Пабудова Сафійскага сабора ў Віцебску ацэньваецца ў 2 мільёны долараў
Сафійскі сабор у Віцебску збіраюцца будаваць за ахвяраванні прыхаджан і спонсараў, а не за бюджэтныя грошы, паведаміў будучы настаяцель храма протаіерэй Міхаіл Мартыновіч.
Прэзентацыя архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі віцебскай Сафіі адбылася ў Свята-Успенскім кафедральным саборы. На яе прыйшла мізэрная колькасць гараджан. Грамадскіх і палітычных актывістаў ўвогуле не было.
Перад прысутнымі выступіў намеснік галоўнага архітэктара Віцебска Леанід Багданаў. Ён адзначыў, што вылучэнне зямельнага ўчастка пад будаўніцтва храма на ўсходнім беразе Дзвіны паміж вуліцамі Чэхава і Урыцкага у парку Партызанскай славы ўзгоднена з Аляксандрам Лукашэнкам.
Па словах протаіерэя Міхаіла Мартыновіча, узвядзенне ў абласным цэнтры Сафійскага сабора ў візантыйскім стылі на ўзор полацкага засведчыць пра крыніцы з’яўлення праваслаўя ў Беларусі. Акрамя таго, Віцебск хутка стане цэнтрам новай мітраполіі - яе створаць пасля разузбуйнення цяперашніх епархій.

Айцец Міхаіл патлумачыў, чаму будуць будаваць новы храм, а не аднаўляць гістарычныя пабудовы (напрыклад, Свята-Мікалаеўскі сабор). Адраджаць гэту віцебскую архітэктурную пярліну збіраліся за бюджэтныя сродкі - як некалі Уваскрасенскую царкву і Свята-Успенскі сабор. Аднак грошай на такі праект у бюджэце зараз няма. Немагчыма аднавіць старадаўні храм і па тэхнічных прычынах.
Плануецца, што Сафійскі сабор будуць узводзіць за кошт сродкаў абшчыны, ахвяраванняў прыхаджан і спонсараў. Прыблізны каштарыс праекта - 2 мільёны долараў.
Узначаліць апякунскую раду па ўзнаўленні храма і ўдзельнічаць у гэтым грашыма яшчэ ў 2013 годзе пажадаў старшыня праўлення расійскага ААТ «Газпрам» Аляксей Мілер.

На прэзентацыю пераважна прыйшлі жыхары вуліцы Чэхава. Больш за ўсё іх непакоіць захаванне дрэў у парку Партызанскай славы. Зважаючы на досвед рэканструкцыі плошчы Перамогі і парка Пераможцаў, яны непакояцца, што ў Віцебску знішчаць чарговы зялёны куток.
Аўтар праекта Ігар Роцька не назваў нават прыкладную колькасць дрэў у парку, якія прыйдзецца выдаліць. Між тым накладанне плана праекта на касмічныя здымкі паказвае, што пляцоўка пад будоўлю захопіць значную частку зялёных насаджэнняў. Іншыя ж дрэвы могуць знішчыць пры пашырэнні вуліцы Чэхава і пераносе музея Міная Шмырова і помніка Уладзіміру Караткевічу.

Адна з жыхарак вуліцы Чэхава Клара Сянкевіч прыйшла на сустрэчу з цэлым спісам пытанняў і паведаміла, што пачынае збіраць пад імі подпісы суседзяў. Жанчына спытала пра тэрміны будаўніцтва, крыніцы фінансавання праекта, наведваемасць існуючых у Віцебску храмаў. Гараджанку цікавіла, ці вырабляюцца ў Беларусі матэрыялы, якія плануюць выкарыстоўваць — напрыклад, плінфа. Задала яна і такое пытанне: чаму сустрэчу прызначылі ў нязручны час, калі большасць людзей працуе.

Грамадскае абмеркаванне праекта Сафійскага сабора працягнецца да 18 верасня. Экспазіцыя графічных і тэкставых матэрыялаў знаходзіцца ў Свята-Успенскім кафедральным саборы. Усе жадаючыя могуць пакінуць тут свае заўвагі і прапановы ў спецыяльнай кнізе водгукаў. Пасля заканчэння абмеркавання гарвыканкам прыме рашэнне пра пачатак будаўніцтва.
