З 36 тысяч вучняў Брэста толькi чацвёра навучаюцца ў беларускамоўным класе
Іх усяго чацвёра з 515 у школе — вучняў беларускамоўнага 5 «Г» класа. Педагогі 29-й школы ў адзін голас: пераваг у гэтым нашмат больш, чым «мінусаў». Кожнаму вучню досыць увагі.
Вось і ў нас ёсць магчымасць пазнаёміцца з кожным персанальна: Коля Душкевіч, Францішак Вялічкін, Саша Піліповіч і Ваня Фралоў (ён у статусе навічка). Яны не адчуваюць сябе «нацыянальнымі героямі», хоць быць у цэнтры ўвагі ім не прывыкаць. Пакуль летам дарослыя вырашалі, быць гэтаму класу ці не і калі быць, то ў якой школе, яны проста адпачывалі і дурэлі, як усе дзеці. Хто на лецішчы, як Францішак, хто ў бабулі ў Тэльмах. А Ваня, да якога ўсё часцей звяртаюцца як да Янкі, вандроўнічаў па Польшчы і Чэхіі.
На ўрачыстай школьнай лінейцы не раз узгадвалі, што ў гэтым годзе ўпершыню за ўсю гісторыю школы тут будзе беларускамоўны клас. Што менавіта мова — адна з галоўных рыс нашай нацыянальнай адметнасці. Вучням 5 «Г» уручылі падарункі ад гарадскога аб’яднання «Белая Русь»: выдатна ілюстраваныя «тоўстыя» кнігі. І ў першы «працоўны» дзень у гэты клас часцей, чым да іншых, заглядваюць дырэктар школы і бацькі.
А яшчэ ў канцы мінулага навучальнага года не было ніякай упэўненасці, што класу — быць. Пасля таго, як дзеці скончылі пачатковую школу № 34, рубам стала пытанне: што далей?.. У аддзеле адукацыі Маскоўскага раёна Брэста тады сказалі: захаваць клас можна, калі ў ім будзе не менш за пяцёра дзяцей. То-бок: як мінімум ён застанецца ў тым жа складзе і ніхто з дзяцей не сыйдзе. Але ў рэшце рэшт бацькам удалося знайсці паразуменне з прадстаўнікамі ўлады. Хаця жыццё, як звычайна, унесла карэктывы: два вучні памянялі месца вучобы (напрыклад, Валя Божык, якой нязручна дабірацца ў другі канец горада). А ў клас прыйшоў навічок Ваня Фралоў.
«Мы «прымервалі» на сябе некалькі школ, — рассказвае Маргарыта Вялічкіна. — Упадабалі 7-ю адзінаццацігодку. Але там замежная — нямецкая мова, а нашы дзеці вывучаюць англійскую. І вось прыйшлі ў 29-ю школу, пагаварылі з завучам — і адразу знайшлі агульную мову. Нам не давялося чуць, як у некаторых школах: «Вы хотите, а другие не хотят», і ўсё ў такім сэнсе.
Ці ўскладніла нечаканае папаўненне арганізацыю навучальнага працэсу? «Зусім не, — гаворыць дырэктар СШ № 29 Сяргей Саўчук. — Выкладанне на беларускай мове было раней, ёсць яно і зараз. Хацелася б толькі, каб гэта практыка пашыралася і хаця б у адной школе Брэста кожны год адкрываўся беларускамоўны клас. Таму ніякай „панікі“ ў нас не было. Падручнікамі і нават дзённікамі на беларускай мове вучні поўнасцю забяспечаны. Адзінае, адчувалі некаторы недахоп педагогаў, здольных выкладаць па- беларуску. Але пры дапамозе аддзела адукацыі Маскоўскага раёна яшчэ летам, загадзя, сабралі патрэбных спецыялістаў. Каб яны маглі належным чынам падрыхтавацца, успомніць навыкі гутарковай мовы. Дарэчы, усе настаўнікі вопытныя. Таццяна Шаўчэнка, напрыклад, будзе выкладаць у беларускамоўным класе „Чалавек і свет“, а ў далейшым, магчыма, біялогію і хімію. Асабліва патрабавальна паставіліся да асобы класнага кіраўніка. Упэўнены, што Ніна Мікалаеўна Палякова — той чалавек, які неабходы дзецям. Яна — выкладчык беларускай мовы».
А сам кіраўнік педагагічнага калектыву валодае беларускай мовай? Аказваецца, Сяргей Уладзіміравіч будзе выкладаць у 5 «Г» гісторыю старажытнага свету.
У першы дзень навучальнага года дзверы дырэктарскага кабінета амаль не зачыняюцца ад шматлікіх наведвальнікаў. Тым не менш ён выкраіў колькі хвілін, каб паказаць, як уладкаваліся дзеткі з 5 «Г». Гэта светлы і надзвычай прасторны кабінет беларускай мовы і літаратуры. Тут 30 парт, 25 з якіх пакуль пустуюць. Клас можа прыняць любое папаўненне: было б жаданне.
Класны кіраўнік Ніна Палякова ўпэўнена, што для выхаванцаў створаны ўсе ўмовы.
«Цяпер усё залежыць толькі ад нашых дзяцей і іх бацькоў», — згодны з ёй Уладзімір і Маргарыта Вялічкіны.
Яны ўжо закідалі дырэктара школы шматлікімі прапановамі: заахвочваць 5 «Г» да ўдзелу ў розных конкурсах, ладзіць стасункі з брэсцкімі драматычным і тэатрам лялек, арганізаваць прэзентацыю класа на маючай адбыцца школьнай канферэнцыі. А паказаць ёсць што з першых чатырох год навучання. Бацькі ўспамінаюць, як пры наведванні Польшчы дзеці лёгка, «з лёту», пераходзілі на польскую мову (няхай сабе з памылкамі). Як у Чэхіі адразу «ўзялі ў палон» вулічнага фокусніка і пускалі разам з ім мыльныя бурбалкі.
— А можа, нам стварыць у школе «беларускі куток»? — не сунімаўся Уладзімір. І тут кіраўнік навучальнай установы адкрывае дзверы кабінета беларускай мовы для старшакласнікаў, дзе ў гэты час ідзе урок. І паказвае, што такі «куток» народнага быту ў гэтым пакоі ёсць (і трэба сказаць, зроблены густоўна). Шкада, грошай на фоташпалеры не хапае ў школы, каб давесці задумку да канца. Але наперадзе яшчэ ўвесь навучальны год.
Вось і мяркуйце: ці заўсёды ў Беларусі проста вучыцца на беларускай мове? Застаецца толькі дадаць: ісці следам за 5 «Г» будзе нашмат лягчэй. Для іх гэта быў «непратаптаны шлях».