Уладзімір Някляеў звярнуўся да міліцыянераў з адкрытым лістом
Лідар кампаніі "Гавары праўду" Уладзімір Някляеў звярнуўся з адкрытым лістом да міліцыянераў з нагоды яго затрымання, што адбылося 20 кастрычніка ў Мінску.
"Двое з вас у каторы раз мяне затрымалі. Як заўсёды, без ніякай прычыны. Калі не лічыць прычынай тое, што на вуліцы імя народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа каля дома, у якім жыў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, я казаў па-беларуску", — цытуе Някляева БелаПАН.
"Да гэтага я звык. Вам кажуць — вы робіце. Такая служба. Але ёсць тое, да чаго звыкнуць немагчыма. Амаль кожны раз у кожным пастарунку нехта з вас патрабуе, каб я размаўляў не на сваёй мове. Адны ад мяне, грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, патрабуюць "говорить по-русски", іншыя — "на человеческом языке". Тое самае адбылося пры сённяшнім затрыманні, чаму ёсць сведкі: двое затрыманых са мной журналістаў", — піша лідар "Гавары праўду".
Ён падкрэслівае, што стаміўся зачытваць міліцыянерам артыкулы Канстытуцыі, тлумачыць закон, а таксама свае правы. "Усё без толку, бо ўсе правы толькі ў вас, а ў мяне — ніякіх. І ўсё ж адно права я маю: бараніць сваю чалавечую годнасць. Мой нацыянальны гонар беларуса, гонар маіх продкаў, якія нарадзіліся на гэтай зямлі з Богам дадзенай мовай, на ёй маліліся, з ёй жылі і паміралі. І не вам яе ў мяне адымаць. Вось і ўвесь закон. Гэта не чалавечы закон. Боскі. Калі ён і далей будзе парушацца, мы ўсе, і паэты, і міліцыянты, пройдзем па гэтай зямлі бясследна. Памрэм нікім. Проста здохнем", — адзначае паэт і палітык.
Падчас інтэрв'ю з Уладзімірам Някляевым 20 кастрычніка затрымалі незалежных журналістаў Алеся Любенчука і Марыю Арцыбашаву. У міліцыі яны правялі каля паўтары гадзіны, у іх праверылі дакументы, а затым выпусцілі. Супрацоўнікаў праваахоўных органаў цікавіў запіс, які зрабілі журналісты.