Як жыхар Рэчыцкага раёна забіў суседку, а труп вывез на сметнік

Источник материала:  
06.04.2015 14:31 — Новости Общества
Гомельскі абласны суд прыгаварыў да пажыццёвага зняволення 38-гадовага жыхара вёскі Бязуеў Рэчыцкага раёна. За два забойствы, здзек з трупа і крадзеж.




Першае забойства мо нават і засталося б таямніцай. Але забойца сам вырашыў прызнацца. Калі ўжо "накрылі" з першым.

Паленам супраць грабляў

У красавіку 2014 года Аляксандр нападпітку пасварыўся з 74-­гадовай суседкай. Нібы тая выкідала смецце на яго агарод. Кабета агрэла п'янага суседа граблямі. А ён схапіўся за палена: некалькі разоў ударыў па галаве. Калі зразумеў, што яна нежывая, заматаў труп у цэлафан і вывез на сметнік. А там укінуў у канаву з вадой. Пенсіянерку ніхто не шукаў.

Ужо ў пачатку мая, праз які тыдзень пасля першага забойства, Аляксандр выпіваў з 40­-гадовым прыяцелем. Пасварыліся. А там у п'яным чадзе і забіў яго: нажом і кулакамі. Труп амаль тыдзень ляжаў у кладоўцы, у той час як у хаце не сціхала п'яная гульба. Як п'янка скончылася, гаспадар вывез труп роварам на могілкі: меркаваў там пазней яго пахаваць. Але не паспеў - прыйшла міліцыя. А дома - кроў. І прызнаўся ў забойстве. Затым яшчэ расказаў пра суседку.

"Што я скажу яго сыну?"

У судовай зале Рэчыцы, дзе праходзіў суд, сабраліся ў чаканні апошняга слова і прысуду аднавяскоўцы. Відаць, што сваякі абвінавачанага і яго ахвяр не варагуюць паміж сабой, толькі час ад часу ўзгадвалі адзін аднаму старыя крыўды. Сыходзяцца на думцы, што Сашка-­мульцік (такую мянушку далі яму аднавяскоўцы) адзін наўрад ці забіў бы і схаваў целы ахвяр.

- Ну як ён мог адзін заматаць у цэлафан, пакласці на веласіпед і завезці цела старой на сметнік? Нехта дапамагаў, а ён не прызнаецца. Я яму казала: навошта ты ўсё бярэш на сябе? Узяў на сябе - ну і памірай зараз!
- уздыхаюць пенсіянеркі. Гавораць, што і "тых" шкада, і "гэтага".

Відаць, не часта вяскоўцам даводзіцца сутыкацца з "галінамі" ўлады, бо раз­пораз пачынаюць гаварыць з месца, задаваць пытанні абвінавачанаму і суду. Была на судзе і былая жонка Аляксандра Любоў, прасіла слова, але ёй адмовілі:

- Чаму мне нельга сказаць? Я яму хацела пра сына нагадаць! Хай раскажа ўсю праўду! Што я сыну скажу, што яго бацька - забойца? Я ў гэта не веру, не ён адзін там быў, там яны ўсе разам пілі.


"Прабачце, Рыгораўна…"

У апошнім слове Аляксандр прасіў ва ўсіх прабачэння. Нагадваў: "Мы з вамі жылі ў адной вёсцы, у нас жа ўсё было нармальна! Я не небяспечны чалавек! Прабачце мне і вы, Рыгораўна!" - звярнуўся ён да маці забітага прыяцеля. Тая крычала, што не даруе. "Ну, тады, Рыгораўна, улічыце гэта на будучыню, бо ў малітве гаворыцца: "І прабач ім грахі іх, як і яны прабачаюць даўжнікам сваім".

- Не я забіў, - не мог патлумачыць ён, як усё атрымалася. - А хто тады - дамавік?

У чаканні прысуду ён хадзіў па клетцы туды­-сюды ці сядзеў на лаўцы, абхапіўшы галаву рукамі.

- Прысудам суда абвінавачаны прызнаны вінаватым. У наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця другога чалавека (забойстве) заведама састарэлай асобы, з асаблівай жорсткасцю, асобай раней судзімай за забойства і яму прызначана пажыццёвае зняволенне, - вымавіла суддзя.

Яго таксама прызналі вінаватым у крадзяжы і здзеку з трупа. На карысць сваякоў забітых ён павінен выплаціць 150 млн рублёў.

Пасля прысуду на калідоры палалі жарсці. "Ты што казкі расказваеш? Табе сына шкада? А чаму ты не бачыла, што ён тыдзень мёртвы, у кладоўцы? Ты ж разам з імі ўсімі і піла!" - не супакойвалася адна кабета.

"Што ты гаворыш, ды хіба ў цябе сын ад яго? У цябе не ад яго сын!" - выводзіла на чыстую ваду другая. У калідоры агучваюцца розныя сакрэты з жыцця жыхароў вёскі Бязуеў. Іншая пенсіянерка кідае, што "ў той вёсцы няма ніводнага нармальнага чалавека, яны ўсе там алкаголікі, гоняць самагонку і п'юць!".
←В Свислочском районе мужчину чуть не распилили бензопилой за то, что он толкнул пенсионерку

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика