Сланы, зомбі і паэмы. Якія вершы прысвячалі Трактаразаводскаму пасёлку і якія фільмы там здымаліся

Источник материала:  
29.05.2015 13:32 — Новости Общества
Вы ведаеце, што, здаралася, на вуліцах пасёлка Трактарнага завода пасвілі слана? Ці што аднойчы там здымалі кіно пра зомбі? А паэт Віктар Жыбуль ведае. Разам з іншымі неабыякавымі да гісторыі горада людзьмі ён збірае незвычайную калекцыю – узгадкі пра Трактарны пасёлак у мастацкіх творах. Савецкія паэты прысвячалі Трактарагораду вершы, а беларускія і расійскія кінематаграфісты ў наш час ствараюць тут каларытныя фільмы.

У матэрыяле TUT.BY – багатае даследаванне Віктара Жыбуля. Нагадаем, што сёння частцы будынкаў Трактаразаводскага пасёлка пагражае знос.


Жылы пасёлак Мінскага трактарнага завода. Вуліца А.Кашавога. З кнігі Віталя Кірычэнкі "Мінск. Гістарычны партрэт горада 1953-1959".


"... Што волат, пад Мінскам уздымаецца Трактарагорад"

Трэба памятаць, што Трактарны – гэта не Траецкае прадмесце і не Верхні горад, а раён параўнальна малады, які сфармаваўся ў першыя гады пасля Другой сусветнай вайны. Таму ўсё, што напісана, намалявана, знята пра Трактарагорад – гэта альбо спадчына савецкага часу, альбо створанае нядаўна, ужо ў часы незалежнай Беларусі.

Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.

Открыть/cкачать видео (7.23 МБ)

Відэаархівы. Як засяляўся пасёлак Трактарнага завода

Кіначасопіс "Савецкая Беларусь", № 14, 1956 г., рэж. Л. Матусевіч, апер. М. Бераў, І. Вейняровіч, В. Пужэвіч, Г. Лейбман, Цэслюк, Г. Масальскі, Ю. Іванцоў; кінастудыя "Беларусьфильм".

Відэаматэрыялы падрыхтаваны галоўным архівістам аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі БДАКФФД Аленай Паляшчук.
Будаўніцтва завода і яго пасёлка было абвешчана адной з галоўных будоўляў краіны. Таму не дзіўна, што тагачасныя паэты і пісьменнікі прысвячалі свае творы альбо Трактарагораду, альбо трактаразаводцам, альбо трактарам.

У 1950 годзе ўбачыў свет літаратурны зборнік "Беларускі трактарны", куды ўвайшлі вершы Петруся Броўкі, Максіма Танка, Анатоля Вялюгіна, празаічныя творы Янкі Брыля, Рыгора Нехая, Івана Грамовіча і іншых аўтараў.

Сёння цікава пачытаць нарыс Мікалая Гарулёва "Жыллёвы гарадок", у якім аўтар апісвае свой шпацыр па новазбудаваным Трактаразаводскім пасёлку канца 1940-х. Вось як апісваецца ў нарысе будучая вуліца Чабатарова: "Далёка цягнецца вуліца адзінаццатага квартала. Роўная, выкладзеная брукам, яна ледзь-ледзь падымаецца на ўзгорку і спускаецца да рачулкі. Уздоўж вуліца абсаджана маладымі дрэўцамі. Усе яны добра прыняліся і пад сонцам красуюцца сваімі зялёнымі лісцямі".


На фота - вуліца. А. Кашавога. На адрэзку паміж вуліцамі Стаханаўскай і Шчарбакова. Від на сённяшнія жылыя дамы № 7, 9. Афармленне сярэдняй часткі бульвара яшчэ не завершанае. 1953 г. З кнігі Віталя Кірычэнкі "Мінск. Гістарычны партрэт горада 1953-1959".

Далей – апісанне трохпавярховага дома стаханаўцаў, куды пісьменнік завітаў у госці да слесара-ўдарніка Васіля Дароўскага. Гэты дом мала змяніўся з таго часу: ён стаіць на рагу вуліц Чабатарова і Стаханаўскай і каля яго кінематаграфісты вельмі любяць здымаць фільмы. Заходзіў Мікалай Гарулёў і ў першыя яслі для дзетак трактаразаводцаў на вуліцы Чабатарова (цяпер гэта пусты, засмечаны будынак з напаўразваленым дахам), і ў заводскую бальніцу, і ў клуб, які тады знаходзіўся ў будынку (дарэчы, даваенным) па цяперашняй вуліцы А. Кашавога, 2.


У дзіцячых яслях № 23 (сучасны адрас - вул. А.Кашавога, 12). Фота А. Гарэльчыка. 2-я пал. 1950-х гг. З кнігі Віталя Кірычэнкі "Мінск. Гістарычны партрэт горада 1953- 1959".

З нарыса можна даведацца, што ў пасёлку на той момант было 56 новых дамоў: 54 двухпавярховыя і толькі 2 трохпавярховыя (дамы стаханаўцаў: сучасная вул. Стаханаўская, 2 і 6). Усяго ж планавалася пабудаваць 124 новыя двух, трох- і чатырохпавярховыя жылыя дамы.


Вуліца А. Кашавога (прылеглы раён). Унутрыквартальная прастора. На фасадах сённяшняга жылога дома № 8 вядуцца аддзелачныя работы. 13 кастрычніка 1953 г. З кнігі Віталя Кірычэнкі "Мінск. Гістарычны партрэт горада 1953-1959".

Адзін з найбольш вядомых твораў, прысвечаных заводу і яго пасёлку, – верш народнага паэта Петруся Броўкі, упершыню апублікаваны ў газеце “Звязда” 26 лістапада 1947 года:

“Трактарагорад”

Рассунуўшы сосны
Плячамі, што волат,
Пад Мінскам ўздымаецца
Трактарагорад.

Высока кавальскія цэхі
Пасталі
На месцы, дзе немцаў
Ў кацёл заціскалі.
[...]

На новай будове
Працуюць заўзята
Са ўсёй Беларусі
Хлапцы і дзяўчаты.

Хоць многія з іх
Маладыя гадамі,
Але ўжо выдатнымі
Сталі майстрамі.

Слухмяна ім кельма,
I цесля,
I молат...
Тут будзе збудованы
Трактарагорад.

Ўзнімецца горад
У працы няспыннай,
I трактары пойдуць
Шляхамі краіны.

I будуць на полі
Калгасным гадамі
Ад Мінска-сталіцы
Яны пасланцамі.



Цалкам сфарміраваны бульвар. Від у бок Даўгабродскай. 9 чэрвеня 1956 г. З кнігі Віталя Кірычэнкі "Мінск. Гістарычны партрэт горада 1953-1959".

Адгукнуўся вершам на будаўніцтва Трактарнага завода і Пятро Глебка:

І былыя мінскія урочышчы
Новай славай надзяліў народ:
Дзе варожыя капалі полчышчы, –
Вырас мірны трактарны завод.


Твор быў надрукаваны ў газеце-шматтыражцы "Трактор", якая пачала выходзіць пры заводзе ў 1947 годзе, пад рэдактарствам Міхаіла Кусава. Адным з першых літсупрацоўнікаў газеты быў паэт Андрэй Александровіч, які незадоўга да гэтага вярнуўся са сталінскіх лагераў. Яго вершы рэгулярна змяшчаліся як на старонках самой газеты, так і ў завадскім сатырычным ілюстраваным часопісе (фактычна – насценгазеце) "Крокодил на тракторе".

Гэтыя вершы перадаюць увесь каларыт тагачаснай эпохі і, акрамя таго, даносяць да нас цікавыя факты з гісторыі завода і пасёлка. Мяркуючы па вершы "Таполі і сосны", назвы "Трактарагорад", "Трактараград" былі папулярныя ў паэтаў, якія пісалі пра гэтыя мясціны.




Апісваюцца ў вершы і старыя сосны ля заводскай сцяны, і нядаўна пасаджаныя маладыя таполі. Верш напісаны ў 1948 годзе, але апетыя паэтам таполі і сосны каля завода захаваліся дагэтуль.

Стаяў тут лес, прайшлі гады –
Тут стаў трактараград,
І наліваюцца сады
Забавай дашкалят.

Ліецца подых веснавы,
Звон маладосці скрозь.
Дык слаўце ў радасці і вы
Вясну і маладосць!..

Між цэхаў вуліцы, як сад.
Па гарадскім двары
Штодня, пад воплескі прысад,
Праходзяць трактары.


Андрэй Александровіч напісаў таксама верш "Магіла салдата". Цяпер каля Трактарнага завода салдацкай магілы ўжо не знойдзеш – яе памятаюць хіба што старажылы паважнага веку. Магчыма, салдат быў перапахаваны на Вайсковых могілках.

Занатоўваў паэт уражанні і ад будаўніцтва пасёлка:

Ідзем па вуліцы, ў якой
І назвы шчэ’ няма,
Дзе пахне вапнай і смалой,
Расце за гмахам гмах.

Ідзем па вуліцы, з бакоў
Шуміць дрымотны лес.
Прамень абняць будаўнікоў
На рыштаванне ўзлез.

("Да гудка", 1947)


Праўда, не заўсёды ўсё ішло так ідэальна, узнёсла і ўрачыста – і тады паэт узбройваўся сатырычным пяром. Аднойчы ў рэдакцыю газеты прыйшоў ліст такога зместу:

"Строители 5 участка, 2 стройупрпавления взяли на себя предоктябрьское обязательство и вызвали на соревнование участок № 4. На стене дома № 5 написали лозунг, призывающий к выполнению своего обязательства. Вновь назначенный начальник участка тов. Буренков, увидев лозунг, приказал его замазать и немедленно отдал следующее распоряжение: “Для замазывания лозунгов отпустить 10 кгр. олифы и 4 кгр. белил”. Материал получен. Распоряжение Буренкова выполнено".

Александровіч адгукнуўся такім вершам:




Як чалавек з судзімасцю, Андрэй Александровіч cвае злабадзённыя вершы быў вымушаны хаваць пад псеўданімамі А. Андреев і А. Каринин. І гэта выглядала яшчэ адноснай свабодай: неўзабаве паэту ўвогуле забаранілі працаваць у друку. Ён пайшоў непасрэдна на вытворчасць – брыгадзірам будаўнічага ўпраўлення № 6 трэста "Белтрактарабуд" на будаўніцтве МТЗ. Нягледзячы на добрыя характарыстыкі з новага месца працы, у лютым 1949 года, падчас новай хвалі рэпрэсій, Александровіч быў паўторна арыштаваны і 8 чэрвеня асуджаны на ссылку ў Краснаярскі край.

Дарэчы, сёння сканаваныя вершы Александровіча захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Пра будаўніцтва Трактаразаводскага пасёлка пісалі нават аповесці. Вокладку адной такой кнігі прыводзім ніжэй.


Яшчэ прыгадваецца аповесць "Гартаванне" аўтара Аляксея Кулакоўскага.

Раёнчык рабочых і пісьменнікаў

У розны час у рэдакцыі газеты "Трактор" (у 1991–2005 гг. "Белорусский тракторостроитель", цяпер – "Беларус-МТЗ обозрение"; рэдакцыя месціцца ў доме па вул. А. Кашавога, 2) працавалі журналістамі вядомыя пісьменнікі Іван Бурсаў, Мікалай Каняеў, Алесь Крыга, Уладзімір Глушакоў, Мікола Вяршынін, Альгерд Бахарэвіч.


Алея (цяпер - бульвар Трактарабудаўнікоў) і скульптурныя кампазіцыі на спартыўную тэматыку. З кнігі Віталя Кірычэнкі "Мінск. Гістарычны партрэт горада 1953-1959".

Бахарэвіч ў 2002 годзе напісаў напісаў раман "Натуральная афарбоўка", дзеянне якога адбываецца акурат на Трактарным. Наўпрост месца дзеяння ні разу не называецца, але той, хто ў курсе, пазнае:

"На сямі ўзгорках, у самым цэнтры вялікага гораду, ляжыць Прадпрыемства. Ня так важна, што за прадукцыю яно вырабляе, мы ж усе й так, пагадзіцеся, гэта ведаем. Мы нарадзіліся ў гэтым горадзе і пражылі ў ім усё жыцьцё, ніколі нікуды не выяжджаючы, быццам на горад надзеты празрысты каўпак, межы якога схаваныя недзе ў прыгарадных лясох. Ды нам і так добра. Колькі гадоў мы садзімся ў трамвай ля Прадпрыемства, шпацыруем уздоўж ягоных высокіх сьценаў з маці або каханай дзяўчынай, з жонкай і дзецьмі, вымаўляем ягоную назву. Але туды, за гэтыя сьцены, нам не патрапіць. Залатазубыя жанчыны паўстануць на нашым шляху, зарыкае каменная ваўчыха, што стаіць пры ўваходзе як напамін пра тую зьвяругу, якая выкарміла некалі бацькоў Прадпрыемства – тых, хто першымі ўсадзілі лапаты ў зямлю на месцы вырубленага гушчару. I мы адступім, лісьліва ўсьміхаючыся, і пабяжым прэч ад Прахадной. Бо пропуска ў нас няма, мы забылі яго дома, згубілі, выкінулі – даўным-даўно, вельмі шмат нічога ня вартых гадоў таму. Да самае сьмерці нам будзе невядома, што ўсё ж робіцца за цяжкою брамаю і аблытанымі калючым дротам мурамі. I толькі потым, пакідаючы нарэшце горад, мы зірнем у ілюмінатар, каб паглядзець на Прадпрыемства хаця б зьверху. Але й тады, забіваючы наш апошні шанец, Яго схаваюць абачліва ссунутыя аблокі".

Увогуле, калі казаць пра "літаратурную мапу" Трактарнага, то на вуліцы Клумава жылі паэты Міхась і Аляксандр Стрыгалёвы, на Чабатарова – празаік Юры Станкевіч. Цяпер з літаратараў у гэтым раёне жывуць, напрыклад, Віктар Марціновіч і Андрэй Адамовіч, а таксама музыказнаўца Уладзімір Неўдах.


Святочны салют над пасёлкам завадчан. Тэрыторыя сённяшняга бульвара Трактарабудаўнікоў. Не пазней за 1957 г. З кнігі Віталя Кірычэнкі "Мінск. Гістарычны партрэт горада 1953-1959".

Свята зімы на Трактарным – у карціне

Найбольш вядомы твор жывапісу пра гэты раён Мінска – карціна Васіля Сумарава "Свята зімы ў Трактарным пасёлку" (1983 год, палатно, алей). Але пасёлак тут атрымаўся больш фантазійным, чым рэальным.




А вось карціна "Раніца ў заводзкім раёне" – з натуры. На ёй мы бачым прыпынак на Даўгабродскай каля бульвара Трактарабудаўнікоў. На заднім плане злева бачная вежа рэстарана "Колас", 1958 год. Аўтар – Монас Манасзон.




Аднак найбольш ярка раён адбіўся ў творах кінамастацтва. 


Па вуліцах слана вадзілі. Трактаразаводскі пасёлак у кіно

Падчас абмеркавання нядаўняга матэрыялу "Минчане против сноса поселка Тракторного завода. Мэра просят вернуть месту облик 1940-50-х годов" хтосьці з каментатараў скептычна заўважыў: маўляў, тут здымаецца адзін фільм на 10 гадоў, ну і што з таго?


Віктар Жыбуль, як мясцовы жыхар, сведчыць: "Кіназдымкі тут адбываюцца кожны год, а часам нават некалькі разоў на год. Летась, напрыклад, дзеля здымак па вуліцы Стаханаўскай пракладалі маленькую чыгунку з вагончыкамі. Увогуле, здымкі фільмаў выклікаюць у мясцовых супярэчлівыя пачуцці - ад "Ну вось, ізноў здымаюць! Ні праехаць, ні прайсці!" да гонару за свой раён, які яшчэ працягвае захоўваць даўнейшы каларыт і прыцягваць увагу кінематаграфістаў, у тым ліку з замежжа, хоць і бліжняга". Здымак зроблены падчас фэста экскурсаводаў у 2015 годзе, калі Віктар праводзіў экскурсію па родным раёне. Фота: Аляксандр Лычаўка, TUT.BY.

Здымаюцца тут фільмы самых розных жанраў – і прыгодніцкія, і меладрамы, і дэтэктывы, і фільмы жахаў.

Асабліваю папулярнасцю карыстаюцца вуліцы Стаханаўская і Чабатарова. Яны фігуруюць амаль ува ўсіх фільмах, што здымаліся на Трактарным. Асабліва ўпадабалі кінематаграфісты скрыжаванне гэтых дзвюх вуліц, а таксама прылеглыя кварталы.

У дакументальным фільме "Новы Мінск" за 1954 год у агульны агляд трапілі Трактарны завод, трактары, рабочыя і трошкі вуліца А. Кашавога.


Стоп-кадр з фільма "Новы Мінск", рэж. Іосіф Шульман. Беларусь, Беларусьфільм.


Стоп-кадр з фільма "Новы Мінск", рэж. Іосіф Шульман. Беларусь, Беларусьфільм.

У псіхалагічнай драме "Гамункулус", што выйшла на экране ў 1988 годзе (рэж. Аляксандр Карпаў малодшы, "Беларусьфільм"), "засвяціліся" шматлікія месцы пасёлка трактарабудаўнікоў. Напрыклад, у кадр трапіла знакамітая скульптура юнага самакатчыка і дом перад ёй (Стаханаўская, 41).


Нажаль, у інтэрнэце фільм "Гамункулус" знаходзіцца ў дрэннай якасці, таму пакажам на сучасным фота, пра якога самакатчыка ідзе гаворка. Дарэчы, у скульптуры юнага самакатчыка ёсць свой сакрэцік. Дзве касічкі-арматурынкі на галаве сведчаць, што гэта дзяўчынка. Фота: Аляксандр Лычаўка, TUT.BY.

Добра бачная ў драме вуліца Клумава, нават трансфарматарная будка і гаражы ў дварах паміж вул. Будзённага і Грыцаўца, ды абсалютна рэальны прыёмны пункт шклатары па Будзённага, 23 (пазней пераабсталяваны пад краму second-hand). Можна пабачыць і іншыя месцы Мінска – напрыклад, драўляны кінатэатр "Радуга", які стаяў калісьці ў парку Чалюскінцаў. 

Дзякуючы захаванай старой забудове ў фільмах ствараецца асаблівая атмасфера ранейшых, пасляваенных часоў, альбо правінцыйнага горада з яго спакойным жыццёвым укладам. У залежнасці ад кантэксту вулачкі з двух-трохпавярховікамі ствараюць альбо атмасферу ўтульнасці, альбо наадварот становяцца месцам разгортвання неспакойных, а часам і неверагодных і страшнаватых падзей кшталту вайны з зомбі.

У 2010 годзе тут здымалі вострасюжэтную прыгодніцкую меладраму "Слон". Шмат хто з мясцовых жыхароў памятае, як у адным з двароў Трактаразаводскага пасёлка пасвілі... сапраўднага слана. У гэтым кіно можна ўбачыць, як слон ідзе па вуліцы Чабатарова, міма дамоў № 21, 16 і 18.


Стоп-кадр з кінафільма "Слон". Рэж. Уладзімір Карабанаў, Расія, кінакампанія "Телесто" и ТПО "РОК".


Слон у Трактаразаводскім пасёлку. Фота, дасланае чытачом TUT.BY.

Трапілі ў эфір таксама і кадры са сланом, якія здымалі ў Грушаўцы – каля драўляных двухпавярховікаў па вуліцы Шчорса і Дзекабрыстаў.

Тады ж, пяць гадоў таму, ў Мінску здымалі дэтэктыўны серыял "Жураў-2" (Жураў. Вяртанне"). Паводле сцэнару Мінск ператвараецца ў Задольск, а галоўнага героя, супрацоўніка пракуратуры Івана Журава (акцёр Андрэй Панін) “пасяляюць” у доме па вуліцы Чабатарова, 17, што робіцца відавочным пачынаючы з 3-й серыі.









Аўтобусны прыпынак на вуліцы Чабатарова таксама папаў у кіно пра Журава...




... як і двор школы-інтэрната па вул. Стаханаўскай, 13. Цяпер – Мінскае гарадское кадэцкае вучылішча №1.




Закінуты дзіцячы садок па вул. Чабатарова, 16а (у фільме будынак паказаны ў тым ліку знутры).

Меладрама "Замак на пяску" украінска-расійскай вытворчасці здымалася ў Мінску ў розных месцах, у тым ліку ў Курасоўшчыне і раёне вуліц Кульман і Веры Харужай. Што датычыцца Трактарнага пасёлка, то кіношнікі працавалі на Стаханаўскай і на Чабатарова.


Чабатарова, 14 (на рагу са Стаханаўскай). Адмыслова для фільма краму біятуалетаў пераўтварылі ў кавярню. Стоп-кадр фільма "Замак на пяску", рэжысёр Павел Снісарэнка. Расія - Украіна.


Стаханаўская, дамы № 10, 12 (для здымак павесілі шыльду "Ленина, 17"). Таксама можна разгледзець на іншых кадрах дамы № 4 і 6 па гэтай жа вуліцы.

У 2009 годзе сам Віктар Жыбуль здымаўся ў караткаметражным фільме "Страказа". Праца ў жанры гарадскі фальклор, авангард (рэжысёр Марыя Кошаль. Беларусь, “Карамболь”) здымалася ў асноўным на лецішчы Цанавы (будынак больш не існуе), але завіталі маладыя кінематаграфісты-авангардысты і ў дамы па вуліцах Стаханаўская і Шчарбакова, што ў Трактаразаводскім пасёлку.

Больш за тое, у 2010 годзе ў раёне знялі сапраўдны фільм жахаў. Кіно з назвай "Зіма мярцвякоў. Завіруха" (рэж. Мікалай Пігараў. Расія, “Green Studio, Shuffle”) ўтрымлівае шмат кадраў з пасёлка. Усё па законах жанру: тут і ўсеяная кіношнымі трупамі Стаханаўская, і вялікая бойка на ёй жа. Нажаль, у асноўным падзеі адбываюцца ў цемры, таму разглядзець там Трактаразаводскі пасёлак можа толькі сапраўдны яго аматар.

Серыял пра каскадзёраў "Трукач" (Рэж. Сяргей Шчарбін. Расія, Фаворит) – зусім свежы. Кінагрупа фільма таксама заязджала ў Трактарны пасёлак, у фільме багата кадраў на фоне іншых мінскіх мясцінаў.

Хтосьці лічыць, што забудова Трактаразаводскага пасёлка не ўяўляе каштоўнасці, бо такія дамы, маўляў, тыпавыя для савецкага часу і іх шмат па ўсім былым СССР. Калі б гэта было сапраўды так – то, напэўна, расійскія кінематаграфісты ў такой колькасці не прыязджалі б да нас здымаць свае фільмы.

Значыцца, там, у Расіі, такіх раёнаў або не засталося, або яны знаходзяцца ў такім занядбаным стане, што здымаць там можна хіба што фільмы пра жыццё бамжоў. Або масівы тагачаснай забудовы захаваліся толькі на далёкай перыферыі і зняць фільм гэтым рэжысёрам абыходзіцца танней у Беларусі, чым у сябе ў Расіі. Са станам архітэктуры сталінскай эпохі ў Расіі можна азнаёміцца на сайце "Непарадный сталианс".

Калі кварталы Трактаразавадскога пасёлка сапраўды падрыхтуюць да зносу, кінематаграфісты рызыкуюцца пазбавіцца ўнікальнай і “натуральнай” здымачнай пляцоўкі. Фільмы, якія здымаюцца не ў макетах і павільёнах, а ў натуральным асяродку, маюць свой асаблівы непаўторны каларыт.


Рарытэт. На агароджы кветніка каля аднаго з дамоў пасёлка Трактарнага завода захавалася выява трактара "Беларус" - прадукцыі МТЗ.
←Путевки в санаторий "Белоруссия" в Мисхоре в 2015 году закупаться не будут

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика