"Мова ці кава" зачыненая. Стваральнікі апалітычнага моўнага праекта не сышліся ў палітычных пытаннях

Источник материала:  
16.10.2014 13:09 — Новости Общества
Праект “Мова ці кава” зачынілі, не распачаўшы першага занятка новага сезона. Арганізатар і вядучыя папулярных курсаў не сышліся ў меркаваннях наконт сітуацыі ў суседняй дзяржаве – Украіне. Вынікам доўгіх віртуальных спрэчак на “Фэйсбуку” стала рэальнае закрыццё курсаў па мове, праз якія прайшло за два гады існавання каля 600 слухачоў.

Кароткая гісторыя пытання для тых, хто не чытаў "Фэйсбук"

Беларуска Каця Кібальчыч, ідэйны рухавік курсаў “Мова ці кава” і журналіст расійскага Першага канала выказалася на сваёй старонцы на Facebook наконт сітуацыі ва Ўкраіне. Гэта была рэакцыя на артыкул “Воины, Света. Почему нужно наплевать на новое поражение сборной”. У сваім допісе Каця назвала сітуацыю ва Ўкраіне грамадзянскай вайной і паставіла пад пытанне эйфарыю фанатаў на стадыёне ў Барысаве. Пасля гэтага пачалі выказвацца вядучыя моўных курсаў наконт таго, ці трэба працягваць курсы, калі іх арганізатар заяўляе сваю “прарасійскую” і "прапуцінскую" пазіцыю. А некаторыя вядучыя курсаў самі прапанавалі іх байкатаваць. Кацярыну Кібальчыч абвінавачваюць ў заанжагаванасці рэпартажаў з Украіны для Першага канала, пры гэтым дзяўчына - рэжысёр нашумелага і высока адзначанага беларускай апазіцыяй фільма "Беларуская мара" - пра падзеі 19 снежня 2010 года ў Мінску.

Хроніку моўных спрэчак пад гэтым запісам і шматлікімі пазнейшымі падрабязна апісалі на сайце kyky.org. Адбыўся скандал напярэдадні новага сезону курсаў, якія меліся праходзіць гэтым разам у офісе партала TUT.BY. Учора ўвечары Каця Кібальчыч правяла прэс-канферэнцыю на якой распавяла, чаму “Мова ці кава” закрываецца.

На прэс-канферэнцыі, акрамя Каці Кібальчыч, была таксама новая вядучая курсаў, Ксенія Юсава і каардынатар праекта Юлія Коцкая, якая выказвала сваю думку і думку каманды вядучых. Вядучымі курсаў былі журналісты Франак Вячорка і Алесь Залеўскі, паэтка Вялярына Кустава, якія на сустрэчу не прыйшлі.

У рэшце рэшт атрымалася цікавая размова пра тое, чаго бракуе беларускаму грамадству, каб зрабіць родную мову папулярнай.


Каардынатар праекта Юлія Коцкая і аўтар ідэі Кацярына Кібальчыч. Фота: Сяргея Маліноўскага, Naviny.by

Чаму вырашылі зачыніць моўныя курсы. Пазіцыі бакоў

Кацярына Кібальчыч заявіла, што не адмяняла першага занятка і рашэння закрываць курсы не прымала.

- Нават калі вырашылі закрываць курсы, варта было правесці апошнюю сустрэчу годна, са студэнтамі сустрэцца, пабачыць, якія студэнты прыйдуць і пагаварыць, вядома, не пра палітыку, а пра лёс беларускай мовы, – кажа дзяўчына. – Курсы закрываюцца, вы бачыце, не з-за "злачыннага рэжыма", не нават з-за бізнеса, не з-за слабасцяў нейкіх людзей, а з-за таго, што беларускамоўная суполка, нават яе вядоўцы, заклікалі курсы байкатаваць. Чаму яны так зрабілі? У першым самым звароце напісалі, што з-за мяне церпіць іх рэпутацыя. Яны маю пазіцыю ведалі і раней, мы з імі дыскутавалі і я яе выказвала вельмі-вельмі падрабязна. І адзін з варыянтаў, які мне прапанавалі і ад якога я адмовілася: вось, мы зробім нейкі рэбрэндынг, пакінем усё, як ёсць – і ты больш не будзеш ніколі нічога пісаць у “Фэйсбуку” пра палітыку. Мне падаецца, што гэта крывадушнасць. Значыць, вас не цікавіць, што я насамрэч пра гэта думаю, галоўнае – каб я не выказвалася. І гэта не прызнак дэмакратычнага грамадства, а нейкага савецкага грамадства, калі людзі так робяць.

Каця Кібальчыч дадала, што сама не дыктавала вядучым курсаў, што ім пісаць ў “Фэйсбуку” і якіх палітычных пазіцыяў прытрымлівацца.

- Хаця часцяком я бачыла пазіцыі і выказванні абсалютна неэтычныя, з абразамі, з яркімі праявамі нецярпімасці.

Дзяўчына распавяла, што не аднойчы адбівала нападкі на праект “Мова ці кава” з-за “апазіцыйнага флёру”:

- Але я ўставала сцяной за сваю каманду – гаварыла, што людзі, якія займаюцца палітычным актывізмам – яны прыходзяць сюды, на курсы, і не маюць ніякага дачынення да палітыкі ўнутры курсаў.

Яна заўважыла, што і ў сітуацыі, калі сама выказала свае меркаванні, чакала адпаведнага стаўлення да сябе.

Юлія Коцкая выказала пазіцыю вядучых – каманда не прыйшла, таму шта не хоча, каб праект рабіўся палітычным.

– Перш за ўсё я хачу праўда сказаць шчыры дзякуй Каце. Дзякуй за брэнд, дзякуй за яго рэалізацыю, дзякуй за тое, што запусціла хвалю беларускамоўных курсаў, якія сталі папулярнымі, калі ў выніку атрымалася сітуацыя моды на беларускую мову. – заўважыла Юлія Коцкая – У курсаў была вельмі важная пазіцыя, якую ініцыявала Каця і гэта было прынята ўсімі: мова нас яднае. І гэта для нас важна – усе мы за плюралізм думак, за розныя пазіцыі на нашай пляцоўцы. І так было да тых самых пор, пакуль Каця як кіраўнік праекта была публічна не заангажаваная ні ў адну з пазіцый, была публічна нейтральная. Інакш цяжка ўявіць, што, калі ты маеш пазіцыю, умоўна кажучы “Крым наш”, то да цябе прыйдуць людзі.

– У мяне няма такой пазіцыі, прабач, Юля, – перабіла Кацярына.

– Добра: калі ты бачыш пазіцыю чорнага, то да цябе наўрад прыйдуць тыя, хто займае пазіцыю белага. Да таго моманту, як у Каці была праўда публічная пазіцыя, нам удавалася запрашаць на пляцоўку людзей з супрацьлеглымі пазіцыямі. Але Каціна пазіцыя пачала шкодзіць праекту як пляцоўцы з рознымі пазіцыямі і з рознымі меркаванням. Фактычна, “Мова ці кава” пачыналася з Каці, не з Валярыны Куставай, не з Алеся Залеўскага, не з Франака Вячоркі. Калі Каця пачынала казаць нешта публічна, праект рабіўся ўцягнуты ў нейкія палітычныя спрэчкі. Мы лічым, што кіраўнік, які з’яўляецца фасілітатарам праекта, не можа публічна займаць чыйсці бок. Да нас проста перастануць прыходзіць людзі з іншай пазіцыяй.

Пасварыліся, зачынілі – а што далей?

Каця дадала, што хоча, каб "Мова ці кава" ўвайшла ў гісторыю як праект, які аб'ядноўвае, а не як ініцыятыва, дзе выганяюць людзей з-за таго, што яны няправільна думаюць.

- Калі мае калегі захочуць адкрываць курсы для адзінадумцаў, ці без ідэі – калі ласка, я падтрымаю. Зраблю рэпост на старонцы “Мова ці кава”, накірую туды студэнтаў, напішу, зраблю рассылку. Яны маюць права выкарыстоўваць і фармат, і ідэі, і ўсе напрацоўкі.

Яна прыгадала, што першая хваля спрэчкаў на "Фэйсбуку" пачалася яшчэ раней, калі яна выказвала сваю думку пра Майдан.

- Не тое, што я яго не падтрымліваю, а проста я звярнула ўвагу на людзей, якія прыйшлі да ўлады. І гэта актуальна для Беларусі. Я за тое, каб Лукашэнка сыходзіў хутчэй. Але трэба падумаць: хто прыйдзе і што будзе пасля? Ці нам падтрымліваць усё, што будзе пасля Лукашэнкі любым коштам?, – кажа Кацярына. 

Заўважыла яна і такую рэч:

- Калі мы не здолелі тут дамовіцца, у сітуацыі, калі ў нас добрыя стасункі, як мы будзем дамаўляцца ў межах усёй краіны? Калі мы па пытаннях суседняй краіны не можам дамовіцца, то як мы будзем дамаўляцца па пытаннях нашай краіны? І ці можа мова стаць агульнанацыянальнай каштоўнасцю? Прыклад гісторыі “Мовы ці кавы” паказаў, што не можам. Такую выснову я зрабіла... Калі вы хочаце, каб беларуская мова стала масавай і выйшла з гета – вы мусіце зрабіць нейкія высновы з гэтай сітуацыі, з гэтага прэцэдэнта.

Кацярына Кібальчыч падзялілася марай адкрыць беларускамоўную кавярню: 

- Калі хто хоча сам гэта зрабіць – я гатовая аддаць назву, калі гэта будзе кавярня, дзе будуць паважліва ставіцца і да беларускамоўных людзей, і да рускамоўных, да людзей з рознымі пазіцыямі.
←Внедрение новых соцуслуг будет учитываться при оценке работы белорусских домов-интернатов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика