Канадзец з Завадскога раёну: Тут усе размаўляюць па-англійску, а беларуская медыцына ўражвае!
22.07.2015 21:03
—
Новости Общества
З аб'яваў пра скрадзеныя клюшкі для гольфу пра канадца, які жыве ў Завадскім раёне, даведаўся ўвесь раён. Мы пагаварылі з Білам Джонсам, які трэці год жыве ў Мінску.
Чым займаюся? Гуляю ў покер і гольф, хаджу ў паліклініку
Білу Джонсу 60. Усё жыццё ён займаўся прадажамі ў самых розных кампаніях у Канадзе. Апошняе яго месца працы - намеснік дырэктара па продажы ў Madison Industrial Equipments - кампаніі па продажы і аўтаматызацыі электрыкі ў Таронта.Ашчаджэнні дазволілі яму выйсці на пенсію ў 55. І вось ужо пяць год у Біла звычайнае канадскае пенсійнае жыццё: цэлымі днямі ён гуляе ў покер і гольф. А паміж гульнямі ходзіць да дактароў.
Адзіная нетыповая акалічнасць - Біл жыве не ў прыгарадзе Таронта, а на ўскрайку Мінску. У Завадскі раён ён пераехаў да сваёй беларускай жонкі Наталлі ў канцы 2010 году. З таго часу раз на колькі месяцаў лётае ў Канаду да дзяцей і ўнукаў, а збольшага бавіць час у прыватным сектары Паўночнага пасёлка.
"Чым я займаюся? Хаджу да лекараў ды даглядаю старых (бацькоў Наталлі. - РС)", - кажа Біл.
Даступная медыцына настолькі ўразіла Біла, што хадзіць да лекараў ледзь не стала ягоным хобі.
"Проста каб спраўдзіць зрок, у Канадзе мне трэба чакаць некалькі месяцаў, - кажа Біл. - А тут я магу прыйсці на прыём да афтальмолага ў той жа дзень".
З 2011 году ў Біла від на жыхарства ў Беларусі, а таму ён можа карыстацца медычнымі паслугамі нароўні з беларусамі. Адзінае, чаго ён не можа рабіць, гэта галасаваць на выбарах.
"Я чуў пра галасаванне ў Беларусі, і я не хачу галасаваць", - коратка і стрымана адказвае Біл.
Праз тое, што ў паліклініцы яго ўжо ведаюць, дактары запрашаюць Біла без чаргі.
"Да яго тут такая ўвага! - кажа Наталля. - Яшчэ ніколі Біл не сутыкаўся з праблемамі тут. Да яго тут усе вельмі добра ставяцца".
Ён так стараўся вымавіць слова "масла", што прадавачкі спалохаліся
У рускамоўным асяроддзі Біл жыве ўжо шосты год. Але мовы так і не вывучыў. Па-першае, з ім паўсюль ходзіць жонка. Па-другое, многія беларусы добра размаўляюць па-англійску. Прынамсі, такіх часта сустракае канадзец."Большасць маладых людзей даволі добра ведаюць англійскую мову", - кажа Біл.
Наталля апавядае, што часта ім сустракаюцца людзі, якія могуць некалькі хвілін тлумачыць, што яны не ведаюць мовы. І гэта яны распавядаюць па-англійску.
"Мы вельмі моцна недаацэньваем сябе, - кажа яна. - Гэта, бадай, такая нацыянальная рыса".
Колькі разоў яго дамоў прывозілі выпадковыя людзі, у якіх ён пытаўся дарогі.
"Яны кідалі свае справы, сядалі ў машыну да Біла і завозілі яго дамоў".
Самыя простыя выразы па-руску Біл усё ж такі ведае. Калі Наталля пасылае яго ў краму, піша яму на паперцы, што набыць.
"У яго вельмі моцны акцэнт, і часам людзі не разумеюць, чаго ён хоча, - кажа жонка. - Аднойчы ён напалохаў прадавачку, выкрыкваючы "мазла!" Гэта ён хацеў набыць масла, і вельмі стараўся вымавіць гэтае слова правільна".
Таксама часам Біл карыстаецца галасавым перакладчыкам Google Translate. Але пераклад выходзіць вельмі ўмоўны. Напрыклад, клюшка па-англійску - club. І калі ён надыктоўвае "20 клюшак", з перакладчыка выходзіць "20 клубаў".
"Таму я амаль ім не карыстаюся", - кажа Біл.
Біл, як заўжды, настроены пазытыўна
У ідэальнай Беларусі Біл жыў да мінулага тыдня. Рабочы, што дапамагаў ім з рамонтам на ўчастку, скраў два наборы клюшак для гольфу і прадаў каля бліжэйшай крамы."Першы раз з намі нешта падобнае здарылася", - кажа Наталля.
У гольф Біл гуляў усё жыццё. Працуючы з патэнцыйнымі кліентамі, ён праводзіў перамовы і на полі для гольфу.
Толькі летась ён даведаўся, што ёсць свой гольф-клуб і ў Минску. За 2 км ад МКАД, дзе будуецца першы беларускі таун-хаўз "Грынвіч", з 2007 году працуе мінскі гольф-клуб. Летась у ім было пад 50 чалавек, штогод праводзіцца аматарскі турнір.
Каб трэніравацца, Біл прывёз клюшкі з Канады. Іх агульны кошт ён ацэньвае ў 2,5 тысячы долараў. Яшчэ пару соцень долараў каштуюць дзьве сумкі, якія скралі разам з клюшкамі.
"Але найбольшая каштоўнасьць не ў грошах, - кажа Біл. - Купіць новы набор можна хоць сёння. Але каб знайсці "сваю" клюшку, трэба памяняць дзьве-тры".
У той жа сумцы быў яшчэ набор для пачаткоўцаў - вучыцца гуляць у гольф пачала і Наталля. Усе гэтыя клюшкі рабаўнік прадаў за 1,5 мільёна рублёў. Знайсці яго дапамаглі ахоўнікі з крамы. Яны ж адабралі ў рабаўніка адну клюшку. Пакуль гэта ўсё, што засталося ў Біла.
"Калі б гэта здарылася ў Амерыцы, людзі адразу выклікалі б паліцыю, - кажа Біл. - Ніхто б не купляў клюшкі, гэта ж відавочна, што яны крадзеныя. Дый навошта яны людзям, якія не гуляюць у гольф?"
Мясцовыя дзеці за марозіва расклейваюць па раёне аб'явы пра крадзеж. Біл папрасіў Наталлю запісаць усю гісторыю і дадаць, што яны заплацяць людзям за клюшкі даражэй, чым тыя аддалі злодзею.
"Пакуль нам вярнулі толькі адну клюшку, - кажа Наталля. - Яшчэ аднаго разу патэлефанавалі дзеці, казалі, што бачаць чалавека з клюшкай. Але па апісанні я пазнала Біла".
Сезон гольфу цягнецца да кастрычніка. Калі Білу не вернуць скрадзеныя клюшкі, ён думае ляцець у Канаду па запасны набор.
"Біл, напэўна, адзіны чалавек, які да ўсяго пазытыўна настроены ў Беларусі. Ён спадзяецца, што атрымае клюшкі назад. Як толькі мы раздрукавалі аб'явы, ён пабег здымаць грошы. Кажа, што ўжо заўтра прыйдуць людзі, а мне не будзе чым заплаціць. Але, на жаль, нам так ніхто й не ператэлефанаваў".