ПЛАНЕТА ІМЯ ГЕРОЯ
18 лютага 1945 года ў канцлагеры Маўтхаўзен фашысты закатавалі генерал-лейтэнанта інжынерных войскаў Дзмітрыя Карбышава…
18 лютага — дзень іконы Божай Маці «Спатоленне пагіблых» («Взыскание погибших») — прастольнае свята новай лунінецкай царквы. Менавіта таму сустрэчу, прысвечаную 70‑годдзю гібелі Героя Савецкага Саюза, мясцовыя гімназісты вырашылі правесці ў храме. Да іх далучыліся многія педагогі, дырэктар Аляксандр Грушэўскі, вучні СШ № 1 і СШ № 2 г. Лунінца, супрацоўнiкi політэхнічнага каледжа, прадстаўнікі грамадскасці.
Яны ўсклалі вянкі да Кургана Бессмяротнасці, хвілінай маўчання ўшанавалi памяць загінуўшых і накіраваліся да храма.
Бібліятэкар Ірына Раманчук падрыхтавала праграму на аснове старых выданняў.
Госці вечарыны удзячны работнікам цэнтральнай бібліятэкі, якія кнігу дакументальных успамінаў «Салдат, герой, вучоны» (1961 г.) заказалі з Брэста. І гэта было таксама сімвалічна, таму што напярэдадні Першай сусветнай Дзмітрый Карбышаў быў вайсковым інжынерам у Брэсцкай крэпасці. Цяпер імя героя носіць абласная аўташкола ДТСААФ. І яшчэ адна кніга паспрыяла стварэнню сцэнарыя — «У коле святла» (2014 г.). Яе аўтар — расійскі свяшчэннік Аляксандр Дз’ячэнка. Ён нарадзіўся ў Гродне, вучыўся ў школе імя Д. М. Карбышава. І гэта таксама падкрэслівае нацыянальнае дачыненне да чалавека, які для многіх пакаленняў стаў сімвалам мужнасці.
У чэрвені 1941‑га ён быў у камандзіроўцы ў Заходняй ваеннай акрузе, у Гродне. З пачаткам вайны 60‑гадоваму генералу выдзялялі ахову і транспарт, каб вярнуўся ў Маскву. Але ён не пакінуў поле боя, сваім учынкам натхняючы маладых радавых і камандзіраў на барацьбу з ворагам. Паранены і кантужаны, генерал быў захоплены ў палон…
Ён прайшоў шмат кругоў пекла. Вядомыя назвы гэтых страшэнных фашысцкіх «фабрык смерці»: Замосце, Фленсбург, Майданек, Асвенцым… Ворагі ведалі, што ў іх руках знаходзіцца вядомы фартыфікатар, доктар навук, прафесар Акадэміі Генеральнага штаба, аўтар дзясяткаў прац па розных галінах ваенна-інжынернага мастацтва. Фашысты любым чынам імкнуліся схіліць Д. М. Карбышава да супрацоўніцтва. Вазілі яго ў Берлін, абяцалі розныя перавагі. Калі пераканаліся ў непадкупнасці, білі…
Патрыёт не здрадзіў Радзіме, больш за тое — кіраваў падпольным супраціўленнем. Яго мужнасць была прыкладам для тысяч ваеннапалонных.
Педагогі былі ўражаны, як «разумнікі і разумніцы» ХХІ стагоддзя дакладна зразумелі галоўнае! Дзмітрый Карбышаў застаўся ў гісторыі веліччу сілы і духу…
Маўтхаўзен стаў трынадцатым канцлагерам генерала. «Ноччу 18 лютага 1945 года Дзмітрыя Карбышава вывялі на лагерны плац, распранулі і пакінулі паміраць. Потым фашыстам падалося, што ён памірае вельмі павольна. Яго сталі абліваць халоднай вадой. Аблівалі да таго часу, пакуль генерал не ператварыўся ў ледзяную статую…».
Прыкладам захавання гонару і сумленнасці быў і застаецца цяпер ва ўспамінахДзмітрый Карбышаў. Пра гэта гаварылі старшыня міжраённай Лунінецка-Ганцавіцкай структуры ДТСААФ Барыс Гнедзька і в. а. начальніка Лунінецкага аддзела ўнутраных спраў на транспарце Віталь Рылач. І яны ж нагадалі, што, акрамя помнікаў у многіх гарадах былой вялікай краіны, малая планета № 1959, адкрытая савецкімі астраномамі, называецца «Карбышаў»…
Настаяцель храма іерэй Сергій Крышталь прапанаваў імя Героя Савецкага Саюза ўшанаваць малітвай Божай Маці, у свята якой генерал прыняў пакутніцкую смерць. На храмавым акафісце разам са свяшчэннікам на каленях стаялі дзеці і дарослыя, злучаныя ўдзячнай памяццю пра тых, хто паклаў сваё жыццё на алтар Айчыны…
Таццяна Канапацкая, фота аўтара