Віцебск TUT. Сяргей Маркаў: "Гораду не хапае дзіцячых пляцовак, беларускай кавярні і дрэў"

Источник материала:  
11.05.2015 11:55 — Новости Общества
Віцебская рэдакцыя пачынае серыю бліц-інтэрв'ю з жыхарамі абласнога цэнтра. У іх гараджане будуць дзяліцца сваімі думкамі пра жыццё ў Віцебску і крыху распавядаць пра сябе.

Але ў адрозненне ад аналагічных праектаў у калег, дзе ў назве фігуруе назва гараджан - гамяльчане, магілёўцы, гродзенцы - у нас будзе проста "Віцебск TUT": каб нікога не пакрыўдзіць з-за спрэчнай назвы. Ні тых, хто лічыць сябе віцяблянамі, ні тых, каму больш даспадобы быць віцябчанамі. Мы будзем гутарыць з рознымі гараджанамі: вядомымі і не вельмі. Героем наступнага інтэрв'ю можаце стаць і вы.


Сяргей Маркаў. Фота: Таццяна Мацвеева, TUT.BY

Нашым першым суразмоўцам стаў Сяргей Маркаў - філолаг, тэлежурналіст, вядучы віцебскіх курсаў "Мова нанова".

- Вы карэнны жыхар Віцебска?

- Так. Я звычайны віцебскі малец і ганаруся гэтым. Як ні банальна, для мяне гэта самы прыгожы і таямнічы горад на зямлі, у ім нарадзіліся славутыя людзі, якіх ведаюць на ўсёй планеце.

- У чым "фішка" Віцебска, яго адрозненне ад іншых гарадоў?


- Для многіх гэта, пэўна, "Славянскі базар", але не для мяне. Я на гэты час імкнуся з'ехаць з горада.

Можа, "фішка" ў тым, што горад натхняе на творчасць, паветра проста прасякнута нейкім таямнічым духам. Нашыя жыхары - таксама фішка: звонку вельмі стрыманыя, нават прахалодныя ў адрозненні ад гарачых і адкрытых гарадзенцаў (прывітанне Алесю Дзянісаву), але ж на самой справе вельмі чуллівыя, ім можна давяраць. Праўда, часам у іхніх галовах такі творчы бедлам! Але ж гэта наша фішка.

- Чаго Віцебску і яго жыхарам не хапае?

- Помніка Хатабычу (аўтар знакамітай казкі Лазар Лагін нарадзіўся ў Віцебску - TUT.BY), пляцовак для дзяцей, парку атракцыёнаў, бо, на жаль, акрамя тэатра "Лялька" (вялікі дзякуй яго супрацоўнікам) няма куды пайсці з малымі. Не хапае дрэў і дзьмухаўцоў - іх шмат знішчылі.

Трэба ўсталёўваць больш помнікаў славутым сынам Віцебшчыны і тым, хто быў з ёй звязаны лёсам: Рыгору Барадуліну, Васілю Быкаву, Іегудзе Пэну, Казіміру Малевічу, Фёдару Шмакаву, Браніславу Эпімах-Шыпіле, Анатолю Багатырову, Мікалаю Яроменка-малодшаму.

Не стае тэатралізаванага шэсця казачных герояў на Дзень горада, як гэта было ў маім дзяцінстве. Не хапае рэстарацыі ці кавярні з сапраўднай беларускай кухняй. Калі прыязджаюць замежныя госці, робіцца сорамна, што не маем свайго. А таксама не хапае сметніц!

- Што ў горадзе трэба памяняць? І што, на ваш погляд, нескладана палепшыць без вялікіх фінансавых выдаткаў і папяровага бюракратызму?

- Калі б можна было адматаць час назад, то першае, што вярнуў бы - плошчу Перамогі, тую, на якой прайшло дзяцінства: прыгожую, зялёную, з цудоўнымі дрэвамі, альпійскай горкай, каменнай брамай.

Як можна амаль кожныя выходныя рабіць там канцэрты, на якіх раве музыка? Трэба ж хоць крыху думаць пра тых, хто жыве побач - а гэта малыя дзеці, пенсіянеры і звычайныя людзі, якім на выходных неабходны адпачынак. Вялікія канцэрты можна праводзіць і на пляцоўках за межамі горада, напрыклад, у раёне аэрапорта. Патрэбна толькі арганізаваць туды транспартны рух падчас правядзення мерапрыемстваў.

Трэба перайменаваць вуліцы ў старажытным Віцебску, надаць ім мінулыя найменні. Пачынаць неабходна з вуліцы Суворава, былой Узгорскай.

Вельмі хочацца, каб улады раіліся з жыхарамі наконт радыкальных змен у горадзе. Гэта павінны былі зрабіць, калі займаліся рэканструкцыяй плошчы Перамогі. Калі плануюць ўсталёўваць новы помнік, таксама павінны раіцца. Напрыклад, зараз улады жадаюць паставіць манумент князю Аляксандру Неўскаму. Аднак меркавання жыхароў на гэты конт пакуль не спыталі.

Як паказвае досвед кампаніі "СамоСад", паляпшаць сітуацыю, у прыватнасці, экалагічную, можна і без фінансавых выдаткаў. А пачынаць трэба з сябе - элементарна не смеціць і паказваць такім чынам прыклад сваім дзецям.

- Ваша любімае месца ў горадзе? І дзе, па-вашаму, жыве душа Віцебска?

- Шмат любімых месцаў - старажытная частка горада, узбярэжжы Дзвіны, Віцьбы, Лучосы. І, зразумела, вуліцы, дзе прайшло дзяцінства - Маскоўскі праспект, вуліца Чкалава.

Душа Віцебска, пэўна, лунае недзе сярод вузенькіх старых вулачак і часам сумуе па Шагалу. А яшчэ яна жыве ў кніжках і творах мастацтва. У дзяцінстве яна была для мяне ў кніжцы Маіны Бабарыкі "А у нас во дворе…", зараз - у кнігах Сяргея Рублеўскага.

Таксама яна - у кожным жыхары, які любіць і шануе свой горад. Віцебск заўжды са мной, нават калі я вельмі далёка ад яго.

- Ці ёсць у вас любімая гісторыя, легенда, верш пра Віцебск?

- Усе нашыя легенды вельмі цікавыя - пра Замкавую гару, пра Юр'еву і г.д. Гісторыя Віцебска ўвогуле вельмі цікавая. З вершаў падабаецца "Марк Шагал" Роберта Раждзественскага.

- Ці былі выпадкі, калі вы з гонарам казалі або думалі: "Я з Віцебска"?

- Ніяк інакш і не бывае, кожны дзень і толькі з гонарам!

- Наколькі часта вы сустракаеце ў Віцебску беларускамоўных людзей?

- На жаль, у нас, пэўна, мінімальная колькасць беларускамоўных людзей у параўнанні з іншымі гарадамі. Але ж яны ёсць і іх становіцца ўсё больш. Зараз шмат не толькі моладзі, але і людзей сталага веку, які жадаюць размаўляць на роднай мове. І гэта не можа не радаваць! Курсы "Мова нанова" створаны менавіта для гэтага - вучыць людзей размаўляць па-беларуску, шанаваць і ганарыцца беларушчынай.
Калі вы хочаце стаць героем наступнага бліц-інтэрв'ю, паведаміце інфармацыю пра сябе і свае кантакты на адрас: matveeva@tutby.com.
←Адвокат экс-директора "Борисовдрева": Мальцев попадает под амнистию

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика