Арганізатар унікальнага квэсту па Мінску: Гэта найцікавейшы спосаб пазнаёміцца з гісторыяй горада

Источник материала:  
17.03.2015 12:42 — Новости Общества

Квэст-экскурсія "Дзе ў Мінску жыве каханне?" прайшла ў сталіцы ў Дзень закаханых. Тады ў квэсце ўзялі ўдзел больш за 500 чалавек. Каманда Шукай.BY прапанавала жыхарам выйсці на шпацыр па гістарычным сэрцы Мінска, каб разгадваючы цікавыя заданні, даведацца пра легенды і паданні нашага горада. Пра ідэю, "фішкі" і мэты праекта TUT.BY пагутарыў з адным з арганізатараў – Яраславам Ліхачэўскім.




Дзіўна не выкарыстоўваць легенды нашай зямлі

– Чаму мы прызначылі першы квэст на 14 лютага? Тут няма глубіннага сэнсу. Так склалася, што мы актыўна ўзяліся за працу, і нам трэба была нейкая дата, ад якой адштурхоўвацца: да гэтай даты трэба было падрыхтаваць працуючы сайт, дапрацаваць схему. Потым мы выбралі бліжэйшае свята – яно ўдала выпала на суботу, – расказвае арганізатар.

Ён таксама кажа, што некаторыя з легенд і гісторый, якія ўзгадваюцца ў квэсце, арганізатары ведалі самі, нешта шукалі ў бібліятэцы і гугле, нешта расказалі гарадскія фалькларысты.

– На нашай зямлі сабрана шмат культур і легендаў, таму мы лічым, што дзіўна гэта не выкарыстоўваць, – кажа суразмоўца.




Каб пачаць квэст "Дзе ў Мінску жыве каханне?", трэба было прыйсці на месца старта – плошчу 8 Сакавіка, зайсці на сайт квэста і націснуць кнопку "пачаць". Разгадваючы загадкі, трэба ісці па маршруце.

"Вы стаіце на сённяшняй Плошчы 8 Сакавіка. Але тут не заўжды была роўная пляцоўка, закаваная ў пліты. Таму цяпер мы адпраўляемся ў мінулае!" – такімі словамі пачынаецца квэст-экскурсія. – Незвычайны будынак, першая гарадская царква, была збудавана з каменю. Адсюль, з Замчышча, і бярэ свой пачатак наш родны Менск. І наша сённяшняя прыгода!"

Пры рэгістрацыі на квест большасць людзей выбірала беларускую мову

У хлопцаў і дзяўчын былі аднолькавыя заданні і лакацыі, але арганізатары разбілі заданне на дзве часткі, каб гульцы ўзаемадзейнічалі адзін з адным. У першым хлопцам трэба падысці да памятнага знаку, які паказвае на месца пабудовы першай гарадской каменнай царквы. Другая частка задання ў дзяўчат: ім трэба ўвесці ў поле для адказу суму ўсіх лічбаў на камені.




Пры рэгістрацыі на квэст, які прайшоў 14 лютага, большасць людзей выбірала беларускую мову - 57%. Аднак ужо на старце гульні баланс змяніўся: за беларускай мовай засталося толькі 42% гульцоў, за рускай – 58%. Да фінішу гульні суадносіны беларускай мовы да рускай былі 40 на 60. 

– Магчыма, было складана чытаць тэксты па-беларуску, – тлумачыць Яраслаў.

Сярэдні узрост удзельнікаў – 25-26 год. Але арганізатары бачылі людзей вельмі рознага веку – ад падлеткаў да пенсіянераў.

Падказкі ёсць да кожнага задання. Падказка да першага кажа, што памятны знак, які вы шукаеце, знаходзіцца паміж домам №2 па праспекце Пераможцаў і ракой. Калі пасля гэтага вы не знайшлі патрэбнае месца, то наступная падказка дае вам лічбы на памятным знаку: 9, 200, 14, 27, 1993, сума якіх і ёсць правільны адказ.

Такая форма адпачынку, як квест, людзям падабаецца, і мы спрабуем выкарыстаць гэта

– Такая форма адпачынку як квэст людзям падабаецца, і мы спрабуем выкарыстаць гэтую гульнявую форму дзеля таго, каб выканаць адну з галоўных мэтаў нашага праекта – расказаць пра беларускую культуру, гісторыю, нацыянальных герояў і паказаць цікавыя месцы, – расказвае арганізатар.

Адна з "фішак" праекта, як кажа Яраслаў, гэта тое, што ён не мае дзвярэй i гадзiннiка: калi экскурсii цi iншыя вiды адпачынку маюць працоўны графiк, то праз квэсты знаёмiцца з цікавымi месцамi і гісторыямі можна у любы зручны час. Першыя гульцы пачалі праходзіць яго а 12-й гадзіне дня, апошнія скончылі а 10-й гадзіне вечара.




– Мінск – гэта толькі пачатак, пазней мы будзем працаваць па ўсёй краіне. Шчыра кажучы, нам вельмi хочацца вывезцi жыхароў горада за яго межы i паказаць цудоўныя мясцiны i краявiды ў наваколлi, – кажа пра планы суразмоўца.

У бліжэйшых планах ў Шукай.BY – распрацоўка квэсту пра легенды Лошыцкага парка. Таксама, як дазволіць надвор'е, квэст плануецца ў Налібокскай пушчы: хутчэй за ўсё, маршрут будзе роварны. У каманды таксама ёсць сябры ў Берасці: яны ўжо гатовыя брацца за распрацоўку гульні.

Спрыяць развiццю бiзнэса i турызма – адна з нашых першапачатковых задач

Яшчэ адна з "фішак" праекта – маршрут гульні, які каманда праклала праз кавярню – каб падтрымліваць турыстычную інфраструктуру.

– І нашым гульцам добра: яны могуць падчас квесту адпачыць, выпіць кавы, і для ўладальнікаў кафэ гэта няблага, – падкрэслівае арганізатар.




Адно з апошніх заданняў квэста павінна прывесці гульцоў да арганізатараў, якія чакаюць іх у офісе сяброў, – праекта Igraroom.

Сузаснавальнік Igraroom Павел Лобач распавядае, што 14 лютага яны цэлы дзень прымалі гульцоў квэста "Дзе ў Мінску жыве каханне?" у сваім офісе, які злучае ў сабе два сучасных цікавых напрамкі: крэатыўнае кафе і квэсты ў рэальнасці. Павел кажа, што яны радуюцца з'яўленню квэстаў розных напрамкаў, таму што кожны – гэта як кніга і фільм: іх нешта аб'ядноўвае, але яны ўсе розныя. Таксама Павел падкрэслівае, што ў Яраслава Ліхачэўскага і яго каманды прадукт унікальны, таму што калі сярод экскурсій яшчэ ёсць канкурэнцыя, то экскурсія ў квэставай форме – эксклюзіў.

Пакуль квэсты Шукай.BY бясплатныя, але арганізатары бачаць гэты праект камерцыйным: інакш ён не будзе выконваць сваю мiсiю.

– А мiсiя яго ў тым, каб адрадзiць беларускую культурную спадчыну i зрабiць яе часткай сучаснасцi праз навамодны вiд адпачынку i мабiльныя тэхналогii, – лічыць Ліхачэўскі.




Яраслаў кажа, што кошт паспрабуюць зрабіць настолькі нізкі, наколькі магчыма, і будуць арыентавацца на кошт квітка ў кіно.

– Для замежных гасцей гэта, нам здаецца, найцiкавейшы i вельмi зручны спосаб пазнаёмiцца з нашай краiнай. Зараз прайсці квэст можна на беларускай, рускай і ангельскай мове. Пашыраць будзем на польскую и літоўскую – каб зрабіць Беларусь больш прывабнай для суседзяў, – падагульняе суразмоўца.
←Качество и эффективность белорусских лекарств обсудят эксперты 19 марта в пресс-центре БЕЛТА

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика