У Гродне каля сінагогі пачалі будаваць рытуальную мікву
Каля Вялікай Харальнай Сінагогі пачалі будаваць мікву — водны рэзервуар для ачышчэння ад рытуальнага бруду, расказаў «Твайму стылю» старшыня габрэйскай абшчыны Гродна Барыс Квяткоўскі. Падчас будаўнічых прац было знойдзена некалькі дзясяткаў археалагічных артэфактаў розных стагоддзяў.
У Торы падаюцца некалькі сітуацый, калі чалавек «апаганьваецца» і яму патрэбна змыць з сябе «бруд»: гэта дотык да мерцвяка, дотык да таго, хто датыкаўся да мерцвяка, знаходжанне пад адным дахам з мерцвяком, дотык да мёртвых жывёл, семявывяржэнне, вылучэнне менструальнай крыві ў жанчын, захворванне праказай ці ганарэяй. Але ў сучаснасці міква набыла выключна рытуальны характар, бо імкліва змянілася сітуацыя з асабістай гігіенай.
Датычна міквы, што будуецца за гродзенскай сінагогай, дык яна ў першую чаргу прызначана для жанчын і звязанай з гэтай традыцыяй.
Цікава, што падчас распачатых будаўнічых прац было знойдзена некалькі дзясяткаў археалагічных артэфактаў розных стагоддзяў. У асноўным гэта кавалкі керамікі, элементы дахоўкі, цэгла-пальчатка.
Гродзенскія археолагі часова прыпынілі будаўнічыя працы, але паўнавартасныя даследванні наўрад ці будуць праводзіцца.