У рабстве пад Лідай: дзе і як трымалі в'етнамскіх нелегалаў

Источник материала:  
13.03.2015 12:27 — Новости Общества
Лідскі раён не мяжуе з Літвой, але Ліда - горад са сваім пагранатрадам. І праз яго і ваколіцы пралягаюць шляхі нелегальнай міграцыі ў Еўропу. У вёсцы Чэхаўцы мясцовы прадпрымальнік утрымліваў у гаражы 16 в'етнамцаў-нелегалаў, якіх меў пераправіць у ЕС, але замест гэтага прымушаў іх працаваць.




48-гадовы Сяргей Сталяроў, дырэктар УП "Транслайф", трымаў у сваім гаражы ў вёсцы Чэхаўцы Лідскага раёну групу в'етнамцаў-нелегалаў. Калі іх затрымалі, следства палічыла, што Сталяроў в'етнамцаў эксплуатаваў, дрэнна карміў і "выкарыстоўваў іх рабскую працу". Да пераводу нелегалаў праз мяжу не дайшло, але абвінавачанне ў "арганізацыі каналу нелегальнай міграцыі" ў справе Сталярова фігуруе.

Сталярову далі пяць гадоў узмоцненага рэжыму і канфіскавалі маёмасць. В'етнамцаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за незаконны ўезд у Беларусь і адсутнасць дакументаў, а затым дэпартавалі на радзіму.

Следзтва лічыць, што Сталяроў дзейнічаў у складзе групы, у якой былі грамадзяне Расіі. Група мелася пераправіць нелегалаў у Літву за грашовае ўзнагароджанне. Расійскіх фігурантаў вызначыць не ўдалося, і матэрыялы на іх былі перададзеныя ў расійскія праваахоўныя органы.

А сам прадпрымальнік, які займаўся транспартнымі перавозкамі, на судзе тлумачыў, што пад Масквой нейкі Беслан папрасіў яго даставіць у Мінск будаўнічыя матэрыялы. Але замест гэтага даў групу нібыта в'етнамскіх рабочых і заплаціў тысячу долараў.

У Мінску нібыта ніякай будоўлі не было, і Сталяроў прывёз іх да сябе ў Чэхаўцы. Там яны прабылі восем дзён да затрымання. А самога Сталярова затрымалі пад Масквой, дзе ён быў у чарговым рэйсе.

Каб даведацца, ці сапраўды ёсць рабства ў Лідскім раёне, Радыё Свабода выправілася ў вёску Чэхаўцы.

"Правільна пасадзілі. Чаго ён іх прывёз?"

Ранішняя вёска бязлюдная. У ёй дзве вуліцы: Крывая і ўласна Чэхаўцы, дамоў якіх шэсцьдзесят.

Спадарыня Марыя распавяла, што в'етнамцаў трымалі "ў канцы вуліцы".

Імя прадпрымальніка яна называе, а прозвішча, кажа, не ведае. За што пасадзілі?

"А чаго ён іх папрывозіў? Яшчэ і мала, можа, далі, няхай не трымаў бы. Нехта раз казаў: а чаго гэта пайшоў да той хаты в'етнамец, такі малы? Я ж сама не бачыла, я ў канец вуліцы не хаджу. Людзі асуджаюць: правільна пасадзілі, не трэба было везці. Казалі: хадзілі, прасілі есці. А чаго ён іх вёз? Ніхто яго не шкадуе".


Значыць, толькі віетнамцаў шкадавалі? - удакладняем мы.

"А чаго яны ехалі сюды? - кажа спадарыня Марыя. - Ну, канечне, іх голадам марылі. Ну як ім выбрацца? Ну чаго іх трымаць тутака столькі дзён і голадам марыць? Пакарміць жа трэба было. Трэба ж было здаць іх ці не браць адтуль, ну, я не ведаю. Ну, так людзі гавораць..."


У гэтым будынку трымалі восем дзён шаснаццаць в'етнамцаў

Другая жыхарка вёскі, спадарыня Данута, рэагуе на пытанне пра в'етнамцаў і пакаранага зняволеннем прадпрымальніка крыху інакш:

"Не знаю, нічога не знаю. Не, ну я знаю, але нічога не скажу. Чаму? Мне не трэба праблемаў. Я іх не бачыла, а хто бачыў - ніхто не скажа. Чалавека пасадзілі на пяць год, што вы думаеце! Шкада маладога чалавека. Прывёз ён іх на сваю бяду. Ездзіў, шукаў і знайшоў сабе бяду. Ён добры чалавек. Сын застаўся старэйшы і жонка маладая з малым дзіцём..."

Ад нечаканай спецаперацыі ледзь не пацярпела собская жывёла Івана Іваныча

Жыхар Чэхаўцаў Іван Іваныч, пачуўшы пра мэту нашага з'яўлення, смяецца. Ці чытаў у мясцовай газеце пра гісторыю з в'етнамцамі?

"Канечне, - адказвае, - я ж відавочцам быў!"

Іван Іваныч запрашае ў хату, каб не размаўляць на двары. З пэўным задавальненнем ён пачынае аповед:

"Зараз, што я бачыў, вам раскажу. У мяне кароўка была на часах, я яе непадалёк ад слупа навязаў, каб заўсёды была навідавоку. Гэта было гадзіны ў тры. Гляджу: машыны, адна, другая, трэцяя. Ну, мала што: чалавек працуе, можа, сябры прыехалі. А да яго сапраўды прыяжджалі. І раптам я бачу: зароў матор, пазадарожнік, і проста на кароўку, кароўка мая зрываецца. Гэта кол каб вырваць семдзесят сантыметраў - які быў удар! Ну, ён ехаў на яе з усёй хуткасці. Я паспяшаў за ёй, гляджу: чатыры ці пяць чалавек бягуць да рэчкі".


Машына зрушыла ім напярэймы. А што былі за людзі, што лавілі в'етнамцаў, ён не ведае, "у іх ні пагонаў, нічога не было".

Ад нечаканай спецаперацыі ледзь не пацярпела собская жывёла Івана Іваныча:

"Пайшоў я за кароўкай, яна, значыць, у шоку. Звычайна на маё слова спыняецца, падыходзіць да мяне, у мяне ў кішэні бурачок ці хлебушак. А гэта ніяк. А ў мяне ногі хворыя. І далёка зайшла, кіламетра за паўтара. Там чалавек быў з каровамі таксама, злавіў яе за повад. Я прывёў яе, навязаў, гляджу: што такое? Там каля майстэрняў бетонная пляцоўка, на ёй пацаны ляжаць, у адной майцы пузёнкамі на бетон".


Чэхаўцоўскі конь, які пасвіўся побач з месцам, дзе затрымалі в'етнамцаў

Двое з групы людзей у цывільным накіраваліся да Івана Іваныча:

"Адзін назваўся палкоўнікам пагранвойскаў і давай распытваць: што вы бачылі? Мы з жонкай: нічога. Ён: "Выкручваецеся, не хочаце сказаць. Мы ўсё роўна гэта ведалі, у нас відэакамера тут стаіць, мы даўно за імі, ужо тыдзень назіралі..."

Можа, ён такі палкоўнік, як я футбаліст з маімі нагамі. Дакументаў ён не паказваў. За кожнае слова чапляўся. "А можа, вы ім дапамагалі, можа, вы з імі "ў дзеле"? Я кажу: "Што вы малоціце, якое наша "дзела", каб у нашым узросце займацца?" І я кажу: чаго вы здзекуецеся злюдзей? Яны ляжаць на бетоне. Людскія адносіны вы ж павінны мець, вы ж нейкія органы ўлады, яны ж людзі, тым больш яны нічога не зрабілі. А ўвогуле іх ніхто не бачыў".

Потым той нібы палкоўнік пайшоў. Праўда, напэўна, даў каманду, каб затрыманых паднялі з долу".

Іван Іваныч працягваў: "Іх пасадзілі, сядзяць, нібы смарчкі. "А навошта вы з імі так?" - пытаюся. "А яны, як мурашы, зараз распаўзуцца!" - адказваюць.

А ў артыкуле ў газеце напісана, што калі прыйшлі ў пагонах, адчынілі дзверы, в'етнамцы абрадаваліся... Ды яны пабеглі да рэчкі адразу, але сунуліся ў ваду і зразумелі: куды яны пабягуць? Вярнуліся назад. І вось іх у мокрым адзенні паклалі на бетон".

У газеце Сталярова назвалі "рабаўладальнікам", ды яшчэ "прыгоннае права" ўзгадалі. Іван Іваныч не згаджаецца. Ці ён прымушаў іх працаваць, пытаемся:

"Але такую работу я б відэльцам і рукамі зрабіў бы, нечым там, не рыдлёўкай, не ломам, а відэльцам. І хіба гэта праца?" - кажа Іван Іваныч і вядзе нас на месца. За белым цагляным будынкам паказвае дзеля пераканаўчасці тры квадратныя ямкі глыбінёю сорак-пяцьдзясят сантыметраў. А ў газеце напісана, што "ён прымушаў іх капаць каналізацыю і пяць год убухалі яму страгача, і сядзіць як піць даць".


Ямінкі, выкапаныя в'етнамцамі

"Вядома, Сяргей быў вінаваты, што згадзіўся падвезці гэтых в'етнамцаў, - кажа Іван Іваныч. - Але потым і сам, напэўна, каяўся: чаму? Таму што той чалавек, што прасіў іх перавезці, усё не з'яўляецца. А самому іх перапраўляць цераз мяжу - гэта яшчэ адзін артыкул будзе".

На развітанне Іван Іваныч закранае незразумелую для сябе праблему:

"А чаму нашы мяжу так ахоўваюць? Калі тыя лезуць, хочуць на Захад, хай ідуць. Я ад гэтай палітыкі далёкі, але раз яны ідуць туды, няхай ідуць, яны ж не да нас, праўда? Лукашэнка ж сказаў: мы ахоўваем, грошы за гэта людзям плацім, а нас яшчэ абвінавачваюць..."

Гэта хто яшчэ рабы?

Здарэнне выклікала "ўсебеларускае" абмеркаванне ў інтэрнэце. Чытачоў вельмі зачапілі словы "рабаўладальнік", "зрабіў в'етнамцаў сваімі рабамі". Адна з газет шлях нелегалаў з Масквы пад Ліду назвала "дарогай у рабства". "Дзевяноста адсоткаў насельніцтва РБ працуе за ежу, і ніхто нікога не пасадзіў за гэта". "Калі праца за ежу - гэта рабства, то ў РБ рабаўладальніцкі лад, хаця хіба больш нагадвае феадальны". "А хіба канфіскацыя маёмасці прадугледжваецца за "прымушэнне да працы"? Выглядае, што сэнс справы быў у тым, каб канфіскаваць у чалавека транспарт".

Каментатары развілі і "расійскі аспект". "Яшчэ трэба разабрацца, хто сапраўды рабы. У Расіі прыблізна мільён нашых рабоў - і нічога, задаволеныя". "У кожнага знойдуцца знаёмыя, што ў Маскве ці на Поўначы на будоўлях толькі за ежу парабкавалі. Столькі нашых там згінула за апошнія часы".
←В белорусских магазинах масло теперь должно отделяться от «вроде-масло»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика