Гомельцы TUT: "Мінск перанасычаны культурным жыццём, а ў абласных гарадах яго не хапае"
08.12.2014 10:05
—
Новости Общества

Фота: Іван Ярывановіч
Якія месцы горада ты паказаў бы замежнаму госцю?
- Я люблю месцы індустрыяльнага горада. Люблю збочыць ад новага ўнівермага, спусціцца ўніз на вуліцу Падгорную і доўга-доўга ісці праз хлебазавод, рачны порт, і потым выйсці у нармальны цывільны парк. Падгорная - адна з маіх любімых вуліц горада, і паказваць Гомель я пачаў бы аккурат з яе.
Чаго не хапае Гомелю як гораду...
- Не хапае найперш пешаходнай вуліцы, як прынцыповага складніку гістарычнага цэнтру. Цэнтр Гомеля не вельмі вялікі, але мае адметныя будынкі, якія можна падкрэсліць. Варта зрабіць цэнтр менш праязным і больш пешаходным. Не хапае адчування вось гэтага старога горада.
Яшчэ не хапае культурных імпрэзаў больш лакальнага і беларускага характара. Падтрымкі "свайго", як у творчасці, так і ў вытворчасці.
...а гомельцам як людзям?
- Разумення таго, што ў нас усё ёсць.
Яшчэ мы даволі адкрытыя людзі, але ўсе ж некаторым не хапае прастаты. Гомельцы - ганарлівыя людзі. У гомельскіх людзей свой унікальны гонар, пры чым як і ў людзей савецкага складу мыслення, так і беларусацэнтрычных. Апошнія вельмі ганарацца тым, што яны беларусацэнтрычныя ва ўсходняй Беларусі, а савецкія гомельцы - тым, што Гомель заўсёды быў незалежным горадам ад Мінску ў стасунках з Масквой.
За што ж варта любіць Гомель?
- За атмасферу. Гомель для мяне горад мараў. Таму што ў Гомелі не вельмі шмат гістарычнай забудовы, і людзі, схільныя да рамантызму, гуляючы па горадзе, па тым жа індустрыяльным вуліцам, шмат чаго дамалёўваюць ў сваёй галаве. Гомель мае вельмі творчую атмасферу, якая дазваляе марыць.
Самае ўтульнае для цябе месца ў горадзе…
- Як я ўжо згадваў вышэй, вуліца Падгорная. А таксама рачны порт, дзе можна назіраць за ракой і бачыць, як заходзіць сонца. А яшчэ чыгункавы пераход у раёне Мікольскай царквы.
Калі б ты пісаў кнігу пра Гомель, якімі быў бы першы сказ?
- "Хуткі цягнік прыбывае на першы шлях".
Як ты лічыш, ці можа Гомель быць горадам, дзе можна рэалізавацца? І ці можа ён стварыць канкурэнцыю Мінску ў забяспечванні тутэйшай моладзі пляцоўкамі для здзяйснення сваіх мараў, ідэй?
- Гэта праблема не толькі Гомеля, але і ўсіх беларускіх местаў - у нашай краіне на 10 млн людзей 1/5 частка насельніцтва жыве ў сталіцы. Аднак, праблемы такога кштатлту можна назіраць і ва Угоршчыне, напрыклад.
У першую чаргу, каб весці канкурэнцыю ў нейкім культурніцкім плане, той жа моладзі бракуе разумення таго, што гэта можна і трэба рабіць тут. Безумоўна, часткова Мінск ужо перанасычаны, як і любая сталіца, культурным жыццём, а ў абласных гарадах яго не хапае. Але я, прынамсі, назіраю гэткі "адкат" ад сталічнага жыцця. І Гомель яшчэ ўсім пакажа!
* * *
Панядзелак - дзень цяжкі. Герой рубрыкі радзіць сустракаць раніцу панядзелка ў бадзёрым настроі з песняй "Ламай сыстэму" ад Лявона Вольскага
Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. 
