У Бярэзінскім запаведніку з'явіцца вяровачны атракцыён

Источник материала:  
16.07.2015 08:52 — Новости Общества
Задума зрабіць пляцоўку для актыўнага адпачынку ў адной з найпрыгажэйшых мясцін краіны ўзнікла на пачатку гэтага года. Узімку да кіраўніцтва запаведніка звярнуўся індывідуальны прадпрымальнік. Расказаў пра папулярныя сёння вяровачныя паркі і прапанаваў адкрыць такі ж для наведвальнікаў прыроднага помніка.




— Перш чым узгадніць праект і выдзеліць на яго бюджэтныя сродкі, мы хацелі ведаць, наколькі падобныя атракцыёны карыстаюцца попытам,
— распавядае начальнік эколага-турыстычнага аддзела запаведніка Алена Ятчэня. — З'ездзілі ў загарадны клуб "Фестывальны", што ў Валожынскім раёне, і паглядзелі, што вяровачныя палосы перашкод сапраўды цікавы людзям.

Экстрым-забаву пабудавалі хутка. За месяц прывезлі патрэбнае абсталяванне і сабралі парк у кронах дрэў. На трохметровай вышыні з'явіліся дзве паласы перашкод рознага ўзроўню складанасці — на 8 і на 16 этапаў. Засталося закупіць страховачную экіпіроўку для турыстаў. Каб забяспечыць бяспеку аматараў актыўнага адпачынку, на атракцыёнах будуць дзяжурыць інструктары.

Першых наведвальнікаў вяровачнага парка "Лясныя забавы", які будзе даступны круглы год, чакаюць ужо 1 жніўня. Прымаць тут будуць як асобных турыстаў, так і арганізаваныя групы. Паспрабаваць свае сілы на паласе перашкод зможа любы чалавек, старэйшы за 10 гадоў.

Каб трапіць на экстрым-пляцоўку, трэба будзе набыць асобны квіток (яго кошт пакуль не вызначаны). Плануецца, што праект акупіцца за год-паўтара.

Парк на дрэвах — яшчэ адна магчымасць прыцягнуць турыстаў у найстарэйшы ахоўны прыродны аб'ект Беларусі. У мінулым паўгоддзі запаведнік, які ўключаны ў Сусветную сетку біясферных рэзерватараў праграмы ЮНЕСКА "Чалавек і біясфера", наведалі 16,5 тысячы чалавек (на 12% больш, чым за шэсць месяцаў мінулага года). Пятая частка з іх — замежнікі (грамадзяне Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Швейцарыі, Германіі, Польшчы).
Даведка

Бярэзінскі біясферны запаведнік знаходзіцца на мяжы трох раёнаў - Лепельскага і Докшыцкага Віцебскай вобласці і Барысаўскага Мінскай вобласці.
←Дайджесты. Анонсы. Даты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика