5 самых важных гістарычных будынкаў Мінска, якія яшчэ можна вярнуць
14.07.2015 07:26
—
Новости Общества
Каб запісаць сваё імя ў гісторыю Мінска, трэба будаваць не гатэлі і бізнес-цэнтры. Вежа-званіца, халодная сінагога, самы галоўны касцёл горада – склалі must build-спіс, які тэрмінова трэба аднавіць. Першапачаткова мы хацелі расказаць вам пра архітэктурныя скарбы, якія страціла сталіца. Але мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, да якога CityDog.by звярнуўся па кансультацыю, крыху змяніў ракурс. І прапанваў не чарговы плач Яраслаўны, а канкрэтны спіс каштоўных будынкаў, якія цалкам рэальна аднавіць. Бо ад іх захаваліся падмуркі.
Вежа-званіца Кафедральнага касцёла езуітаў
Дзе: плошча Свабоды.
Што трэба перабудаваць: месца перад домам, дзе знаходзяцца пасольствы Францыі і Балгарыі (плошча Свабоды, 19).
У сярэдзіне XVII стагоддзя ў Мінску з'явіліся езуіты. Іх архітэктурны комплекс паўстаў у самым цэнтры горада – у раёне цяперашняй плошчы Свабоды. Гэта езуіцкая школа, Марыінскі кафедральны касцёл, будынак калегіюма і вежа-званіца. Апошняя была пабудавана ў 1738 годзе (па іншых звестках – у 1739-м). У 1750-м яе рэканструявалі і размясцілі на ёй вялізны звон, на якім было выбіта імя фундатара – Язэп Салагуб. Гадзіннік на гэтай вежы на 200 гадоў стаў галоўным гарадскім хранометрам. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя, калі пачалася перабудова комплекса, вежу-званіцу ператварылі ў пажарную каланчу (замест купала наверсе зрабілі адкрытую назіральную пляцоўку).
Разам з ратушай вежа лічылася даваенным сімвалам Мінска. Яе неаднаразова малявалі Язэп Драздовіч і іншыя мастакі. Падчас вайны вежа была пашкоджана, а ў 1950-я знесена, няглядзечы на забарону з боку Масквы. Пэўны час яна ляжала на зямлі, яе драбілі і рэзалі нібы батон. Калі б званіца ацалела, яна б замкнула перспектыву вуліцы Леніна з боку Карла Маркса. Цяпер за месцам, дзе знаходзіўся помнік, – дом, у якім размешчаны пасольствы Францыі і Балгарыі.
Касцёл святога Томаша Аквінскага
Дзе: на паўночным захадзе Кастрычніцкай плошчы.
Што трэба перабудаваць: нічога. Месца свабоднае.
Дамініканскі касцёл святога Томаша Аквінскага стаяў на рагу вуліц Інтэрнацыянальнай і Энгельса. Ён з"яўляўся часткай дамініканскага манастырскага комплекса, які быў пабудаваны ў пачатку ХVІІ стагоддзя. Лічыцца, што гэта першая або другая па ліку хрысціянская мураваная святыня ў Мінску.
Касцёл лічыўся самым вялікім храмам горада (налічваў 12 алтароў) і здзіўляў падарожнікаў багаццем інтэр'ераў і музыкай аргана. У часы Расійскай імперыі ў ім размяшчалася каталіцкая семінарыя, пазней – склады і казармы. У 1926 годзе касцёл быў уключаны ў спіс каштоўнасцяў усесаюзнага значэння. Цікава, што БССР нават атрымала кантрыбуцыю ад Германіі за яго пашкоджанне. У 1952-м пры рэканструкцыі Кастрычніцкай плошчы яго знішчылі. Гэта быў адзін з важнейшых аб"ектаў для горадабудаўніцтва, дзякуючы якому была бачна ўся перспектыва вуліцы Інтэрнацыяльнай. Зараз на яго месцы "дзірка".
Падчас будаўніцтва Палаца Рэспублікі узнік праект музеефікаваць яго рэшткі – не хапіла сродкаў. Некалькі гадоў таму Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры распрацавала праект яго поўнага аднаўлення.
Касцёл Святога Войцэха
Дзе: на вуліцы Інтэрнацыянальнай.
Што трэба перабудаваць: прыбраць будынак рэспубліканскай пракуратуры.
"Разынкай" манастырскага комплекса бенедыктынак быў барочны касцёл (яго будаўніцтва скончылася ў 1649-1650 гадах). Вядома нават імя архітэктара – Андрэас Кромер, які заключыў кантракт з віленскім ваяводам Крыштафам Хадкевічам. Дзве вежы касцёла былі бачны з Нямігі. Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі комплекс перадалі Спаса-Прэабражэнскаму жаночаму манастыру, а касцёл перабудавалі ў Прэабражэнскую царкву. Вежы разбурылі, замест іх з'явілася пяць купалоў-"цыбулін".
Менавіта ў гэтым будынку мітрапаліт Мелхіседэк у 1923 годзе абвясціў аўтаномію Беларускай праваслаўнай царквы. Падчас вайны купалы царквы згарэлі. Пасля доўгіх ваганняў будынак спачатку захавалі – у ім размясціўся клуб работнікаў прамысловасці. Але ў 1960-х царкву знеслі і паставілі там будынак рэспубліканскай пракуратуры. Дарэчы, на гэтым месцы былі знойдзены падземныя хады, якія ішлі па кірунку да кінатэатра "Перамога", а таксама да дамініканскага і францысканскага манастыроў.
Мячэць
Дзе: каля гасцініцы "Юбілейнай" (праспект Пераможцаў, 19).
Што трэба перабудаваць: знесці фантан перад рэстаранам "Юбілейны".
Мінская мячэць, пабудаваная ў 1901 годзе, не толькі канкрэтны архітэктурны будынак. Яна ўвасабляе пяцісотгадовую гісторыю ісламу ў Мінску, бо на гэтым месцы на тэрыторыі Татарскай слабады дагэтуль стаяла драўляная мячэць. Грошы на новы храм збіралі цягам дзесяці гадоў. Мячэць, пабудаваная ў стылі кіпрскай маўрытанікі, лічылася ўпрыгожаннем Мінска і ў пачатку ХХ стагоддзя неаднаразова трапляла на паштоўкі. Ёй захапляліся падарожнікі незалежна ад веравызнання.
Пасля вайны мячэць закрылі. 163 чалавекі напісалі ліст асабіста Іосіфу Сталіну з просьбай вярнуць будынак. Але іх намаганні былі марныя. Напрыканцы 1960-х, пры Машэраве, мячэць, а таксама 32-метровы мінарэт былі знішчаны. Навошта, дагэтуль невядома. Магчыма, таму што мусульманскі будынак выглядаў вышэй за рэстаран "Юбілейны". Цяпер на іх месцы знаходзіцца фантан перад рэстаранам і пешаходная зона.
Халодная сінагога
Дзе: каля "Белпрампраекта" (плошча Свабоды, 17).
Што трэба перабудаваць: прыбраць паркоўку ля "Белпрампраекта".
Сінагога, узведзеная каля 1570 года, лічылася найстаражытнейшым гатычным будынкам горада. Да нас дайшлі яе малюнкі, створаныя Міхасём Філіповічам і Міхаілам Станютам, бацькам славутай купалаўскай актрысы і прапрадзедам гімнасткі Меліты Станюты.
Сінагогу не выкарыстоўвалі для вучобы і не ацяплялі, а таму назвалі халоднай.
У 1930-я будынак закрылі, але пасля вайны зноў аддалі вернікам. У 1960-я побач пачалі ўзводзіць будынак "Белпрампраекта" (плошча Свабоды, 17). Спачатку ў сінагозе размясцілі склад, а калі суседні новабуд скончылі – у 1965 годзе знеслі. Цяпер на месцы сінагогі знаходзіцца паркінг каля будынка "Белпрампраекта". Падмуркі закансерваваныя. Іх перасыпалі сухім кварцавым пяском і схавалі пад асфальтам да лепшых часоў. Дарэчы, ужо пасля разбурэння будынка падмуркі ўнеслі ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны.
Цікавая дэталь: лёс сінагогі, мячэці і касцёла святога Войцэха вырашаўся ў Мінску. А наконт вежы-званіцы і касцёла святога Томаша ішла перапіска с Масквой. Мінскія чыноўнікі прасілі прыбраць помнікі са спіса культурнай спадчыны, каб іх можна было знесці.