Гісторыкі па фота з амерыканскага спадарожніка-шпіёна знайшлі пад Гродна невядомы бастыён

Источник материала:  
14.05.2015 15:48 — Новости Общества
Умацаванні канца ХІХ стагоддзя пад Гродна зараслі лесам, а ў ярах дачнікі зрабілі сметніцу. Адшукаць часту Гродзенскай крэпасці ўдалося з дапамогай фотаздымкаў са спутніка.




Вядома, што самалёты, а затым і спадарожнікі NASA, пачынаючы з 50-х гадоў метадычна фатаграфавалі тэрыторыю СССР паласамі: з захаду на ўсход. Здымкі, зразумела, былі засакрэчаныя і толькі апошнімі гадамі пачалі паступова з'яўляцца ў адкрытым доступе.










Так і выявіліся здымкі Гродна ды ваколіцаў 1967-га году, якія зацікавілі гісторыкаў. А на іх ужо цалкам выпадкова выплыла ламаная лінія бастыённых умацаванняў каля Нёмну насупраць вёскі Сіўкава. Здымкі рабіліся ўзімку, таму на белым фоне і пры адсутнасці зеляніны лінію ўмацаванняў відаць ідэальна.

Наагул, гродзенскія фарты часоў І Сусветнай – вядомыя помнікі гісторыі, а цяпер яшчэ і турыстычныя аб'екты. Куды менш папулярныя земляныя папярэднікі бетонных бастыёнаў, якія будаваліся напрыканцы ХІХ ст. Большасць з іх была знішчана па меры росту гораду або забытая.

"Мы маем справу з перадмаставым умацаваннем, якое ахоўвала пераправу праз Нёман, – тлумачыць вайсковы гісторык Зміцер Люцік, – гэта найхутчэй апошнія дзесяцігоддзі ХІХ ст. Напярэдадні І Сусветнай пераправа адносілася да Гродзенскай крэпасці, яе гарнізон складаў 1-2 узводы. Саму пераправу пры адступленні расейцы, імаверна, знішчылі".

Зарослыя падлескам фартавыя валы ў некалькіх месцах панішчаныя дарогамі, пракладзенымі да лецішчаў на беразе Нёмана. З абаронных яроў дачнікі дзе-нідзе зрабілі сметніцы. Калі ідзеш па падлеску нават цяжка сабе ўявіць памеры ўмацаванняў, якія на сотні метраў расцягнуліся ўздоўж берага.

Дарэчы, жыхары вёскі Жылічы, якая знаходзіцца непадалёк, яшчэ памятаюць пераправу, адноўленую палякамі ў міжваенны перыяд, якая прастаяла ажно да 50-х гадоў. Пры паглыбленні Нёмана ў гэтым раёне падчас будаўніцтва ГЭС будаўнікі знаходзілі багата старых якараў, што таксама сведчыць пра ажыўленае судаводства ў гэтых мясцінах.

"Цікава было б даследаваць на прадмет умацаванняў і іншыя пераправы, якія адносіліся да Гродзенскай крэпасці, – працягвае Люцік, – гэта Масты, Коматава, Кашэўнікі, Гожа… А гэтае адкрыццё з'яўляецца насамрэч унікальным: гэта першыя вядомыя перадмаставыя ўмацаванні такога тыпу, ды яшчэ і знойдзеныя настолькі арыгінальным спосабам!"
←Департамент исполнения наказаний: срок пребывания в ЛТП необходимо увеличить до двух лет

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика