Шлях у спёку, вогненная рака, пляц пакутнікаў. TUT.BY схадзіў у пілігрымку ў Росіцу
У вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна 7-8 жніўня прайшлі ўрачыстасці ў гонар благаслаўлёных пакутнікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры. Святочныя службы ў мясцовым касцёле Святой Тройцы ў гэтыя дні наведалі каля тысячы паломнікаў. Сярод іх былі і карэспандэнты TUT.BY.
У лютым 1943 года ксяндзы Антоній і Юрый прынялі страшную смерць: падчас карнай аперацыі "Зімняе чараўніцтва" немцы спалілі іх жыўцом разам з больш як 1 500 вернікаў.
Сведка гэтай трагедыі - росіцкі касцёл. Фашысты сагналі сюды з наваколля 5 тысяч чалавек, і пад дахам святыні яны амаль 5 дзён чакалі: што будзе далей. Пасля сарціроўкі карнікі пагналі адных у канцлагеры ці на працы да баўэраў, другіх зажыва спалілі.
![](http://www.21.by/pub/news/2015/08/1439103153422738.jpg)
Калі ў вяскоўцаў выбару не было, то святарам немцы яго далі. Для жыцця трэба было толькі адно: пакінуць паству. Аднак Антоній і Юрый пайшлі ў агонь разам з усімі. За сваю ахвяру і любоў да людзей яны беатыфікаваны як святыя пакутнікі.
Пра вёску Росіца — яе вогненнае мінулае і сённяшні дзень, у якім на карысць людзей шчыруе пробашч касцёла Чэслаў Курэчка — чытайце ў нашых іншых артыкулах.
"Второй Мосар". Настоятель костела хочет сделать из Росицы райский сад
На Витебщине возле сельского костела в Росице зацвела магнолия
Читать полностью: http://news.tut.by/kaleidoscope/449 345.h
Читать полностью: http://news.tut.by/culture/4Дні памяці святых Антонія і Юрыя праходзяць у Росіцы двойчы ў год: у лютым і жніўні. І заўсёды збіраюць шмат паломнікаў з нашай краіны і замежжа. Так, сёлета ўзімку тут сабраліся больш за 300 чалавек на чале з апостальскім нунцыем ў Беларусі архібіскупам Клаўдыё Гуджэроцці.
А ўлетку гасцей яшчэ больш. Перад святам у Росіцу рушылі тры хрэсныя хады: з Полацка (70 чалавек, ішлі 4 дні), Друі (108 удзельнікаў, дабраліся за 3 дні) і Барысава (60 паломнікаў, шлях заняў 8 дзён). З гэтага ж горада ў Мінскай вобласці ехала і веласіпедная група — 23 спартоўцы. Яшчэ 7 веласіпедзістаў прадстаўлялі Жодзіна.
![](http://www.21.by/pub/news/2015/08/1439103155955033.jpg)
На свята ў Росіцу таксама прыехалі на аўтобусах і машынах вернікі з усёй Віцебшчыны, іншых мясцін.
Карэспандэнты віцебскай рэдакцыі TUT.BY далучылі да полацкіх паломнікаў ранкам 7 жніўня і прайшлі з імі апошні адрэзак шляху: з Верхнедзвінска да Росіцы. Гэта прыкладна 20 кіламетраў. Пілігрымкай кіравалі маладыя ксяндзы Аляксандр Жарнасек і Андрэй Сідаровіч.
На небе амаль не было аблокаў, гарачыня стаяла страшная. Таму было не проста. Але памочнік пілігрыма — малітва. Яна дапамагае ісці, загойвае мазолі, перамагае страх і няўпэўненасць.
Па дарозе пілігрымы не толькі моляцца, але спяваюць, распавядаюць гісторыі са свайго жыцця - як яны прыйшлі да Бога і як іх змяніла вера.
Патрэбна вялікая мужнасць і шчырасць, каб узяць мікрафон і прызнацца паўсотні слухачоў: "Мяне завуць ..., і я былая п'яніца. З дзесяці год... Да выпіўкі мяне прызвычаіў бацька. І мне дужа падабаліся віно і гарэлка. Мужа я сабе знайшла такого ж - выпівоху. Але Госпад даў нам сіл пазбавіцца ад залежнасці...".
![](http://www.21.by/pub/news/2015/08/1439103160569309.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/08/1439103162670955.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/08/1439103164673071.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/08/1439103166018013.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/08/1439103167764434.jpg)
Сярод пілігрымаў ёсць некалькі чалавек, якія сочаць за бяспекай усёй групы на дарозе. Яны звычайна ідуць на чале калоны і ззаду яе.
![](http://www.21.by/pub/news/2015/08/1439103169507810.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/08/1439103170799155.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/08/1439103171941734.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/08/1439103173477603.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/08/1439103175846645.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/08/1439103177014807.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/08/1439103179376390.jpg)
![](http://www.21.by/pub/news/2015/08/1439103181138786.jpg)
Да абеду зрабілі два прывалы, пераводзілі дух дзе-небудзь у цяньку. Апоўдні нас сустрэлі ў вёсцы Маразы — кіламетры за чатыры ад Росіцы. Тут жа да полацкіх паломнікаў далучыліся групы з Барысава і Друі. Вернікі парафіі з Бігосава паднеслі кожнай пілігрымцы па караваю і накармілі смачным абедам.
Дарэчы, мясцовыя жыхары нярэдка частуюць паломнікаў. Хто чысцюткай калодежнай вадой, хто яблыкамі, хто кавунамі. А адзін мужчына набыў для больш як сотні друйскіх пілігрымаў вялікую каробку марозіва - хапіла на ўсіх.
Падсілкаваўшыся, неяк хутка, амаль неўпрыкмет, дайшлі да Росіцы. Тым больш што дарога тут цяпер — падарунак: роўная і добрая. Не параўнаць з той, якой яна была падчас рамонту тры месяцы таму, калі мы прыязджалі сюды мінулы раз.
Каля касцёльнай брамы нас сустрэў пробашч Чэслаў Курэчка. Ён заўсёды прамаўляе проста, шчыра і даходліва да сэрца кожнага верніка: "Вы такія шчаслівыя! Вось і збылася вашая мара — дайшлі ла Росіцы. Росіца вітае вас, і яна — заўсёды ваш дом. Няхай усе вашыя малітвы будуць тут пачутыя. І ведайце: Бог — побач, нават калі здаецца, што гэта не так".
![](http://www.21.by/pub/news/2015/08/1439103181868515.jpg)
Малітоўная праграма ў касцёле пачалася ў 18.00 з імшы для паломнікаў. Кранальным момантам на ёй сталі дарункі Богу ад паломнікаў. Сярод іх былі палявыя кветкі - сімвал прыгажосці Радзімы, па дарогах якой ідзе пілігрым. Ягоныя зношаныя сандаліі і выцвілы на сонцы, запылены заплечнік — вобразы цяжкасцей шляху. Вада — тое, чым жывіцца вандроўнік у спякоту.
Начную літургію ўзначаліў кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.
На гэтай імшы айцец Чэслаў Курэчка распавёў цікавую гісторыю: "Паглядзіце на гэтыя прыгожыя кветкі - белыя і чырвоныя вяргіні, якія ўпрыгожваюць зараз галоўны алтар. Яны сімвал цела і крыві Хрыста. Іх мне дапамагаў садзіць біскуп Алег. Ён прыехаў аднойчы ў Росіцу, гэта быў позні майскі вечар. І хоць быў стомлены, прапанаваў дапамогу. Мы скончылі працу амаль апоўначы, і нават не было ўжо сіл пагутарыць, як звычайна, за кубкам гарбаты". Касцёл (а ён быў поўны людзей) адказаў апладысментамі.
Пасля богаслужэння вернікі прайшлі апошнім шляхам ахвяр росіцкай трагедыі - ад касцёла да месца іхняй гібелі. Зараз гэта пляц пакутніцтва.
Наперадзе працэсіі ішлі маладыя людзі з паходнямі, за імі манахіні і святары, потым — народ. Амаль кожны нёс у руках ліхтар, свечку ці лампаду. Відовішча асабліва ўражвае з пагорка насупраць касцёла: нібыта цячэ рака з агнёў.
На пляцы пакуніцтва ўсталяваныя высокі крыж і ліхтары, растуць прыгожыя кветкі. Нішто не нагадвае пра жудасныя падзеі вайны. Аднак яны жывыя ў людской памяці. Біскуп Алег Буткевіч яшчэ раз нагадаў прысутным пра подзвіг веры і любові ксяндзоў Антонія і Юрыя, а затым адбылася малітва іхняга праслаўлення.
Людзі падыходзілі і прыкладаліся да крыжа, а сваю свечку памяці пакідалі каля ягонага падножжа.
8 жніўня свята працягнулася ранішняй літургіяй па ўсходнім абрадзе. Яе ўзначаліў апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сергій Гаек. Другая вялікая святочная імша пачалася апоўдні.
…Неба. Зоры. Агеньчык у руцэ. Вогненная стужка на дарозе за табой. Малітва. Хто аднойчы гэта перажыў - той на наступны год зноў збярэ заплечнік і пойдзе ў Росіцу. Праз пыл дарог, спёку ці дождж, боль і знямогу, свой адчай ці роспач. Бо ведае, што наперадзе - святло і радасць.
![](http://www.21.by/pub/news/2015/08/1439103194390010.jpg)