Смаргонскі мемарыял Першай сусветнай не паспелі пабудаваць, а ўжо раскрадаюць

Источник материала:  
20.03.2015 09:25 — Новости Общества
Недабудаваны мемарыял памяці герояў і ахвяраў Першай сусветнай вайны ў Смаргоні, які так і не паспелі здаць да 1 жніўня 2014 году, калі па ўсім свеце адзначалася 100-годдзе пачатку драматычных падзеяў, пачынаюць раскрадаць.


Зламыснік найбольш упадабаў важкую літару "м"

З гранітнай пліты, якая інфармуе пра ўваход у мемарыяльны комплекс "па лініі расійска-нямецкага супрацьстаяння ў 1915–1917 гадах", зніклі шэсць літар жоўтага металу. Мяркуючы па ўсім, яны перакачавалі ў пункт прыёму каляровага лому. Адметна, што знявечылі расійскамоўную версію, суседняя "беларуская" сцяна не пацярпела. Невядомыя адкалупвалі найперш аб'ёмістыя літары, якія маюць большыя памеры і вагу.

Тым часам мясцовыя ўлады непакояцца, што ад падобнага лёсу не застрахаваныя і іншыя фрагменты маштабнага помніка, які ўзводзіцца пад самым лесам на ўскраіне - пры будаўніцтве выкарысталі багата дарагога металу і каменю розных пародаў.

Кіраўнік праекту мемарыялу, мінскі скульптар Анатоль Арцімовіч пра акт вандалізму даведаўся ад "Свабоды" і свайго засмучэння ўзроўнем свядомасці ў грамадзтве не хавае:

"Ну, гэта будзе, да гэтага трэба быць гатовым. На жаль, наш народ такі, што зробіш? Выглядае, што грамадства папросту не гатовае да ўсведамлення высакароднай ідэі памяці. Тым больш, гэта дзесьці на перыферыі, дзесьці збоку, можна і калупнуць - ні варты няма, ні парадку няма. Так што ў нейкім сэнсе, напэўна, гэта заканамерна. Але я, як аўтар, гэтым неверагодна заклапочаны. І я не ведаю, што з гэтым рабіць".


Бронзавы трыптых з "Крылатым геніем", "Салдатамі" і "Уцекачамі"

Цікаўлюся ў адмыслоўца: наколькі гэта каштоўны трафей для аматараў лёгка пажывіцца?

"Гэта якасны метал, бронза. Таму, вядома ж, у некаторых злодзеяў ёсць жаданне пару-тройку рублёў на роўным месцы зарабіць. Цяпер кілаграм бронзы добра каштуе: баюся назваць канкрэтную суму, але, па-мойму, да 10 даляраў вырасла бронза. Зразумела, што скрадзеныя літары - гэта не фальга, маюць добрую вагу, грамаў 200 кожная. У любым выпадку гэта самае звычайнае варварства, я тут нейкія іншыя карані не хачу нават шукаць. Прынамсі, не магу ўявіць, што нехта жадае, каб засталася толькі беларуская назва, паколькі прадугледжана дубляванне на дзвюх мовах. Урэшце дабяруцца і да другой сцяны".


Капліца з георгіеўскім крыжам

Яшчэ адзін крыж — на ўваходзе ў комплекс

Несанкцыянаванае "прарэджванне" тытульнага надпісу пры парадным уваходзе на тэрыторыю комплексу стала неспадзяванкай і для мясцовых уладаў. Пра гэта кажа начальнік аддзелу культуры Смаргонскага райвыканкаму Аляксей Апановіч:

"Ой, народ без сораму і сумлення. Адназначна вандалізм. Каб урэшце не паадразалі крылы "Крылатаму генію салдацкай славы", усё ж можа быць. Бачыце, комплекс як бы крыху ў цені, у лесазоне, хоць мы і завём яго паркам. Але не выстаўлена ніякіх ні нарадаў міліцыі, ні камер; комплекс яшчэ на стадыі будаўніцтва, ён не завершаны. Калі летась тут былі ўрачыстасці, мы нават адкрыццём гэта не называлі, проста быў міжнародны мітынг-рэквіем. Цалкам завяршэнне плануецца толькі ў 2018 годзе, да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны. Там працы - непачаты край. На жаль, не паспеўшы зрабіць, ужо мусім аднаўляць. Тым больш, столькі людзей побач праязджае, не толькі нашы, а і замежныя госці. Ведаюць праз інтэрнэт, што ёсць такое месца, шукаюць, цікавяцца, як даехаць, паглядзець. Таму трэба выпраўляць, і як мага хутчэй".


Недабудаваная "сцяна памяці"

Меркавалася, што мемарыял памяці герояў і ахвяраў Першай сусветнай вайны ў Смаргоні - горадзе, які 810 дзён заставаўся полем пазіцыйнай вайны і ў выніку быў цалкам разбураны - паўстане да 100-й гадавіны пачатку глабальнага канфлікту. Значная частка сродкаў была выдзелена з бюджэту так званай саюзнай дзяржавы.


Тэрыторыя далёка не ўпарадкаваная

Цяпер тэрмін здачы вырашана сумясціць з іншым юбілеем — 100-годдзем заканчэння крывавага супрацьстаяння ў 2018-м. Пры тым, што для Заходняга фронту і Смаргоні ў тым ліку вайна пачалася ў верасні 1915 году, было б лагічна напружыцца менавіта да гэтай даты.


Схема мемарыялізацыі Смаргоні

Аўтар праекту, скульптар Анатоль Арцімовіч кажа, што з-за недахопу фінансавання сёлета будоўля пэўна не завершыцца. Пры гэтым выявілася, што некаторыя працы скульптар мусіў аплочваць з уласнай кішэні:

"Не думаю, што гаворка пра 2015 год. Пры найлепшым варыянце гэта, хутчэй, 2016–2018, да стагоддзя завяршэння. Таму што вялізныя праблемы з грашыма. Усё гэта нямала каштуе, і нават тыя скрадзеныя літары - таксама чалавечая праца, якая патрабуе аплаты. Мы і так нешта на год раней адчынілі. Таму гэта сур'ёзнае пытанне, дзяржаўнае, а ў дзяржавы зараз поўна іншых праблем.

Увогуле, будаўніцтва ідзе, як кажуць, у складчыну. За расійскія грошы была зробленая бронза, а ўжо афармленне, камень, машчэнне - гэта беларускае. Нават не ведаю, калі за ўсё разлік будзе з тымі, хто там працаваў, і ці будзе ўвогуле, бо многія працавалі ў кошт таго, што "калі-небудзь заплацяць". Скажам, мы з сябрамі сваім коштам ажыццяўлялі ўстаноўку помніка. Ну, што зробіш, не кідаць жа? Можа, хто на месцы яшчэ ўрве якую капейку, а са мной няма прававых адносінаў, няма нават дамовы. Як быццам я стаўлю помнік для Смаргоні з уласнага жадання. Ну не павінна так быць! Гэта проста небывалы выпадак - архітэктар жа сам дом не будзе ставіць"
.


Бронзавы "блін" - яшчэ адна спакуса для збіральнікаў лому


Анатоль Арцімовіч вызначае кампазіцыю мемарыяльнага комплексу як трыптых. Дамінантай - трыадзіная скульптурная кампазіцыя: "Крылаты геній салдацкай славы", "Салдаты Першай сусветнай" і "Уцекачы". У мемарыяльную зону ўваходзяць мапа баявых дзеянняў, адлітая з бронзы, а таксама валуны з указаннем асноўных этапаў смаргонскага этапу вайны. Усталяваныя гранітныя сцены памяці: на адной нанясуць звыш 800 прозвішчаў расійскіх вайскоўцаў, на другой з'явіцца надпіс па-нямецку пра тое, што ў смаргонскай зямлі пахаваныя тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў, якія загінулі цягам 1915–1917 гадоў. Пасярод узвышаецца капліца са звонам і георгіеўскім крыжам.

Стылістычна мемарыял падмацуюць дзевяць памятных знакаў па лініі супрацьстаяння праз увесь горад, а ўздоўж шашы Мінск - Вільня паўстане бронзавы помнік "Праклён вайне".
←Витебчанка победила в конкурсе красоты среди девушек с нарушением слуха

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика