У Віцебску стварылі грамадзянскую ініцыятыву па ўшанаванні памяці ахвяр сталінізму

Источник материала:  
20.03.2015 17:37 — Новости Общества
Новая грамадзянская ініцыятыва з'явілася ў Віцебску. Яна называецца "Хайсы" - як і населены пункт, каля якога знайшлі ямы з чалавечымі парэшткамі.




Віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Ян Дзяржаўцаў, дзякуючы якому грамадскасці стала вядома страшная таямніца лесу недалёка ад вёсак Хайсы і Дрыколле, расказаў пра тое, як былі знойдзены брацкія магілі і які лёс напаткаў іх далей.

Пайшлі па грыбы, а знайшлі…

Упершыню пра ямы з чалавечымі косткамі Яну распавёў жыхар Лужасна Іван Кудзінаў 8 гадоў таму. Ён натрапіў на іх, збіраючы з братам грыбы. Мужчыны ўжо няма ўжывых, але ягоны брат Сяргей Кудзінаў таксама добра памятае гэтае месца.


Сяргей Кудзінаў

— За гэты час з'явілася і іншая інфармацыя аб сталінскіх злачынствах на Беларусі: была прэзентаваная кніга Зянона Пазняка пра Курапаты, а на сайце Радыё "Свабода" з'явілася "Картатэка Сталіна" Сяргея Дубаўца, — расказаў Ян Дзяржаўцаў. — Я вырашыў падлічыць, колькі людзей было рэпрэсавана, напрыклад, з майго роднага Лёзненскага раёна. Налічыў 1 240 чалавек.

Многія загінулі ў Віцебскай турме. Але ж куды зручней было расстрэльваць не ў сутарэннях, адкуль трэба было б вывозіць целы, а рабіць гэта дзесьці ў прыгарадным лесе. Таму я амаль упэўнены, што у віцебскіх лясах знайшлі супакой менавіта ахвяры рэпрэсій.


Чые ж магілы пад Віцебскам?

Апытаныя мясцовыя жыхары таксама сцвярджаюць: пахаванні з'явіліся яшчэ да вайны. Кажуць, адзін селянін нават паказваў месцы расстрэлу немцам. Але самым кампетэнтным магло б быць меркаванне спецыялістаў-экспертаў. Аднак яны, на жаль, не спяшаюцца выказвацца.


Жыхарка вёскі Хайсы Валянціна Шагеева

— Мы напісалі заявы ў абласныя ўпраўленні ўнутраных спраў, Следчага камітэта, пракуратуру, — расказаў Ян Дзяржаўцаў. — Усе гэтыя заявы патрапілі ў Віцебскі раённы Следчы камітэт. На наступны дзень да ям прыехалі ягоныя спецыялісты, узялі некалькі чарапоў і костак на экспертызу і завезлі ў Віцебск.

Праз месяц эксперты далі адказ: высветліць, колькі часу прайшло з моманту смерці, немагчыма. Можа, на гэтае пытанне адкажуць сталічныя спецыялісты, якім былі перададзены косткі і чарапы? Цяпер чакаем вынікаў адтуль.

Апошні раз мы цікавіліся лёсам чалавечых парэшткаў недзе з месяц таму. Зоя Высокіх – следчая, якая вядзе нашу справу — сказала, што экспертыза можа доўжыцца і год. А калі мы прасілі, каб нам паведамілі аб яе выніках, то атрымалі адмову: маўляў, мы не з'яўляемся заяўнікамі. Тады на адрас абласнога Следчага камітэта мы накіравалі зварот грамадзян з аналагічнай просьбай. Адказу чакаем каля месяца. Пасля плануем падаваць заяву ў суд. Так нам параіў адвакат.

Самым дзіўным для ініцыятараў экспертызы, па іх словах, стала тое, што да гэтага часу ў Беларусi не гатовы адкрыта гаварыць пра злачынствы НКУС. Аказваецца, кіраўнік аднаго з пашуковых атрадаў ведаў пра гэтыя пахаванні каля 20 гадоў таму, але яму параілі маўчаць… А браты Кудзінавы, знайшоўшы страшныя ямы, у 80-я гады заяўлялі аб гэтым і ўчастковаму, і ў сельсавет, і лужаснянскаму святару. Ніякіх мер тады ніхто не прыняў.

Пахаваць па-хрысціянску

Не чакаючы вынікаў экспертызы, ініцыятыўная група пачала збор подпісаў пад зваротам ў сельсавет. Ад мясцовых уладаў чакаюць дазволу і дапамогі ў пахаванні расстраляных. Дапамога найперш тычыцца кантактаў з іншымі дзяржаўнымі ўстановамі: неабходны дазвол на прарэджванне лесу каля месца пахавання, для ўпарадкавання дарогі да брацкай магілы і г.д.




Многае з таго, што было магчыма, актывісты зрабілі яшчэ ў час першай паездкі ў Хайсы, у лістападзе 2014. Тады ля брацкіх магіл усталявалі тры крыжы, якія асвяціў уніяцкі святар айцец Зміцер.

У бліжэйшыя месяцы запланавана добраўпарадкаванне тырыторыі каля магіл, а таксама складанне падрабязнай карты праезду да месца гібелі людзей. Хутка гэтую карту можна будзе знайсці ў інтэрнэце.




— Там ляжаць людзі! Мы вырашылі, што так усё пакідаць нельга. Абавязкова трэба ўпарадкаваць гэта месца, годна пахаваць парэшткі і стварыць мемарыял, — упэўнены Ян Дзяржаўцаў.

Назва грамадскай ініцыятывы ўказвае на канкрэтны населены пункт, аднак яна тычыцца ўшанавання памяці ахвяр сталінізму па ўсёй Віцебскай вобласці. У планах актывістаў - зварот да ўладаў з прапановай паставіць у Віцебску помнік грамадзянам,
рэпрэсіраваным падчас сталінскага тэрору.
←В минских поликлиниках недостаток противостолбнячных вакцин. Но по срочности прививку сделают

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика