Як гэта было. Кніжны кірмаш у Беларусі 55 гадоў таму
Напярэдадні Дня беларускага пісьменства TUT.BY знайшоў у архівістаў цікавыя кадры. На іх — кніжны кірмаш у Мінску, у парке Чалюскінцаў. Беларускамоўныя вокладкі, беларускія аўтары, кнігі з раманамі пра беларускую сталіцу. Як гэта было — у кароткім відэа ад Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.
Летам 1960 года на кніжным кірмашы ў парку Чалюскінцаў — натоўпы людзей. Мінчукі тут могуць не толькі набыць кнігі беларускіх аўтараў, але і пабачыць іх ужывую.
Открыть/скачать видео (6.52 МБ)
Кіначасопіс «Савецкая Беларусь», № 27, 1960 г., рэж. Л. Матусевіч, апер. І. Вейняровіч, У. Пужэвіч, С. Фрыд; кінастудыя «Беларусьфільм».
Відэаматэрыялы падрыхтавала галоўны архівіст аддзела навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыі БДАКФФД Алена Палішчук.
Вось пісьменнік Уладзімір Карпаў. «Мінчанам асабліва прыемна атрымаць аўтограф на кнізе пра сваю любімую сталіцу», — распавядае голас за кадрам. Дзяўчына, якая цягнецца за аўтографам — дакранаецца рукой да томіка Янкі Купалы.
Цікава, што, народжаны не ў Беларусі, гэты пісьменнік сапраўды напісаў шмат кніг пра Мінск, сярод якіх — твор пад назвай «Нямігі крывавыя берагі».
Уладзімір Барысавіч Карпаў таксама — аўтар тэкста для фотаальбома «Мінск», які быў выдадзены ў 1965 годзе.
Называюць і пісьменніка Аляксандра Міронава, які таксама падпісвае свае кнігі — пра мора. Відаць, гаворка ідзе пра Міронава, які быў не толькі пісьменнікам, але яшчэ і ганаровым палярнікам.
Паэт Анатоль Астрэйка — таксама тут. Каля аўтара, які шмат пісаў для дзяцей — дзеці. Дарэчы, ён быў журналістам, сатырыкам, а таксама перакладаў на беларускую мову творы Пушкіна, Талстога, Маякоўскага.
Аўтар тэкстаў беларускамоўных песен, сярод якіх «Ой бацька мой, Нёман» — якая сёння лічыцца амаль народнай.
«Шмат аматараў апавяданняў ва Ўсевалада Краўчанкі», — завяршае свой нарыс аўтар. У тыя часы ён быў не толькі пісьменнікам, а яшчэ і галоўным рэдактарам часопіса «Бярозка». Усевалад Краўчанка перакладаў з рускай і ўкраінскай моў на беларускую, у тым ліку кнігу «Бялее парус адзінокі» Валянціна Катаева.