Каштоўнасць, якую мы не страцілі. Унікальнае відэа раскопак Мінскага замчышча і ўспаміны археолага

Источник материала:  
21.07.2015 19:34 — Новости Общества
У 80-я гады беларускія археолагі правялі самае вялікае даследаванне Мінскага замчышча. У раёне cкрыжавання вуліц Нямігі і праспекта Пераможцаў раскапалі стары Мінск – знаходка аказалася нават больш значнай, чым маглі чакаць. Цяпер неацэнны гістарычны скарб зноў схаваны ў зямлі – да лепшых часоў.

У архівах археолага Сяргея Тарасава знайшліся кінастужкі, якія ён здымаў падчас працы на Замчышчы. Ён пракаментаваў для нас унікальнае відэа і падзяліўся ўспамінамі.


Сяргей Тарасаў – археолаг, гісторык. Спецыяліст у пытаннях узнікнення і развіцця беларускіх гарадоў IX—XVIII стст., прыняцця і распаўсюджання хрысціянства на Беларусі. У 1984-86 гадах браў удзел у археалагічных даследаваннях Мінскага замчышча, гарадзішча на рацэ Менцы. У 2000 – 2006 гг. даследаваў старажытны Мінск, рабіў раскопкі і назіранні на вуліцах Няміга і Гандлёвая, у Верхнім горадзе, Ракаўскім прадмесці, ажыццяўляў археалагічны нагляд на будаўніцтве гасцініцы “Еўропа” і іншых аб’ектаў. З'яўляецца сааўтарам навуковай канцэпцыі музея гісторыі Мінска. У дзевяностыя – аўтар і вядучы шэрага праграм на БТ. Аўтар сцэнарыяў мастацкіх і дакументальных фільмаў. Крыніца: be.wikipedia.org

"Мы не ўяўлялі сабе, наколькі маштабнымі атрымаюцца раскопкі"

На працоўнай кінастужцы, якую здымаў у 19841985 гадах археолаг Сяргей Тарасаў самыя буйныя раскопкі тэрыторыі былога Мінскага замчышча. 

“Найбольш значныя і плённыя раскопкі былі праведзены ў 1984–1986 гг. на плошчы 2000 кв.м. пры магутнасці напластаванняў 5,2–8,4 м. Шырыня раскопу 20,8 дакладна адпавядала шырыні запраектаванай станцыі метро “Няміга”. Даўжыня раскопу складала каля 100 м”, – так распавядаецца ў артыкуле пра Мінск вядомага беларускага археолага Георгія Штыхава (3-ці том "Археалогіі Беларусі").  Георгій Васільевіч у тыя часы ўзначальваў сектар археалогіі новабудоўляў пры Акадэміі навук Беларусі. У тым жа сектары працаваў  і Сяргей Тарасаў. Ініцыятарам раскопак быў сектар археалогіі Інстытута гісторыі Акадэміі навук, які ўзначальваў тады доктар гістарычных навук Леанід Побаль.

Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.


Аўтар відэа - Сяргей Тарасаў. Дапамог адлічбаваць унікальныя кадры мінчук Андрэй Скуратовіч. На працягу апошніх гадоў ён заклікае даставаць з паліц аматарскія кінастужкі і вяртаць ім жыццё.

Такім чынам знаходзяцца сапраўды ўнікальныя кадры, на якіх – класікі беларускай музыкі і літаратуры, замалёўкі з этнаграфічнай спадчынай, стары Мінск, мітынгі канца васьмідзесятых, аэрапорт "Мінск-1" у шасцідзесятых і нават касманаўт Юрый Гагарын падчас гульні ў валейбол.

Калі ў вас ёсць кінастужкі савецкіх часоў - магчыма, вы таксама здолееце дадаць штосьці каштоўнае да нашай гісторыі. За кансультацыямі можна звяртацца да Андрэя Скуратовіча. Кантакты лёгка знайсці ў яго Жывым Часопісе

- Тады ўжо існаваў закон аб ахове помнікаў, у якім было палажэнне пра тое, што будаўнічым работам мусяць папярэднічаць археалагічныя. Мы ж ведалі, што метрабудаўнікі абавязкова трапяць на Замчышча. Нас толькі спыталі, колькі наша праца зойме часу, але адказаць можна было толькі прыблізна. Менавіта з-за археалагічных работ станцыю “Няміга” перанеслі ў бок ад запланаванага месца на 40 ці 50 метраў, - распавядае археолаг і запускае відэафайл.


Прыблізна так выглядала Мінская ўяздная брама. Аўтар рэканструкцыі - Юрый Заяц. Існуе больш ранняя рэканструкцыя брамы аўтарства Загарульскага. Згодна з ёй у Мінскага замчышча было дзве вежы), але Сяргей Тарасаў сцвярджае: рэканструкцыя Зайца - больш дакладная.

Увесну 1984 года пачаліся падрыхтоўчыя работы. Метрабудаўнікі пачалі з таго, што пазабівалі ў зямлю жалезныя палі, якія павінны былі ўмацоўваць сценкі катлавана будучай станцыі.


У кадры – доктар гістарычных навук Леанід Побаль. Таксама на стужцы можна пабачыць іншых тагачасных супрацоўнікаў Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі: Аляксандра Егарэйчанку, Мікалая Бычко, Шаміля Бекцінеева,  Міхаіла Гурына, Міхася Лашанкова, Валянціна Собаля.

- Разам з палямі забівалі яшчэ і трубы - у іх потым апусцілі пагружныя насосы. І гэтыя насосы адпампоўвалі ваду тады і робяць тое ж па сённяшні дзень. Каля моста праз Свіслач ёсць такая маленькая дзірачка, з якой цячэ вада. Усе думаюць, што там Няміга ў Свіслач упадае. Але гэта не Няміга – яе павярнулі ў другі бок - а гэта тая вада, якую адпампоўваюць насосы са станцыі.


На гэтым скрыншоце мы бачым былы Дом фізкультуры "Працоўныя рэзервы", перад якім і разгарнуліся працы. Там жа - аўтобусная станцыя "Плошча 8 сакавіка". Перад "Працоўнымі рэзервамі" можна бачыць палі, забітыя ў зямлю метрабудам.

Пасля падрыхтоўчых работ ўзяліся за справу археолагі. Спачатку трэба было зняць так званы "баласт" - асфальт, брукаванку 19-га стагоддзя. На першай хвіліне відэа бачна, як на гэтым этапе на месцы працаваў эксваватар. У кадр трапляюць шкляныя бутэлькі - ці то пачатку 19-га, ці то канца 20-га стагоддзя.

- Трэба сказаць, што на 12 стагоддзе, калі ўмацоўваліся сцены Мінскага замку, яго найбольшая вышыня дасягала дзесяці метраў. Калі пасля вайны будавалі Паркавую магістраль (сённяшні праспект Пераможцаў, - TUT.BY), Замчышча было знесенае, велізарнейшыя валы зраўнялі з зямлёй. Пасля таго, як "баласт" знялі экскаватарам, плошчу разраўнялі і ўсё лета, да восені, ў нас працавалі студэнты і школьнікі.


Відаць, школьнікі нешта знайшлі. Настаўніца таксама хоча паглядзець.




Роўную плошчу ўжо капалі акуратна: выкарыстоўвалі рыдлёўкі, насілкі. Тут жа былі пабудаваныя бытоўкі, у якіх археолагі зрабілі лабараторыю і склады.

У 1984 годзе навукоўцы натрапілі на рэшткі абарончых умацаванняў.


План рэшткаў уезда ў Мінск 13 стагоддзя, выяўленых у раскопках 1984 года.

- Мы ведалі, што патрапім на гарадскі вал, але што ўмацаванні будуць такімі якаснымі і захаванымі - ніхто не чакаў. Дзіва, як горад умацоўваўся на працягу канца 11- 12 стагоддзяў. Самі накаты, бярвенні - таксама дзіва! - Сяргей Тарасаў прыгадвае, што шырыня падэшвы вала Мінскага замку складала 15 метраў, а самі бярвенні ляжалі ў дзевяць ярусаў.


Па падліках даследчыка Леаніда Аляксеева, распавядае Тарасаў, каб зрабіць такія моцныя валы, трэба было высекчы каля 40 тысяч ствалоў дрэваў, прычым выключна сасновых. "Гэта ўжо колькі лесу! А трэба ж было яшчэ па версе паставіць вежы, сцены, дамы, вуліцы...".

Прадзіраючыся далей, археолагі знайшлі яшчэ адну канструкцыю. З бярвенняў асаблівым чынам была нарошчаная канструкцыя, якая не давала Мінскаму замку "спаўзаць" у раку. Але месцамі сістэма не вытрымлівала і рушылася. У адным з такіх абвалаў загінула недабудаваная царква 12 стагоддзя.

На месцы раскопак знаходзілі шматлікія артэфакты побыта старажытнага і сярэднявечнага Менску. 

- Знаходзілі матэрыялы самых розных катэгорый. Паміж тымі, хто працаваў на раскопе, было размеркавана - хто чым будзе займацца. Напрыклад, я першыя свае артыкулы па гэтых раскопах прысвяціў скуры: там быў знойдзены скураны абутак, шляхецкія боты з ціснёнымі арнаментамі і медальёнамі - партрэтамі шляхты.
На месцы раскопак таксама былі знойдзены манеты часоў ВКЛ, Расійскай Імперыі. Цікавай знаходкай стаў кубік, як для гульні ў косці, - з евангельскімі сюжэтамі.

Спрэчкі на мясцовасці

Падчас раскопак паміж археолагамі ўзніклі сур'ёзныя спрэчкі наконт таго, наколькі глыбока трэба "капаць", вывучаць аб'ект.

- Бяда была ў чым... Мы, на чале са Штыхавым, настойвалі, што раскопкі трэба правесці “ў нуль”, як звычайна робіцца ў археалогіі. Гэта значыць зафіксаваць цалкам тое, што знайшлі – з замалёўкай, фотаздымкамі, а потым разабраць і дакапаць "да мацерыка”, да пачатку дзённай паверхні, дзе адсутнічае культурны пласт. Але Леанід Побаль марыў пра іншае. Ён вырашыў, што зможа закансерваваць знойдзенае і зрабіць на гэтым месцы археалагічны музей. У Берасці такім займаўся ў свой час даследчык Лысенка. А калі кансерваваць - то разбіраць было нельга. І нам не далі вывучыць Мінскае замчышча да канца.



У правым верхнім вугле фотаздымка, зробленага на раскопках Мінскага замчышча можна пазняць Зянона Пазняка. Як прыгадвае Сяргей Тарасаў, Пазняк удзельнічаў у раскопках Дамініканскага і Святадухаўскага сабораў у Мінску і прымаў удзел у доследах мінскай царквы 12 стагоддзя ў 1978 годзе. У поўнай версіі аматарскай стужкі Зянон Станіслававіч таксама мімаходам паказваецца ў кадры.

Па словах Сяргея Тарасава, кансервацыя павінна была адбывацца на грошы метрабуда, Масква пагаджалася вылучыць грошы на гэтую мэту.

- А грошы шалёныя. Ёсць метад кансервацыі прафесара Віхрова, які выкарыстаны ў музеі ў Бярэсці. Цэлюлозу ў кожным бервяне замяняюць на палімеры, а для гэтага цэлюлозу з іх трэба выціснуць. Кожнае бервяно трэба змясціць у вільготны асяродак, потым праз шпрыцы напітаць яго палімерамі. Але, незадоўга да перабудовы, метрабуд наш "разышоўся" з маскоўскім. А ў беларускага ніякіх грошаў на дарагую кансервацыю, музей і іншыя археалагічныя задумкі ўжо не было.

З іншага боку, Леанід Побаль не даваў, як і раней, капаць глыбей. Відаць, да апошняга спадзяваўся, што патрэбныя грошы знойдуцца. І раскоп пад збудаваным навесам прастаяў адкрытым некалькі гадоў. Потым сюды навезлі пяску і засыпалі - да лепшых часоў. Сяргей Тарасаў тлумачыць, што куды лепшым кансервантам мог быць той самы грунт, які калісьці дасталі падчас раскопак. Але на той час "ніхто пра гэта не думаў".

Каштоўнасць, якую мы не страцілі

Археолаг нагадвае, што існуе план стварэння архітэктурна-гістарычнага комплекса "Мінскае замчышча", аўтарства Сяргея Багласава. Праект нават паказвалі прэзідэнту. У пачатку двухтысячных на Замчышчы менавіта ў сувязі з распрацоўкай Багласава праводзілі невялікія раскопкі - праклалі некалькі шурфоў, прывязалі тапаграфічна да сённяшняга Мінска раскопкі 1984-85 гадоў, і, зноў не вывучыўшы больш глыбокія слаі, закапалі.

- Калі за праект ўсё ж-такі возьмуцца, то ёсць дзве абавязковыя ўмовы. Першая: на гэтым месцы спачатку трэба скончыць доследы. Другая: загадзя падумаць пра магчымасці частковай кансервацыі Мінскага замку. Хай штосьці не захавалася, спарахнела, але там вельмі шмат засталося таго, што можна паказаць людзям.

У археолага, які займаўся раскопкамі ў 80-я, ёсць заўвагі да сучаснага праекта.

- Ён крышачку недакладны ў адносінах да плошчы Замку. Да таго ж, я супраць пабудовы драўляных дамкоў, копіі тых, што былі ў Менску 13 стагоддзя... Я таксама супраць аднаўлення царквы 12 стагоддзя, якая ў старажытным Менску так і не была пабудаваная. Здаецца, галоўны рухавік ідэі “аднаўлення” царквы, якой ніколі не было – Сяргей Лаўрэцкі, ці не самы галоўны архітэктар БПЦ. Што датычыцца музея - то ён мусіць быць! Але трэба памятаць, што гэта ўсё дрэва, арганіка. Некалі падчас кансервацыі ў Бярэсці і Тураве Пётр Лысенка зрабіў памылку - ні там, ні там не зрабілі гідраізаляцыю. Трэба было разабраць канструкцыі, зрабіць бетонную сцяжку, а потым "скласці" зноў. А так што мы маем - ручайкі цякуць, плесень расце - у Бярэсці яе выносяць вёдрамі. Калі не зрабіць гідраізаляцыі - у Мінску будзем мець тое самае, тым больш што ў нас тут - Свіслач.





Суразмоўца лічыць, што раскопкі і захаванне Мінскага замку павінна стаць вялікім дзяржаўным праектам. Каб пазбегнуць "папсы" - трэба прыцягваць да ўдзелу прафесіяналаў археалогіі, рэстаўрацыі. Тарасаў прыводзіць прыклады: ў Сафіі (Балгарыя) пры будаўніцтве падземных пераходаў захавалі знойдзеныя пад зямлёй антычныя пабудовы, а ў Македоніі на тэрыторыі старога горада будуюць універсітэцкі комплекс. Над рэшткамі пабудоваў 5 стагоддзя ставяць сваі, на якіх і пабудуюць універсітэт, а унізе будзе доступ да эскпазіцыі. Каб у нас мець магчымасць "дакапацца" да Мінскага замку і якасна яго даследаваць і экспаянаваць - не абысціся без падняцця часткі праспекта Пераможцаў.

- Канешне, гэта ўсё справа доўгая. Але ўжо сёння можна на вольных ад пабудоў месцах праводзіць раскопкі - умацаванні Мінскага замку маюць вялікую працягласць. Дарэчы, наконт праспекта. Калі рабілі калектар - будаўнікі зрабілі на праспекце, перад "Працоўнымі рэзервамі", пракол. І ведаеце, прама пад асфальтам і брукоўкай 19 стагоддзя захаваліся старажытныя дамы, вуліцы. Гэта цуд, такая ступень захаванасці. Але я гэта бачыў на ўласныя вочы. Адзінае, дзе адсутнічае культурны слой – месцы, на якіх былі пабудаваныя шматпавярхоўкі. Там дакладна ўжо ўсё выграблі пад катлаваны. Але пад праезджай часткай Мінскае замчышча захавалася.

Пачынаць, кажа Сяргей, трэба хаця б з малога - нейкімі трасамі, пліткай, колерамі паказаць мінчукам месцы, дзе пад зямлёй праходзіць Мінскае замчышча.

- Пакуль нават экскурсію не правесці - не будзеш жа настолькі ўсё тлумачыць на пальцах. Добра, я ведаю, што ў мяне пад нагамі, бо стаж археалагічны вялікі - няхай і не спецыялісты ведаюць.



З камерай на падмурку “Працоўных рэзерваў” – Сяргей Тарасаў. Ён папрасіў калегу, археолага Пятра Русава, і яго самога адлюстраваць на кінастужцы. Тарасаў у кадры з камерай Русава, якая здымала на стужку 16 мм, тарасаўскія кадры – знятыя на стужку шырынёй 8 мм.



Кінастужка захавала шмат цікавых гарадскіх панарам 1984-85 гадоў. Тут і Траецкае прадмесце (яшчэ без Вострава слёз), і будаўніцтва дома, дзе зараз гандлёвы дом "На Нямізе", і не дажыўшыя да нашых часоў дамы каля галоўнага праваслаўнага сабора Мінску.









На гэтым месцы археолагі праводзілі раскоп у 1980 годзе. Георгій Штыхаў знайшоў тут шыйную срэбную грыўню 11 стагоддзя.

←Субботкин и еще девять спортфункционеров попавших под раздачу силовиков

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика