Расонскія Рабінзоны. Як жывуць фермеры-пустэльнікі ў безыменным паселішчы

Источник материала:  
11.05.2015 12:20 — Новости Общества
Былы жыхар вёскі Юховічы Расонскага раёна Юрый Байкоў 25 гадоў таму адправіўся на пастаяннае месца жыхарства ў лес, дзе яму выдзелілі зямлю пад фермерскую гаспадарку. Ён быў з тых першапраходцаў, якія не баяліся пачаць уласную справу на зямлі, піша "СБ Беларусь Сегодня".




Юрый пасяліўся амаль на беларуска-расійскай мяжы — там, дзе рака Нішча раздзяляе дзве краіны. Гэта тэрыторыя былога хутара, ад якога засталася толькі назва — Ваўнейкі. Месца ціхае, прыгожае, грыбное, з трох бакоў падступае лес, а з чацвёртага — хуткая чыстая рака, за якой зноў лес. Але гэта ўжо землі Себежскага раёна суседняй краіны.



Да бліжэйшай беларускай вёскі ад хутара не болей за 15 кіламетраў, патрапіць сюды можна адной дарогай і толькі ў сухое лета.

Байкоў падлічыў, колькі сродкаў яму трэба на будоўлю, колькі зможа здаць дзяржаве тон малака, мяса, хлеба, бульбы, перамераў выдзелены яму калгасам участак і забіў першы калок будучай гаспадаркі.

У першае лета фермер і ягоная жонка Тамара прыгналі свой статак — 5 кароў, узвялі першую пабудову — хату два на чатыры метры. На другое лета ў Ваўнейках ужо было некалькі гаспадарчых пабудоў, лазня. Ад таго часу на карце краіны павінна была з'явіцца назва новага населенага пункта. Аднак не з'явілася.




— За два першыя гады ў новым месцы наш дойны статак павялічыўся да 15 галоў, і нам прыйшлося вывозіць праз раку на кірмаш у расійскі Себеж штораз па 80 літраў малака, столькі ж тварагу, добра разыходзіліся масла і смятана, — прыгадвае Юрый. — Мы спадзяваліся атрымаць ад дзяржавы крэдыт на развіццё гаспадаркі, але марна. А тут і развал Савецкага Саюза падаспеў, а потым дэфолт у Расіі здарыўся. Адно найшло на другое. Вазіць на кірмаш у суседнюю дзяржаву прадукцыю нам стала нявыгадна. Але мы не разгубіліся і перайшлі на агародніцтва.

Фермеры-пустэльнікі працягваюць жыць удалечыні ад людзей, у сваёй першай хатцы. Іх нічым не здзівіць, не напалохаць. І шмат ім не трэба.

Яны прывыклі абыходзіцца без электрычнасці, гатуюць ежу на маленькай цаглянай пліце, якая служыць для абагрэву памяшкання. Ваду носяць з Нішчы.

У натуральнай гаспадарцы ёсць конь, карова і цялушка, а таксама авечкі, трусы, куры, качкі, гусі. На хутары растуць бульба, капуста, садовыя суніцы. Радыска ў парнічку з'яўляецца ўжо напрыканцы сакавіка, агурочкі — у красавіку. З бліжэйшай расійскай вёскі Даласцы прыходзіць дачка Тамары і частку зеляніны адносіць на продаж.




Дзікія звяры — госці тут нярэдкія. То ліса зазірне, то ваўкі зарэжуць авечку. Але, як кажуць, ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць.

Многія адкрываюць для сябе гэты лясны куток выпадкова: турысты-байдарачнікі, абмінаючы хутар па рацэ, выходзяць на бераг, каб паглядзець на натуральны аграхутар і яго незвычайных гаспадароў. Дабіраюцца сюды таксама рыбакі і грыбнікі. Цяпер тэрыторыя безыменнага і незарэгістраванага паселішча ўваходзіць у заказнік "Чырвоны Бор", і неаднойчы гаспадары-рабінзоны сустракалі тут айчынных і замежных паляўнічых.




У апошні прыезд у Ваўнейкі я застаў на месцы толькі аднаго гаспадара: Тамара, у якой у апошні час пагоршылася здароўе, упаў зрок, паехала да дачкі. Юрый займаўся сваёй прывычнай справай па гаспадарцы: разносіў корм жывёлам, збіраў яйкі з-пад нясушак, насіў ваду ў хату, сек дровы, распальваў у печы і гатаваў вячэру.

Я запытаў, ці няма ў яго планаў вярнуцца ў вёску.

— Каб мне тут не падабалася, даўно з'ехаў бы, а за ўвесь час ніколі не пашкадаваў, што зрабіў такі выбар. Гэта наша зямля, нельга, каб яна прападала, пуставала, — адказаў гаспадар.
←В Беларусь придет прохладная дождливая погода

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика