Закінуты дом, падвал ці зона адчужэння. Дзе жывуць пасля вызвалення "зэкі"

Источник материала:  
12.05.2015 18:36 — Новости Общества
У беларускіх турмах чакаюць амністыі, прымеркаванай да 70-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Да катэгорыі асобаў, якія трапляюць пад яе, належаць асуджаныя за няцяжкія злачынствы. Паводле папярэдніх разлікаў МУС, у выніку амністыі могуць быць вызваленыя з папраўчых устаноў закрытага тыпу каля 2 тысяч 230 чалавек, з папраўчых устаноў адкрытага тыпу - каля 900 чалавек, 9 тысячам 300 асуджаным будзе скарочаны тэрмін пакарання. Пра тое, куды пасля адбыцця пакарання часам трапляюць былыя асуджаныя - у матэрыяле журналістаў "Рыдыё Свабода".

Згодна з ацэнкамі праваабаронцаў, прыкладна кожны пяты беларускі асуджаны выходзіць з турэмнай брамы ў нікуды.


Фото: svaboda.org

Вадзім Дуднік: "Калі мяне судзілі, дом яшчэ стаяў, а калі вярнуўся, нічога не было"

Сёлета напрадвесні, адседзеўшы два з паловай гады ў Мазырскай калоніі № 20, у сваю вёску Забалоцце, што ў Буда-Кашалёўскім раёне, вярнуўся 27-гадовы Вадзім Дуднік.


Фото: svaboda.org

Але вось дома свайго, як і многіх іншых дамоў, так і не застаў. На іх месцы была вялікая пустка, выежджаная бульдозерамі.




Усяго было закапана недзе паўвёскі. Застаўся, праўда, прыдарожны архітэктурны помнік загінулым савецкім воінам з надпісам: "Память о тебе мы сохраним навек, герой, солдат, советский человек!"


Помнік пры шашы ў Забалоцці ня зносілі

...У дзяцінстве ў Вадзіма Дудніка была сям’я: бацька, маці, брат, бабуля. У Беларусь Дуднікі-старэйшыя пераехалі з Украіны. Маці Алена, заатэхнік па спэцыяльнасці, працавала працяглы час на мясцовай ферме, а бацьку Сяргея калгас "Іскра" з ахвотай узяў зваршчыкам, бо той яшчэ з войска меў у прафесіі самы высокі шосты разрад і асабістае таўро. У 16-гадовым узросце Вадзім застаўся адзін. Сіратой апекавалася жанчына з аграгарадку Шырокае, ды так, што Вадзім не скончыў сярэднюю школу. Стаў працаваць у саўгасе, што называецца, "майстрам на ўсякі спосаб":

"Жыў я ў апякункі, - гаворыць Вадзім. - Каб выправіць вучыцца, дык не: ідзі працуй. А да працы мяне маці з дзяцінства прывучыла. Пастаянна, калі быў дзень калгасніка ці яшчэ нейкая нагода, мне падзяка, грашовая прэмія. Шмат што ўмею, шмат што магу".

Вадзім мог, канечне, і тое, што не дазволена - напрыклад, звадзіць чужую машыну, каб пракаціцца. Дыскатэка, хмель, аўтамабіль. Праз тое і за краты трапляў ажно тры разы. Апошні раз адбываў два з паловай гады ў ПК-20. Адтуль давялося вяртацца ў нікуды. Некаторы час "бамжаваў на аўтобусным прыпынку", пакуль не прытуліў школьны сябар.


Бульдозеры на працілеглым баку ад Забалоцця

"Калі мяне судзілі, дом яшчэ стаяў, а калі вярнуўся, дома не было. У сувязі з перапланіроўкай тэрыторыі, якую праводзілі мясцовыя ўлады перад абласнымі "Дажынкамі", нават і фундаменту не засталося. Зраўнялі ўсё. Асабліва шкада, што разам з домам закапалі і дарагія мне рэчы: граматы па шахматах, па бегу, падзякі, фоты, дакумэнты. Я знайшоў на пустцы толькі мячык, з якім гуляў у дзяцінстве. Усё пайшло ў зямлю...".

Два месяцы пасля адбыцця пакарання ў Вадзіма Дудніка пайшло на тое, каб нанова прыстасавацца да звычайнага цывільнага жыцьця. Паводле беларускага заканадаўства, кругламу сіраце, "гарантуецца права на атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду". Дый дом, у якім прапісаны чалавек, ніхто не мае права руйнаваць. Цяпер у Вадзіма няма нічога - ні сацыяльнага жытла, ні дома:

"Звяртаўся ў Шырокаўскі сельскі савет да старшыні Юлі Шаўцовай - яна сказала, што я ўтрыманец дзяржаўны і шмат чаго патрабую".

Тым часам журналістам, якія адмыслова прыехалі ў Забалоцце для высвятлення пытання аб зносе дамоў, спадарыня Шаўцова патлумачыла: маўляў, тыя хаты стаялі разбураныя, таму было прынятае рашэнне "рэкультываваць участкі для далейшага ўключэння ў севазварот"... Потым усплыла і такая акалічнасць: у гэтых самых неіснуючых дамах былі прапісаныя людзі. Штампы аб рэгістрацыі сельсавецкія паставілі ў пашпарты ажно сямі чалавекам. Сярод іх і школьны сябар Вадзіма - Андрэй Карыцька з сынам. Той самы, які даў Дудніку часовы прытулак.

Андрэй Карыцька распавёў, што некалі ён з жонкай часова з'ехаў з вёскі да цешчы ў Гомель, бо там знайшлася праца на вагонарамонтным заводзе. Калі нарадзіўся сын, прыехаў дадому прапісаць яго. У сельсавеце малога зарэгістравалі без пытанняў. Потым, калі Карыцька ізноў апынуўся ў Забалоцці, убачыў, што ад хаты нічога не засталося. Андрэй спытаўся ў сельсавецкіх: а дзе ж дом? Тыя здзівіліся: а ён там быў? Хоць самі там сына і прапісалі.

Цяпер Андрэй з сям’ёй жыве за 15 кіламетраў ад Забалоцця. Працуе нарыхтоўшчыкам другаснай сыравіны. Кажа, што прапанаваў свой кут Вадзіму, бо таму наўпрост не было куды падзецца:

Карыцька: "Куды Вадзіму цяпер? У яго ж нічога няма. Як кажуць, ні дома, ні радзімы, ні сцяга. У калгас пайсці? Месцаў няма, працы таксама няма. З-за таго, што не было куды падзецца, і сябры ў яго такія былі — ён з імі вечна трапляў у нейкую гісторыю".

...Акрамя сельсавету, звяртаўся Вадзім і ў райвыканкам. Там патлумачылі, што "манэўранага жыллёвага фонду ў іх няма, інтэрнату няма - нічога няма. Маўляў, шукай шчасця па Беларусі".

Вадзім Дуднік. Свабода ў турмах



Да таго ж высветлілася, што статусу сіраты ў Дудніка... таксама няма. Кажа, што недзе праз два тыдні ў райвыканкаме збіраюцца абмеркаваць гэтае пытанне. Потым дакументы адашлюць у Гомельскі аблвыканкам.

"Пасля ўжо дадуць адказ: альбо адновяць у правах сіраты, альбо зноў прыйдзецца бамжаваць ды жыць на прыпынку".

Вадзім Дуднік збіраецца звярнуцца і ў адміністрацыю прэзідэнта - можа, там хутчэй разбяруцца.... Лукашэнку ён, дарэчы, паважае і на бліжэйшых выбарах будзе галасаваць за яго.

"Паглядзіце, як мы няблага жывём, - заўважае хлопец, - а цяжкасці яны паўсюль ёсць".

...Вадзім спадзяецца, што неўзабаве пойдзе працаваць. Пакуль жа крыху дапамагае Андрэю ў гаспадарцы. Цяпер вось майструе ля дому дзіцячую пляцоўку. З арэлямі, горкай, Бабай Ягой з драўлянай ступай, Бурацінам ды іншымі казачнымі героямі. Марыць, што можа калісці і ягоныя дзеці прыедуць да Андрэевых і пагушкаюцца на арэлях. У планах Вадзіма - вучыцца, знайсці добрую жанчыну, стварыць сям’ю. Ён лічыць, што турма яго выправіла.



"У падвалах адчуваеш сябе нашмат вальнейшым чалавекам, чым у розных начлежках"

Хапае выпадкаў, калі нават малы турэмны тэрмін дзеліць жыццё чалавека на "да" і "пасля" калючкі. Нярэдка той, хто да зняволення меў сям’ю, жытло, працу, вяртаецца пасля адседкі дадому і бачыць, што застаўся без анічога. У тым ліку без даху над галавой. Наступныя ўдзельнікі праграмы прайшлі праз такі досвед. Часовы прытулак у доме для асобаў без пэўнага месца жыхарства яны адкінулі і свядома абралі бадзяжніцтва як лад жыцця.

"Жывучы ў падвалах, адчуваеш сябе нашмат вальнейшым чалавекам, чым у розных начлежках. Тут няма дысцыпліны, усіх тых правілаў, якія прынята выконваць у розных спецустановах",
- напісаў асуджаны Аляксандар.

Паводле ягоных словаў, жытла яго пазбавілі камунальшчыкі ў 1990-я, калі першы раз сеў у калонію. Цягам той адседкі памерлі бацькі. Кватэра была непрыватызаваная, і Аляксандра элемэнтарна выпісалі, а жытло прадалі іншым. Пасля вызвалення хлопец пратрымаўся на свабодзе нядоўга, пакуль нешта не скраў. З таго часу за краты трапляе кожныя два-тры гады пасля кароткай, так бы мовіць, камандзіроўкі ў "вольны свет". Хутка зноў вызваленне, і зноў - у падвал...

...Андрэй, як сам кажа, сядзеў толькі аднойчы. Аднак пасля таго, як выйшаў з турмы, у сям’і ў яго не заладзілася. Кажа, што жонка, якая прыватызавала кватэру, знайшла іншага мужыка, а яго выставіла на вуліцу. З таго часу начуе пераважна ў закінутых дамах ды падвалах. Зімой збірае бутэлькі, летам працуе на вёсцы. На пытанне, ці хацеў бы вярнуцца да нармальнага жыцця, адказвае станоўча.

...Сяргею пад 60, за кратамі праседзеў палову жыцця. З жонкай і дзецьмі сувязь страчаная. Калі пасля апошняга тэрміну прыйшоў да старэнькай маці, тая расплакалася і сказала: "сынок, дай мне спакойна памерці". Матчыных слёз не вытрымаў - з таго часу жыве ў падвалах або на паддашках шматпавярховак. Спэцыяльнасцяў мае шмат, але з-за шматлікіх судзімасцяў працадаўцы не хочуць мець з ім спраў. Калі б усё можна было пачаць з нуля, безумоўна, не стаў бы паўтараць той шлях.

... Яшчэ адны былыя ЗК Сяргей, Міхаіл, Аляксандар з першымі цёплымі днямі перасяляюцца ў летняе жытло, то бок з падвалаў - на вуліцу. Паводле іх, сядзелі за крадзяжы. Сваіх былых сямейнікаў нават і ня ўзгадваюць. Затое часта і з прыемнасцю ўзгадваюць турму. Гэта тое месца, дзе яны заўсёды атрымаюць дах над галавой ды ежу.

Як лічыць Сяргей, турма яго перавыхавала і цяпер ён "больш не крадзе - нармальныя людзі там свае памылкі усведамляюць, бо на волю ў турме дужа хочацца".

Міхаіл успамінае пра турэмныя касты. Кажа, што сам ён на зоне належыў да касты "мужыкоў", а "мужыкі" на зоне працуюць заўсёды. Адрозна ад "блатных", бо ім, як кажуць, гэта "у падлу". "Мужыкі" усё могуць зрабіць "на пяць балаў, нават з плюсам".

Паводле Аляксандра, які праз слова мацюкаецца, і за плячыма якога ня толькі калонія, але і год у ЛПП, пасля адседкі ён "нікому не патрэбны" і нічога яго "нідзе не трымае". Па прафесіі слесар-інструментальшчык, ён патаемна рабіў на зоне нажы ды прадаваў іх, каб выжыць. Такія самотныя як ён у калоніі пасылак не атрымліваюць. З промкі шырспажыву выцягнуў больш, чым трэба. Мяняў гэта на цыгарэты і гарбату. Калі пра гэта даведаліся, промку для Аляксандра забаранілі. Сядзеў без працы, гуляў у нарды, шахматы, шашкі. На зоне, кажа, добрыя працоўныя рукі не патрэбныя. Там недзе 80% не працуюць.

Ці магчыма забяспечваць бяздомных зэкаў жытлом у сельскай мясцовасці?

Калі былыя зняволеныя апынаюцца на свабодзе, але ім няма дзе жыць, ці магчыма ім паспрыяць, каб быў дах над галавой? Хто гэтым павінен займацца? Гарадзенцы, з якімі мы размаўлялі на пешаходнай вуліцы Савецкай, мяркуюць, што перш патрэбная праца, без якой былому зняволенаму не будзе на што жыць і плаціць за жытло. Па ідэі, іх варта было б забяспечваць квадратнымі метрамі ў інтэрнаце. Але ў горадзе людзі па-ранейшаму трымаюцца за інтэрнаты, свабоднай жылплошчы не знойдзеш. Магчыма, тых, хто выйшаў з турмы, лягчэй забяспечыць жыллём у вясковай мясцовасці. Але і гэта няпроста. Ніхто не будзе даваць інтэрнат ці нават старую хату, калі гэтыя людзі не пойдуць працаваць у мясцовую гаспадарку. Між тым, лічаць апытаныя, "бяздомны чалавек рана ці позна мусіць зрабіць злачынства".

Ці магчыма забясьпечваць бяздомных зэкаў жытлом у сельскай мясцовасці?



"Зона адчужэння - найлепшае месца для ўцёкаў ды выканання выракаў"

Герой гэтага фільма, які журналісты маскоўскай праграмы "Совершенно секретно" зрабілі да 22-й гадавіны аварыі на ЧАЭС - былы зэк Іван. У свой час, не знайшоўшы сябе ў соцыўме, вырашыў паспрабаваць сапраўды вольнага, як ён лічыў, жыцця сярод дзікай прыроды ды на бязлюдздзі, а менавіта ў 10-кіламетровай чарнобыльскай зоне на беларуска-украінскай мяжы.



Гісторыя такая. У 1986 Іван сядзеў у папраўчай калоніі строгага рэжыму ў Івацэвічах. Пасля вызвалення, а гэта было яшчэ ў савецкія часы, апынуўся ў сапраўдным замкнёным коле: з жонкай разышліся, з жылплошчы выпісаны, на працу без прапіскі не ўладкавацца, а зарабляць, прычым нямала, было трэба, каб выплачваць аліменты.

"Калі б ты прыйшоў з войска, - гаварылі былому ЗК гомельскія чыноўнікі, - то мог бы атрымаць жытло. За краты цябе радзіма не накіроўвала. Уладкоўвайся сам — краіна вялікая".

Працу ды нейкае жытло знайшоў у суседняй Украіне. Так прайшлі 10 гадоў. З надзеямі на новае жыццё вярнуўся на радзіму, цяпер ужо ў незалежную Беларусь. Але, як пры Саветах, яго зноў чакалі беспаспяховыя паходы па кабінэтах. Чарнобыльская зона адчужэння выглядала адзіным выйсцем. Потым пры сустрэчы з журналістамі Іван гаварыў, што ўсяго некалькі год такога жыцця дапамаглі яму зняць велізарны стрэс, які набраўся ў ім за час турмы ды пасля вызвалення...

Што цяпер з гэтым чалавекам - невядома. Як кажуць кіеўскія сталкеры, якія водзяць на месца катастрофы турыстаў-экстрэмалаў, здаецца яшчэ гады тры таму яны сустракалі Івана ў лесе і паміж сабой празвалі Рабінзонам. Рабінзон нібыта быў не адзін, а з Пятніцай - жанчынай, якая раней жыла ў памежным з зонай населеным пункце. Убачыўшы Івана, яна настолькі закахалася, што кінула мужа ды пайшла за незнаёмым мужчынам у лес...

... На самым пачатку самотнага жыцця ў зоне Івану дапамаглі леснікі: за што ім вельмі ўдзячны... Потым, даведаўшыся, хто гэты самасёл, адкуль, яго пачалі правяраць як украінскія, так і беларускія міліцыянты. Бралі адбіткі пальцаў, вазілі па розных інстанцыях. Нават у камеры Івану давялося пасядзець. На развітанне яго накармілі, далі хлеба ды кілбасы, прывезлі назад і сказалі: "Жыві, Іван, куды табе ісці?"

Жыў Іван без грошай, але з бартэру. Мяняў, напрыклад, у бліжэйшых вёсках рыбу ці мяса на хлеб, соль, запалкі, іншыя неабходныя рэчы... Нейкія здзелкі, зразумела, даводзілася рабіць з міліцыяй:

"Для міліцыянтаў зона - гэта нешта кшталту базы. Толькі давай. Тут запаведнік, звяроў шмат. Цяпер тут пальба, як на вайне. Чаму людзі сталі настолькі нахабнымі, што ў запаведніку вядуць паляванне? Мяне іншы раз нават зло бярэ. Але што я магу?".

Калі гаварыць пра "жыхароў" лясоў 10-кіламетровай зоны, то бамжы Івану не сустракаліся, бо "яны звычайна ў гарадох, там, дзе людзі. Каго час ад часу даводзілася бачыць, дык гэта зэкаў, у тым ліку ўцекачоў. Быў выпадак, калі капаў агарод. Раптам з лесу выйшлі двое з маленькімі сякеркамі. Папрасіліся вады папіць. У зэкаўскай форме, толькі бяз бірак. Прапанаваў ім: "хлопцы, можа, бярозавага квасу? Заходзце ў хату. Можа, вам хлеба, сала? Не! Папілі вады ды пайшлі..."

"Я сам нікога не баюся, -
сцвярджаў Іван. - Я абышоў усю зону адчужэння. У такой глушы бываў. Бачыў стаянкі зэкаў-уцекачоў, рыбалку іхнюю. Але яны адразу хаваюцца, бо я хаджу з карабінам. Такія толькі тут бачаць адзіны паратунак. 30-кіламетровая зона глухая. А калі браць 10-кіламетровую, дык гэта ўвогуле джунглі. Хоць верталёты і кружаць пастаянна, але... Гэта найлепшае месца для ўцёкаў ды выканання выракаў".

Меркаванне прафесара Бандажэўскага

Былы беларускі вязень сумлення, доктар медыцыны Юры Бандажэўскі, які сёння жыве і працуе ва Ўкраіне, у Іванкаўскім раёне Кіеўскай вобласці мяркуе, што і цяпер, напярэдадні 30-й гадавіны чарнобыльскай катастрофы ў зоне адчужэння знойдзеш самых розных людзей, у тым ліку сумнеўных з гледзішча бяспекі. Каментуючы сітуацыю з нядаўнімі пажарамі ў самым цэнтры радыяцыйна забруджанай тэрыторыі, якая павінна пільна ахоўвацца дзяржавай, прафэсар Бандажэўскі кажа: калі такое здараецца, гэта выклікае самыя розныя непрыемныя думкі. Ён не выключае, што тут можа быць наўмысны падпал.


Юры Бандажэўскі

"Ва Ўкраіне сёння хапае праблемаў і без Чарнобыля. Як закрыць зону адчужэння для людзей - гэта ўжо праблема ўладаў. Ахоўваюць жа ў Беларусі велізарныя тэрыторыі, і ніхто проста так у зону не прыяжджае. У Беларусі нашмат больш жорсткі, чым ва Ўкраіне, ахоўны рэжым. Украінскія ж улады вельмі легкадумна ставяцца да зоны адчужэння", - лічыць былы палітвязень і навуковец Юры Бандажэўскі.
←Пешеходную улицу в Могилеве объявят свободной от табака

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика