Беларуска трымае гарод у цэнтры Вашынгтону ды вучыць амерыканцаў харчавацца па-беларуску

Источник материала:  
02.06.2015 12:18 — Новости Общества
Журналісты "Радыё Свабода" знайшлі ў Амерыцы беларуску, якая ўжо некалькі год трымае свой гарод у цэнтры Вашынгтона ды арганізуе нацыянальны Дзень ежы (Food Day).

Навошта ў Італіі абараняць закруткі і сушаныя яблыкі?

У 2000 годзе Лілія Смялкова прыехала ў Турын, што ў паўночнай Італіі, каб працягнуць тут вучобу пасля Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэту. Недалёка ад гораду размяшчалася штаб-кватэра міжнароднай арганізацыі "Слоўфуд" (Slow Food), якая на той час адкрыла вакансію для англамоўных супрацоўнікаў. Гэтак Смялкова патрапіла ў сферу харчавання.




Ад пачатку яе здзівіла, што гэтая арганізацыя абараняе традыцыйную сістэму харчавання. Так, "Слоўфуд" прапагандуе самастойнае вырошчванне гародніны і садавіны, харчаванне дома ці ў нясеткавых рэстаранах, дзе выкарыстоўваецца прадукцыя мясцовых вытворцаў.

"Я расла ў Мінску, але ў маёй сям'і была хата на вёсцы каля горада, дзе я праводзіла кожнае лета. Мы самі вырошчвалі гародніну і садавіну, сушылі яблыкі, рабілі закруткі на зіму. Са сваіх прадуктаў мы гатавалі ежу. Для мяне гэта было натуральна, а ў Італіі чамусьці даводзілася гэта абараняць".


Толькі за мяжой Смялкова ўсвядоміла, што хатняя ежа штодня - гэта традыцыйная культура харчавання, якая знікае ў многіх краінах, а дзесьці ўжо зусім знікла. Напрыклад, у Амерыцы ўжо выраслі тры пакаленні, якія ўвогуле не ўмеюць гатаваць.

"Для беларусаў гэта можа гучаць дзіўна, але максімум, што могуць прыгатаваць многія амерыканцы, - гэта бутэрброд. Нават не салату, бо для гэтага ў іх няма навыкаў. Ім няма ў каго навучыцца, таму што ані маці, ані бабуля не гатавалі ў іхняй сям"і".

Каб людзі не харчаваліся аднымі паўфабрыкатамі, для малазабяспечаных сем'яў у ЗША нават праводзяцца ўрокі кулінарыі. Там навучаюць простым і збалансаваным рэцэптам і як падабраць прадукты ў краме для гатавання дома.

Пра амерыканцаў, якія галадаюць

Хоць міжземнаморская дыета лічыцца адной з самых карысных, менавіта ў Італіі сёння адзін з самых высокіх узроўняў атлушчэння сярод дзяцей. У гэтым італьянскія дзеці апярэдзілі нават амерыканскіх.




"Заходняя ежа і культура распаўсюджваецца паўсюль, гэтаксама і ў Італіі, -
кажа Смялкова. - Таму праблема фастфуду актуальная і для гэтай краіны".

Кампанія "Слоўфуд" зарадзілася ў Італіі ў 1986 годзе, калі ў Рыме адкрылі першы рэстаран "Макдональдз". Неўзабаве гэты рух распаўсюдзіўся і на іншыя краіны. Паколькі Смялкова валодала рускай мовай, яе прызначылі каардынаваць краіны Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.

А ў 2010 годзе, калі беларуска заканчвала магістратуру ў Каралеўскім каледжы ў галіне навакольнага свету і міжнароднага развіцця, ёй прапанавалі 8-месячную працу ў Вашынгтоне. Цэнтр навукі ў грамадзкіх інтарэсах у той час толькі заснаваў Дзень ежы і шукаў чалавека з досведам працы ў сферы харчавання.

Аднак 8-месячным кантрактам з беларускай яны не абмежаваліся: з 2011 года і па сёння Лілія Смялкова застаецца мэнэджэрам кампаніі Дзень ежы, адказвае за стратэгію, супрацу з тысячамі арганізацый па ўсёй краіне.

"У ЗША неверагодныя праблемы з ежай. Хваробы, звязаныя з дрэнным харчаваннем, абыходзяцца амэрыканцам у больш за 150 мільярдаў долараў на год. Да таго ж наносіцца вялікая шкода не толькі людзям, але і навакольнаму асяроддзю".


м

Нечаканым адкрыццём для Смялковай стала тое, што каля 50 мільёнаў амерыканцаў галадаюць: сацыяльную дапамогу ў якасці талонаў на бясплатныя прадукты тут атрымлівае 1/6 частка насельніцтва.

"Для мяне гэта было самай дзіўнай часткай амерыканскай сістэмы. Здавалася нерэальным, што ў такой заможнай краіне, дзе так шмат вырабляецца і экспартуецца, не могуць даць рады праблеме голаду".

У Беларусі порцыі замалыя, у ЗША - завялікія

У той час, як пятая частка насельніцтва недаядае, дзве траціны дарослых і траціна дзяцей і падлеткаў у ЗША маюць лішнюю вагу. Цэнтр навукі ў грамадзкіх інтарэсах, дзе працуе Смялкова, стараецца даносіць да амерыканцаў інфармацыю аб шкодных прадуктах. Напрыклад, у пачатковай школе на тое, каб патлумачыць дзецям, як правільна харчавацца, выдзяляюць толькі 3,4 гадзіны на год.

"Пасля гэтага мы маем такія вынікі: хлопцы ў сярэднім спажываюць 27 лішніх лыжак цукру на дзень, дзяўчаты - 20. У асноўным за кошт газаваных напояў і сняданкаў з дадаткам цукру".

Каб абараніць ад шкоднай ежы прынамсі дзяцей, некалькі гадоў Цэнтр навукі ў грамадзкіх інтарэсах працаваў над унясеннем зменаў у Закон "Аб харчаванні дзяцей". Абноўлены закон пачаў дзейнічаць летась. Ён забараняе выкарыстанне ў школах салодкіх газаваных напояў, а таксама абавязвае павялічыць колькасць садавіны і гародніны ў школьных абедах.




"Я памятаю, што ў Беларусі порцыі былі нармаваныя і звычайна малыя. У ЗША адваротная праблема - порцыі змяшчаюць больш калорый, чым іх там мусіць быць. І дзеці тут звычайна пераядаюць".

У працяг тэмы здаровага харчавання ў ЗША пачынаюць адкрывацца рэстарацыі, якія арыентуюцца на здаровую ежу і памяркоўныя порцыі. У той час, як беларусы наракаюць на маленькія порцыі ў рэстарацыях, амерыканцам, наадварот, рэкамендуюць з'ядаць толькі палову звычайна вялікай порцыі, а другую забіраць дадому.

"Штогод наш цэнтр абірае „пераможцаў“ - самыя высокакаларыйныя стравы ці прадукты. Так, малочны кактэйль можа змяшчаць 2200 калорый, а кавалак торта - каля 2000 калорыяў. А гэта дзённая норма для чалавека".

На былых паркоўках вырошчваюць шчаўе і памідоры

Паводле Смялковай, не толькі амерыканцам ёсць чаму павучыцца ў беларусаў. У адрозненне ад заходніх краінаў, Беларусь яшчэ не паспела аддаліцца ад традыцыйнага харчавання. Тыя ж гароды і дачы, якія раней былі ці не ва ўсіх беларусаў, у Амерыцы толькі зараз набываюць папулярнасць. Прычым калі ў Беларусі вырошчванне гародніны на дачы можа лічыцца прыкметай беднасці, то ў Амерыцы толькі прагрэсіўная частка насельніцтва ўстае ў чаргу па ўчастак ў грамадзкіх садах.




"Я чакала свой участак тры гады"

Мода на грамадзкія сады зявілася ў апошні час у многіх гарадах. Па сутнасці гэта невялікія гароды. Іх ствараюць на былых паркоўках, пустых участках зямлі, у парках ці нават на дахах дамоў. А ў горадзе Сіэтл гаспадарам прыватных дамоў дазволілі вырошчваць садавіну на кавалках зямлі паміж праезнай часткай і тратуарам.

"Некаторыя грамадзкія сады захаваліся з часоў Другой сусветнай вайны, калі Амерыка арганізавала шмат садоў па краіне. Тады людзі вырошчвалі садавіну і гародніну для сябе, каб больш прадуктаў дасылалася на фронт", - кажа Лілія.




Гарод Ліліі Смялковай - стандартны, 3×4 мэтры. Як і шмат іншых, ён месціцца недалёка ад цэнтру горада. Карыстанне зямлёй - бясплатнае. 30 даляраў на год каштуе толькі паліў. На сваім гародзе беларуска вырошчвае розныя гатункі салаты. У субтрапічным клімаце Вашынгтону вельмі добра растуць памідоры, а вось агуркі горш пераносяць гарачае лета. Таксама дзяўчына вырошчвае гарбузы, кабачкі, моркву, радыску і буракі.

"Бурак увогуле - вельмі модны цяпер від гародніны. У рэстарацыях яго падаюць з лісцем салаты і казіным сырам".

Яшчэ Смялкова адзначае, што большасць амерыканцаў трымае гароды не столькі, каб эканоміць грошы, колькі з адукацыйных і экалагічных памкненняў. Людзям цікава назіраць самім і паказаць дзецям, як расце баклажан ці перац.

"Многія амерыканскія школьнікі не могуць адрозніць бульбу ад грушы. Раней я думала, што гэта жарт. Але дзеці тут сапраўды не ведаюць, якая садавіна і гародніна адкуль бярэцца".


Фото: svaboda.org

"Мама, тата, я не буду есці гэтыя пяльмені"

Падчас свайго выступу на вядомай канферэнцыі TED у пачатку лютага Смялкова згадвала Беларусь. Казала, што Беларусь можа быць прыкладам правільнай арганізацыі харчавання.

Выступ на канферэнцыі TED:



Але гэта не значыць, што ў нас няма праблемаў з харчаваннем. У 2008 годзе, калі Лілія Смялкова яшчэ працавала ў італьянскім "Слоўфудзе", яна каардынавала праект па збалансаваным харчаванні ў школе № 3 у Бярозе на Берасцейшчыне.

Да школьнікаў прыходзілі мясцовыя вытворцы сыру і масла, пчалавод, рыбак, фермэр і кухар. Яны праводзілі кулінарныя заняткі, дзе вучылі дзяцей рабіць масла і сыр у хатніх умовах, вырошчваць куранят.

"Вынікі былі ашаламляльныя!"

Смялковай распавялі гісторыю, як аднаго разу дзеці падышлі на вуліцы да жанчыны, якая давала свайму дзіцяці чыпсы, і сказалі ёй, каб лепш яна дала яму яблык. Ці як 11-гадовы хлопчык, пачытаўшы склад пяльменяў, сказаў бацькам, што есці іх не будзе.

"Выкладнікі вельмі здзівіліся зменам у паводзінах дзяцей. Асабліва хутка змяняліся малодшыя дзеці".




Абкатаную ў Беларусі праграму заняткаў сталі выкарыстоўваць як прыклад для падобных мерапрыемстваў Туркменістане, Азербайджане і Украіне. Удзел у распрацоўцы праграмы і падсумаванне вынікаў праводзілі навукоўцы з універсітэту Бэрклі (Каліфорнія).

Яшчэ адзін праект у Беларусі Смялкова праводзіла ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці. 70% тэрыторыі гэтага раёну пакрытыя лясамі, азёрамі і балотамі. Прырода тут багатая, а прамысловасць не надта развітая. Жыхароў вёсак Клясціцы, Забор’е і Янковічы з дапамогай супрацоўніцы мінскага батанічнага саду навучылі, як збіраць зёлкі і рабіць з іх травяныя зборы. Цяпер гэтыя зборы прадаюць турыстам як мясцовую гарбату.

"Людзі, якія займаюцца традыцыйным харчаваннем, звычайна недаацэньваюць сябе. Калі ж на іх звяртаюць увагу міжнародныя арганізацыі, калі яны, як гэта было ў Італіі, трапляюць на першыя палосы газет, іхняя самаацэнка падвышаецца. Тады мы маем шанец, што традыцыйнае харчаванне не знікне".

Даведка

З 2011 года Дзень ежы штогод праходзіць ў ЗША 24 кастрычніка. Летась у ім удзельнічалі ўсе 50 штатаў. Да яго былі прымеркаваны 8 тысяч канферэнцый, сустрэч, мітынгаў і іншых мерапрыемстваў. Самыя вядомыя акцыі ў Дзень ежы праходзяць у Нью-Ёрку, дзе апоўдні сотні тысяч людзей адкусваюць яблык - сімвал гораду. Па словах Ліліі Смялковай, такі дзень варта было б адзначаць у кожнай краіне. "Ён натхняе на змены ў харчаванні, прымушае падумаць аб устойлівай сельскай гаспадарцы, абароне навакольнага асяроддзя і справядлівых умовах працы", - кажа яна.
←На Августовском канале появится первый хостел, а в бывшей усадьбе - кафе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика