то царква». У кнізе «Странички изъ недавней старины города Витебска», выдадзенай Мікалаем Нікіфароўскім у 1899 годзе, гаворыцца, што «богач-хлебосол» Сцяпан Восіпавіч Дунін-Слепсць, які валодаў садам пасля першага ўладальніка Івана Іванавіча Вярэб’ева, пабудаваў «в тиши сада» для сябе араторыюм, дзе «проводил молитвенные часы».


Малюнак капліцы паноў Слепсцяў. Władysław Bojarski / Kłosy, 1873.


«Памятная книжка Витебской губернии» 1861 года дае наступныя звесткі: калежскі асэсар Сцяпан Восіпавіч Дунін-Слепсць займаў у Віцебску пасаду папячыцеля богаўгодных устаноў, быў кавалерам ордэна святога Уладзіміра IV ступені і меў знак адзнакі за 15 гадоў бездакорнай службы. Пры яго доме быў казённы ўзорны пансіён высакародных дзяўчат Крузе.


Араторыюм жа згадваецца ў «Памятной книжке Витебской губернии» 1865 года: тут адзначаны год пабудовы і тое, што «храм этот выстроен без всякой нужды». У кнізе наступнага года дадаюцца звесткі пра пераносны алтар.


Выяву гэтага будынка можна знайсці на ілюстрацыі Уладзіслава Баярскага «Kościołe katolickie w Witebsku», апублікаванай у 1873 годзе ў часопісе «Kłosy», а затым у 1884 годзе ў часопісе «Tygodnik Powszechny». На жаль, на ілюстрацыі паблытаная нумарацыя малюнкаў, будынак адразу ж пазнаецца па спецыфічнай форме стрэльчатых вокнаў, якія захаваліся да сёння. Подпіс (пазначаны № 10 замест № 6), кажа, што гэта капліца паноў Слепсцяў.


Вокны з аркамі на былым фасадзе таксама супадаюць з існуючымі. Дзверы, якія былі паміж імі, пазней часткова замуравалі і зрабілі трэцяе вакно. Гэта заўважна і па кладцы.

А вось на другім паверсе вокны — простай прамакутнай формы. Скляпенні маюць цагляныя зводы. На ілюстрацыі Баярскага капліца намаляваная ў атачэнні дрэваў. Дадзеная акалічнасць указвае на тое, што гэта араторыюм Дуніна-Слепсця ў ягоным садзе.


Такім чынам, у Віцебску плануюць знішчыць адзін з нямногіх ацалелых архітэктурных помнікаў XIX стагоддзя. На жаль, будынак не ўнесены ні ў якія ахоўныя спісы. Ён досыць даўно занядбаны і зарос плюшчом.


←В Беларуси в 2015 году разыскано более трех тысяч преступников

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика