"Віцебск TUT". Сяржук Серабро: "Віцебску не хапае веча"

Источник материала:  
17.06.2015 16:47 — Новости Общества
Рубрыка "Віцебск TUT" - гэта бліц-інтэрв'ю з жыхарамі абласнога цэнтра. У іх гараджане дзеляцца сваімі думкамі пра жыццё ў горадзе і трохі распавядаюць пра сябе. Сёння мы гутарым з фатографам, галоўным рэдактарам онлайн-газеты "Народныя навіны Віцебска" Сержуком Серабро. Гэты партал з'явіўся ў 2006 годзе і быў першым буйным незалежным онлайн-выданнем у рэгіёне.


Сяржук Серабро. Фота: Юрый Шэпелеў

- Вы карэнны жыхар Віцебска?

- Не, я прыехаў у Віцебск у 1993 годзе. А нарадзіўся і вырас у вёсцы Баяры Чашніцкага раёна. Гэта адно з былых паселішчаў панцырных баяр, раскіданых па ўсёй усходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага. Так што мае продкі, як пісаў Караткевіч, першымі запальвалі сігнальныя агні і ішлі сустракаць ворага, да падыходу дапамогі.

- У чым "фішка" Віцебска, яго адрозненне ад іншых гарадоў?

- Прыцягальнасць Віцебска ў яго камернасці. На жаль, гэта камернасць шмат у чым была разбураная. Пачалося разбурэнне, безумоўна, са знішчэння сквера на плошчы Перамогі і ператварэння гэтага ўтульнага месца ў бетонную пляцоўку для плац-парадаў.

На гэтым, як ні шкада, вынішчэнне ўтульнасці горада не скончылася. Усе змены ў горадзе былі скіраваныя на стварэнне шырокіх перспектыў, паркі і скверы прарэджваліся, не раўняй буракі на градах. Магчыма, такім чынам Віцебску спрабавалі надаць "сталічнасці", на манер шэра-бетоннага Мінска.

- Чаго Віцебску і яго жыхарам не хапае?

- Віцебску не хапае веча. У горадзе ёсць ратуша, а ратманаў (выбарных членаў органа гарадскога кіравання - TUT.BY) няма.

Ва ўмовах сучаснай "вертыкалі" ўлады мясцовае самакіраванне носіць рудыментарны характар. Думкай гараджан ніхто не цікавіцца, а калі й праводзяцца грамадскія апытанні, то максімальна фармальна.

Толькі пры выбарнай гарадской уладзе, якая рэальна кіруе і адказвае перад гараджанамі, Віцебск будзе развівацца ў адпаведнасці з інтарэсамі яго жыхароў.

- Што ў горадзе трэба памяняць? І што, на ваш погляд, нескладана палепшыць без вялікіх фінансавых выдаткаў і папяровага бюракратызму?

- Памяняць трэба стаўленне да спадчыны, а яе ў Віцебску засталося не так шмат. Трэба спыніць бяздумную забудову гістарычнага цэнтра няўклюднымі гандлёвымі будынкамі і клубамі з гульнёвымі аўтаматамі. Не руйнаваць хаця б тое, што засталося - у Віцебску ў апошнія гады знесеныя некалькі канструктывісцскіх будынкаў першай чвэрці мінулага стагоддзя.

Шмат што магчыма зрабіць, не запускаючы дужа глыбока руку ў гарадскі бюджэт. Напрыклад, ад чыгуначнага вакзала можна пусціць экскурсійны тралейбус, хаця б па існуючым маршруце № 4, і  экскурсавод распавядаў бы цікавосткі пра Віцебск. Або хаця б замяніць у грамадскім транспарце на расповед пра гісторыю горада тое бубненне пра зруйнаваны і адроджаны Віцебск, запісанае гадоў дзесяць таму.

Не так ужо шмат каштавала б і дубляванне сучасных назваў вуліц таблічкамі з іх гістарычнымі найменнямі. Пачаць можна з усталявання такіх указальнікаў каля гісторыка-культурных помнікаў.

- Ваша любімае месца ў горадзе? І дзе, па-вашаму, жыве душа Віцебска?

- Асобнага любімага месца ў Віцебску ў мяне няма. Я люблю віцебскія ліхтары. Асабліва мне падабаліся каляровыя, якія былі ў цэнтры горада ў 80-х гадах мінулага стагоддзя.

Стылізаваныя пад старадаўнія, на сваіх гранях гэтыя ліхтары мелі каляровыя шкельцы: жоўтыя, блакітныя, чырвоныя і г.д. Праз іх Віцебск асвятляўся быццам праз шагалаўскія вітражы нават тады, калі ў горадзе пра гэтага мастака ўспамінаць не хацелі. На жаль, зараз, калі дзе-нідзе такія ліхтары і засталіся, то каляровыя шкельцы ў іх пабітыя і замененыя на малочныя.

Душа Віцебска жыве на сямі пагорках, на якіх ён пабудаваны. Адсюль ён пачаўся - з першых замкаў. Менавіта такі ландшафт з перападамі высотаў робіць Віцебск роўным такім сталіцам, як Вільня, Кіеў, Прага і Рым. Без усялякіх "самых вялікіх у Еўропе плошчаў".

- Ці ёсць у вас нейкая любімая гісторыя, легенда, верш пра Віцебск?

- Хочацца знайсці Язафатаў камень (Язафат Кунцэвіч - жорстка забіты віцяблянамі ў 1623 годзе грэка-каталіцкі біскуп. За гэта горад на некаторы час страціў Магдэбурскае права - TUT.BY). Валун знаходзіўся ў Дзвіне насупраць Успенскага сабора. Па легендзе, да яго прыбіла цячэннем цела забітага біскупа. Дзесьці ў другой палове XIX стагоддзя гэты камень знік.

- Ці былі выпадкі, калі вы з гонарам казалі або думалі: "Я з Віцебска"?

- Кожны віцяблянін павінен быць патрыётам горада. Увогуле, нацыяналізм павінен пачынацца з гонара сваёй вёскай (як у маім выпадку), сваім горадам, сваім краем, а потым - сваёй краінай і народам.

- У рэдакцыі "Народных навін Віцебска" - адзін супрацоўнік, гэта вы, так? Наколькі цяжка ўтрымліваць досыць сур'ёзны інфармацыйны рэсурс адному? І ці ёсць на сёння ў "ННВ" рэальныя канкурэнты ў рэгіёне?

- Зараз я не зусім адзін: час ад часу дасылаюць матэрыялы некалькі добрых аўтараў. Але стала і штодзень для выдання пішу адзін я, так. А быў час, калі я застаўся ўвогуле адзін, ну яшчэ раз на тыдзень іншы чалавек рабіў "Афішу".

Тады на першым часе падтрымліваў своеасаблівы кураж: цікава было, ці ў сілах аднаму чалавеку рабіць навінавы сайт для рэгіёна і не страціць пазіцыі. Аказалася - магчыма, кураж прайшоў. Засталася адказнасць перад чытачамі, якія ўжо амаль 9 гадоў прывыклі даведвацца пра мясцовыя падзеі з "Народных навін Віцебска".

Гэты абавязак - кожны дзень, якое б ні было свята, забяспечыць сайт некалькімі матэрыяламі - часам напружвае. Пісаць даводзіцца нават, калі еду ў вёску да мамы і займаюся там пчоламі або раблю каўбасы.

Што тычыцца канкурэнтаў, то сярод мясцовых выданняў пакуль іх няма. Нягледзячы на тое, што дзяржаўныя газеты завялі сайты, разумення працы ў інтэрнэт-прасторы ў іх так і не з'явілася. Таму зараз наша аўдыторыя прыкладна роўная ўсім іншым гарадскім навінавым сайтам, разам узятым.

Калі вы хочаце стаць героем наступнага бліц-інтэрв'ю, паведаміце інфармацыю пра сябе і свае кантакты на адрас: matveeva@tutby.com.

Чытайце таксама:

Віцебск TUT. Сяргей Маркаў: "Гораду не хапае дзіцячых пляцовак, беларускай кавярні і дрэў"

"Витебск TUT". Виктор Борисенков: "Не хватает профессионалов, любящих город"
←В Гродно тяжело травмирован пешеход, попавший под велосипед

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика