Даследванне: Колькасць тых, хто недастаткова валодае беларускай мовай за тры гады ўзрасла амаль утрая
23.10.2014 08:44
—
Новости Общества
Толькі 5 адсоткаў чытачоў аддаюць перавагу літаратуры на беларускай мове. 40% апытаных кажуць, што недастаткова валодаюць беларускай мовай, каб на ёй чытаць.
У Мінску прэзентавалі вынікі сацыялагічнага даследавання практыкі чытання і літаратурных схільнасцяў беларусаў. Апытанне было праведзена Лабараторыяй "Новак" на замову ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і кампаніі "Будзьма беларусамі!". Да мерапрыемства далучыліся прадстаўнікі дзяржавы – супрацоўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, ААТ "Белкніга", Інстытута журналістыкі БДУ.
Вось некаторыя, самыя яскравыя вынікі даследавання, што было праведзенае Лабараторыяй "Новак" праз тэлефонныя інтэрв'ю ў Мінску, абласных і раённых гарадах, вёсках. Паводле сацыёлага Лідзіі Міхеевай, даследаванне ахапіла 1.000 рэспандэнтаў розных узростаў і заняткаў.
Мастацкую літаратуру хоць бы раз у месяц чытаюць каля 57,9% беларусаў. Колькасць людзей, якія ў прынцыпе не чытаюць кніг, складае каля 19%. У 2011 годзе (тады было праведзенае аналагічнае даследаванне) апытаныя выбіралі дэтэктывы, жаночыя раманы і фантастыку, у 2014 годзе палепшылі свае пазіцыі класічная літаратура і кнігі па гісторыі.
На пытанне "На якой мове Вы чытаеце мастацкую літаратуру?", якое давала магчымасць выбару некалькіх варыянтаў, 99,4% рэспандэнтаў назвала рускую, і 27,7% – рускую і беларускую мовы. На пытанне "Літаратуры на якой мове Вы аддаяце перавагу?" 93,7% адказалі "На рускай" і толькі 5% – "На беларускай мове". На беларускай, у параўнанні з даследаваннем 2011 года, сталі чытаць нашмат меней – тады на карысць чытання на беларускай мове выказаліся 13,8%.
На думку большасці рэспандэнтаў, культуру чытання фарміруе агульнаадукацыйная школа і гуманітарныя прадметы, і толькі потым уплыў бацькоў і навучанне ва ўніверсітэце.
Большасць апытаных на змаглі назваць нікога, адказваючы на пытанне "Якіх сучасных беларускіх пісьменнікаў вы ведаеце?".
80 % рэспандэнтаў ніколі не наведвалі літаратурныя мерапрыемствы, 15 % зрэдку бываюць на такіх імпрэзах.
Што да ролі дзяржавы ў развіцці культуры чытання, то траціна рэспандэнтаў адзначыла, што дзяржава робіць дзеля гэтага няшмат, і ёй варта ўзмацніць сваю падтрымку.
Адметна, што большасць апытаных лічыць самымі дзейснымі мерамі, якія змогуць палепшыць сітуацыю, павелічэнне колькасці заняткаў па мове і літаратуры ў школе, тэматычных праграм на тэлебачанні, аглядаў у СМІ.
Паводле Лідзіі Міхеевай, галоўная выснова – гэта тое, што агульная цікавасць да беларускай літаратуры расце, але родная мова як мова чытання год ад года страчвае свае пазіцыі.
Старшыня СБП Барыс Пятровіч нагадаў удзельнікам круглага стала, што ў апошнія дзесяцігоддзі пяцёра беларускіх пісьменнікаў - Васіль Быкаў, Алесь Разанаў, Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Святлана Алексіевіч – былі намінтамі на Нобелеўскую прэмію, што сведчыць пра ўзровень беларускай літаратуры. Існуюць літаратурная прэмія "Дэбют" імя Максіма Багдановіча і прэмія імя Ежы Гедройца.
- І тым не менш, вымушаны канстатаваць, што ў цэлым інтарэс да беларускамоўнай літаратуры падае. Чаму так сталася? У нашых рэаліях адказ, здавалася б, навідавоку. Мы ведаем, што пачынаючы с 1995 году, а гэта амаль два пакаленні вучняў школ, падае колькасць вучняў, што вывучаюць беларускую мову ў школах, увогуле змяншаецца колькасць беларускіх школ. Прычым, зніжаецца катастрафічна. Да прыкладу, ні ў адным з абласных гарадоў на сёння няма беларускіх школ. У 300-тысячным Магілёве толькі адна дзяўчынка вучыцца на беларускай мове. На 300 тысяч жыхароў у нас адзін патэнцыйны чытач і ён жа адзін патэнцыйны аўтар.
Барыс Пятровіч зазначыў, што пра стан беларускай мовы ўжо загаварылі і прадстаўнікі беларускай улады, але "добра было б, каб словы не разыходзіліся са справай".
Намеснік старшыні СБП Алесь Пашкевіч у размове з карэспандэнтам Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі" назваў агучаныя вынікі даследавання "калі не катастрофай, то блізка да гэтага".
- Але калі бы ў нас не было веры ў лепшае, мы б не займаліся арганізацыяй падобных мерапрыемстваў. Большасць пісьменнікаў Беларусі піша па-беларуску, большасць жыхароў Беларусі не ведае беларускай мовы. Гэтыя дзве палярныя катэгорыі мы б хацелі неяк ураўнаважыць. Хаця б і цягам дзесяцігоддзяў. Натуральна, гэтага не зрабіць за год ці два. Мяне вельмі непакоіць рэзкае павелічэнне колькасці людзей, якія кажуць, што недастаткова валодаюць беларускай мовай, каб на ёй чытаць. І гэта цягам трох гадоў – калі ў 2011 годзе 14% недастаткова валодалі, то ў 2014-м – ужо 40%. Пачынаць вырашаць гэтыя праблемы, натуральна, трэба калегіяльна. Без дзяржаўных органаў, без дзяржаўнай зацікаўленасці ніводная грамадская арганізацыя не зможа вырашыць гэтай сітуацыі, бо яна – агульнанацыянальная, зрэз гэтых праблем вырашальны, у першую чаргу, якраз сродкамі законапраектаў. Таму, не зважаючы на вялікія праблемы, але ўсё ж трэба канстатаваць, што і ў дзяржаўных інстытуцый у апошнія месяцы зацікаўленасць гэтай праблематыкай расце.
Читайте также:
Читайте также: