Статкевіч: Трэба ставіць пад пытанне самі выбары і дамагацца іх адмены
«Гэтых выбараў ужо рэальна няма, бо ўлада штучна сфабрыкавала спіс кандыдатаў у прэзідэнты. Удзельнічаць у іх ужо бессэнсоўна, — выказаў сёння сваё стаўленне да сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі былы палітвязень Мікалай Статкевіч падчас анлайн-канферэнцыі на сайце naviny.by. — Трэба змагацца за іх адмену і вяртанне да этапу пачатку рэгістрацыі кандыдатаў як мінімум». Ужо на другі дзень пасля памілавання і вызвалення з турмы палітык заявіў, што скарыстаецца гэтым правам.
Па словах Статкевіча, «заклік як да байкоту, так і да падтрымкі любога з „альтэрнатыўных“ кандыдатаў прывядзе да легітымацыі выбараў». Зараз палітык разам з калегамі з іншых дэмакратычных арганізацый шукае стратэгію супрацьстаяння гэтаму. У бліжэйшы час яны мусяць прадставіць сваю праграму.
Мікалай Статкевіч запэўніў, што гатовы супрацоўнічаць з усімі прадстаўнікамі цяперашняй апазіцыі, «якія гатовы працаваць дзеля вольнай незалежнай нармальнай Беларусі», але прызнаўся, што аб’яднаць дэмакратычныя сілы вакол сябе не здолее.
Кандыдат у прэзідэнты 2010 года выказаўся і наконт адзінага незалежнага прэтэндэнта на пасаду кіраўніка краіны — Таццяны Караткевіч. Але ў Статкевіча ёсць зашмат сумненняў у яе самастойнасці.
«Я асабіста не ведаю Таццяну Караткевіч, але вельмі насцярожаны яе падтрымкай і па сутнасці вылучэннем чалавекам, які публічна зганьбіў сябе пасля папярэдняй прэзідэнцкай кампаніі, — выказаў пазіцыю палітык. — Я падтрымаў бы яе рашэнне ўдзельнічаць у выбарах і ісці да канца, і сабраць доказы сумленнасці ці несумленнасці выбараў, калі б быў упэўнены, што гэта самастойны сапраўдны дэмакратычны кандыдат, які будзе стаяць на агучанай пазіцыі».
Зараз Статкевіч разам з аднадумцамі працуе над стратэгіяй дзеянняў дэмакратычных сілаў у цяперашняй сітуацыі.
22 жніўня рашэннем Аляксандра Лукашэнкі экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч быў памілаваны і адпушчаны на волю пасля чатырох з паловай гадоў турмы. Яго затрымалі 19 снежня 2010 года пасля акцыі пратэсту супраць афіцыйных вынікаў выбараў кіраўніка дзяржавы на плошчы Незалежнасці ў Мінску. 26 мая 2011 года яго асудзілі на шэсць гадоў зняволення за арганізацыю масавых беспарадкаў. Сваёй віны палітык не прызнаў.
Адразу пасля вяртання ў Мінск Статкевіч заявіў, што не збіраецца з’язджаць з краіны, але дакладна з далейшымі планамі яшчэ не вызначыўся.
«І далей буду працягваць рабіць тое, што рабіў: працаваць дзеля вольнай беларускай Беларусі. Я вяртаюся не ў палітыку, я вяртаюся ў барацьбу», — сказаў Мікалай Статкевіч у першыя гадзіны на волі.
Чытайце таксама:
Лукашенко помиловал Статкевича и других политзаключенных