У Бранску кажуць: "Вось "бацька" прыйдзе і парадак навядзе"

Источник материала:  
20.10.2014 16:42 — Новости Общества
Інтэрнэт-галасаванне на бранскім сайце выявіла, што каля 70 працэнтаў яго ўдзельнікаў хацелі б, каб Бранск стаў беларускім. Але арганізатары апытання лічаць, што яго вынікі маюць мала супольнага з рэчаіснасцю.


Рэдактар бранскага інтэрнэт-выдання "ГородБ" Дзяніс Пятрэнка

Беларусь лідзіруе ў папярэдніх выніках апытання на бранскім сайце. У суботу бранскае інтэрнэт-выданне "ГородБ" запусціла апытанне сярод сваіх чытачоў, які варыянт дзяржаўнай прыналежнасці гораду Бранску яны б абралі.

Чытачы сайту гэтак расставілі свае прыярытэты:

Бранск у складзе Расіі - 16.29% (548 галасоў)
Бранск у складзе Беларусі - 69.95% (2353 галасоў)
Бранск у складзе Украіны - 5.74% (193 галасоў)
За Бранскую Народную Рэспубліку - 4.93% (166 галасоў)

Калі б у Бранску сапраўды адбыўся рэферэндум, то пераважная большасць прагаласавала б за захаванне рэгіёну ў складзе Расіі. Але варыянт далучэння да Беларусі ўсё ж такі атрымаў бы ня 70, а ўсяго толькі некалькі адсоткаў галасоў.

Такую думку ў інтэрв'ю Радыё Свабода выказаў рэдактар бранскага інтэрнэт-выдання "ГородБ" Дзяніс Пятрэнка.

На дадзены момант далучэнне Бранску да Беларусі падтрымалі больш за 70%. Пры гэтым рэдакцыя "ГородБ" у камэнтарыі да апытання адзначае, што больш за 42% удзельнікаў апытання галасавалі з Беларусі.

Рэдактар бранскага інтэрнэт-выдання "ГородБ" Дзяніс Пятрэнка адзначае, што зусім не чакаў такога рэзанансу. Паводле яго, апытанне было проста жартам, да якога шмат хто паставіўся занадта сур"ёзна.

- Як наогул нарадзілася ідэя гэтага апытання?

- У суботу днём я праглядаў навіны і наткнуўся на падборку самых яскравых выказванняў Аляксандра Лукашэнкі з мінулай прэс-канферэнцыі, сярод якіх трапілася і пра Бранск. Таму я ўдакладніў, што менавіта так гэта і прагучала, напісаў інфармацыю, а потым вырашыў прыляпіць да гэтага апытанне - смешна ж. Цяпер шмат хто ў сеціве думае, што гэта правакацыя - ці то КДБ Беларусі, ці то ФСБ Расіі - але насамрэч мяне ніхто на гэта не правакаваў. Гэта зрабіў я і без аніякіх задніх думак. Тым больш, наш рэсурс "ГородБ" - ён наагул ня вельмі сур"ёзны, ён у прынцыпе іранічны. Мы не займаемся нейкімі вялікімі прапагандысцкімі праектамі.

- Якая была рэакцыя на гэтае апытанне?

- Рэакцыя была пацешная. Наогул нельга казаць, што ў нас мэгапапулярны рэсурс. У выходныя для нас нармальная колькасць унікальных наведнікаў - 500-600 чалавек. І гэтае галасаванне спачатку пайшло як звычайна: за нейкі варыянт 15 чалавек прагаласавалі, за нейкі - 7. А потым - бах - статыстыка пачала расці, і рэзка варыянт далучэння да Беларусі пачаў набіраць абароты. Першая думка была, што нехта гэтае апытанне накручвае, бо я ж усё жыццё жыву ў горадзе... Я, зразумела, ведаю, што, напрыклад, бабулькі свята ўпэўненыя ў тым, што ў Беларусі жыццё значна лепшае, чым у Расіі (яны думаюць, што будуць атрымліваць там расійскую пенсію і шчасліва жыць). То бок, чаго хаваць: любяць у нас, вядома, Аляксандра Рыгоравіча, але пэўна не да такой ступені. Таму я спачатку быў перакананы, што апытанне накручваюць. Гляджу - не, усё чыста. Але потым пачаў глядзець, адкуль заходы, і тут шмат што праяснілася. Вядома, заходы былі ў асноўным з Беларусі.

- А ці была нейкая рэакцыя з боку ўладаў? Вядома, што ў Расіі жорстка ставяцца да праяваў сэпаратызму...


- Адна размова з прадстаўніком уладаў была, але ня тых уладаў, што ў пагонах, а цывільных. Ніякае ФСБ на мяне не выходзіла, ды я і ня думаю, што нагода ёсць. І гэтая размова была не "ах ты, сволач, што ты зрабіў". Гэта было проста такое здзіўленне: як так, мы ж разумеем, гэта пэўна ня могуць быць нашы бранскія?! І сапраўды ня могуць, гэта відавочна. То бок было здзіўленне і трывога, з якім тварам мы можам апынуцца на міжнародным узроўні. То бок рэакцыя была, але яна была адэкватная.

- А калі ўявіць сабе, што ў Бранску сапраўды б адбыўся такі рэфэрэндум, якім, на вашу думку, быў бы яго вынік?

- Тут, вядома, няма сумневаў, што варыянт "застацца ў Расіі" перамог бы. Але на другім месцы адназначна быў бы варыянт далучэння да Беларусі (апытанне на сайце прадугледжвала таксама варыянт далучэньня да Украіны і стварэння Бранскай Народнай Рэспублікі. - РС), і, безумоўна, гэта было б не 0,1%. Зразумела, я гэтую лічбу бяру нават не са столі, а з чыстага неба, але я думаю, што пара адсоткаў, або нават трохі больш, маглі б усур"ёз за гэта прагаласаваць. Тут таксама ня трэба забываць: у нас, як і ў вас, вельмі дысцыплінавана ўсе галасуюць.

Але любяць у нас Беларусь. Любяць, і ня толькі бабулькі. Мы ж побач з вамі знаходзімся, усе часта бываюць у Беларусі. Людзям падабаецца, што чыста на дарогах, што неяк усё па-добраму. І, вядома, асноўная фраза: "Вось "бацька" прыйдзе і парадак навядзе".

- А калі б Аляксандар Лукашэнка балатаваўся ў прэзідэнты Расіі, ці змог бы ён скласці канкурэнцыю Уладзіміру Пуціну?

- Цікавае пытанне. Ведаеце, яшчэ нейкі год таму, ну, ня тое каб канкурэнцыю, але нейкі непакой яго асоба магла б выклікаць. Але цяпер Пуцін адназначна кумір. То бок гэтыя 86% (падтрымкі Пуціна. - РС), або каля таго, якія рэгулярна выдаюцца нашымі даследчыкамі, - я думаю, што яны сапраўды блізкія да праўды.
←Задержанных во время интервью с Некляевым журналистов отпустили из милиции

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика