Ужо 12 лістапада распачне працу моўны клуб "МоваTUT". Далучайцеся!
06.11.2014 11:21
—
Новости Общества
Беларускі партал TUT.BY, Галерэя TUT.BY і Беларускі дзяржаўны ўнівесітэт абвяшчаюць аб старце працы моўнага клуба "МоваTUT". Ён закліканы стаць прастораю для свабоднай камунікацыі па-беларуску, незалежна ад узроўня валодання моваю на момант далучэння. Уся камунікацыя будзе заснаваная на мастацтве.
У працяг прэзентацыі выставы Адама Глобуса "Мінск - Вільня: мастацкі маршрут Адама Глобуса" усе ахвотныя змогуць абмеркаваць творы мастака, задаць яму пытанні і атрымаць моўныя веды ад выкладчыка філалагічнага факультэта БДУ.
Канцэпцыя вывучэння мовы ў клубе "МоваTUT" палягае на засваенні слоўнага масіва праз творы мастацтва, яго практычнага засваення праз камунікацыю з аднаклубнікамі, мастакамі, пісьменнікамі, гісторыкамі і, канешне ж, выкладчыкамі найстарэйшага ўніверсітэта краіны.
Сустрэчы ўдзельнікаў "МоваTUT" будуць адбывацца раз на два тыдні на пляцоўцы Галерэі TUT.BY па адрасе праспект Дзяржынскага, 57, 9 паверх. Першая - 12 лістапада, у сераду. Узяць удзел можа кожны ахвотны. Больш за тое, бацькі могуць прыходзіць у "МоваTUT" з дзеткамі. Пакуль старэйшыя будуць вучыць мову праз мастацтва, дзеткі змогуць паглядзець мультфільмы, перакладзеныя на беларускую.
Для таго, каб была магчымасць ацаніць прыкладную колькасць удзельнікаў, просім ахвотных дасылаць заяўкі на адрас mova@tutby.com. У лісце, калі ласка, пазначайце пра намер прыйсці з дзіцём.