Гомельцы TUT: "Гэты горад жыве сам па сабе"
17.11.2014 10:22
—
Новости Общества
- Якія месцы горада ты паказаў бы замежнаму госцю?
- У мяне атрымаецца даволі трывіяльны адказ: замежнага госця я б звадзіў на стадыён “Цэнтральны”, у парк. Таксама можна паказаць яму горад з таго боку маста праз Сож, які ідзе з Навабеліцы. Ніякіх іншых больш адметных месцаў у Гомелі я не ведаю. Мог бы сказаць: “А калі паказаць горы на тэрыторыі хімзавода?” Аднак гэта не вельмі прыгожы бок нашага горада, таму і паказваць гэта не варта. Тым больш Гомель у замежнікаў асацыюецца, напэўна, з Чарнобылем, брудным паветрам і дрэнным экалагічным становішчам. Ці гэта мы толькі так лічым? У любым выпадку, спачатку госцю лепш паказаць самае прыгожае, што ў нас ёсць - парк.
- Чаго не хапае Гомелю як гораду?
- Багата чаго не хапае насамрэч. Не хапае магчымасці творча сябе праявіць. Свабодна і без перашкод. Каб маладому мастаку не трэба было паўгады ўзгадняць магчымасць правядзення ўласнай выставы. Каб просты чалавек з вуліцы мог прыйсці ў адміністрацыю раёна і сказаць: "Я хачу правесці выставу - і арганізаваць яе". Не хапае розных фестываляў. Можа камусьці незразумелых, але іншым цікавых. Напрыклад, фестывалю, прысвечанаму нейкай гульне, ці фестывалю па паяданні чаго-небудзь. Ці, напрыклад, аматарскага чэмпіянату па вулічнаму баскетболу.
І яшчэ гораду не хапае добрай канцэртнай пляцоўкі.
- Самае ўтульнае для цябе месца ў горадзе…
- Зараз я жыву ў 51-м мікрараёне, і гэта, на мой погляд, самае ўтульнае месца для пражывання ў Гомелі.
Таксама мне заўсёды прыемна знаходзіцца ў межах вуліц Пушкіна, Арцёма, Маркса, якія мяжуюць з паркам. Бо яны ціхія і спакойныя.
- За што варта любіць Гомель?
- Яго трэба любіць хаця б за тое, што ты тут нарадзіўся, што гэты горад - твая малая радзіма.
Гомель для мяне нават больш радзіма, чым уся Беларусь, бо ў Гомелі я сябе адчуваю лепш, чым у астатніх гарадах краіны.
- Калі б ты пісаў кнігу пра Гомель, якімі былі б першыя сказы?
"Гэты горад жыве сам па сабе".
- Ты перакладаеш замежныя коміксы на беларускую мову. Сваімі перакладамі папулярызуеш коміксы ці мову? Ды няўжо коміксы ўвогуле папулярныя на нашай прасторы? Ці ёсць у планах стварыць уласны беларускі комікс?
- Я хутчэй спрабую папулярызаваць мову сярод моладзі. Чаму праз коміксы? Таму што коміксы - гэта літаратура для ўзросту пасляпадлеткавага, калі ты вучышся ва ўніверсітэце ці ўжо пачаў працаваць. І менавіта ў гэты момант ты робіш свой свядомы выбар, што тычыцца ўсіх пытанняў жыцця: як ты хочаш жыць, на якой мове ты хочаш размаўляць, якую мову ты хочаш чуць і чытаць на якой мове. Таксама я ведаю, што ёсць людзі, якім не хапае беларускай мовы навокал. І сваімі перакладамі я пашыраю магчымасці чытаць па-беларуску, бо не кожны будзе чытаць класіку, а перакладаў сучаснай літаратуры на беларускую вельмі мала. Коміксы ж можна хуценька прачытаць і пры гэтым знайсці нейкія цікавыя думкі.
У свеце коміксы зараз становяцца ўсё больш папулярнымі, таму што яны вельмі моцна падтрымліваюцца з боку кінастудый, якія ўжо запланавалі фільмаў ажно да 2020-га года, прычым вядомыя нават дні пачатку пракатаў. І гэта не некалькі фільмаў - іх шмат. Здымаецца вялікая колькасць сэрыялаў па коміксах. Дзякуючы інтэрнэту і ў нас ёсць магчымасць глядзець гэтыя сэрыялы на англійскай мове ў дзень іх з’яўлення на экранах. Таму коміксная тэма пашыраецца і на нашай прасторы. Выйсці ў цішотцы з эмблемай бэтмэна ці супермэна становіцца модным. Да таго ж ў Мінску адкрылася крама, дзе прадаюцца коміксы, і людзі даволі актыўна іх набываюць. Ды зараз нават у шапіках Белсаюздруку можна набыць кнігі з коміксамі.
Планы выдаць не проста беларускамоўны, а ўласны беларускі комікс з непаўторнай беларускай гісторыяй ёсць. Але ж напачатку неабходна, каб у беларусаў узнікла цікаўнаўсць да коміксаў як да цэлай культуры.
* * *
Панядзелак - дзень цяжкі. Герой рубрыкі раіць пачынаць раніцу панядзелка з песняй The Offspring "Days Go By".
Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.