У Гродне памёр прафесар Іван Лепешаў: развітанне пройдзе 15 кастрычніка
13.10.2014 21:02
—
Новости Общества
Прафесар Іван Якаўлевіч Лепешаў нарадзіўся ў 1924 годзе на Віцебшчыне. Быў паранены ў часе Другой сусветнай вайны, меў ордэн і медалі за баявыя заслугі. У 1949 годзе быў беспадстаўна рэпрэсаваны і шэсць гадоў правёў у лагерах у Прыморскім краі.
У Гродзенскім універсітэце Лепешаў працаваў з 1971 года, калі ўстанова была яшчэ педагагічным інстытутам. У 1986 годзе ён атрымаў званне прафесара. Лепешаў быў выкладчыкам у тысяч студэнтаў, частка з іх таксама цяпер працуе ва ўніверсітэце.
Лепешаў быў аўтарам мноства навуковых кніг і артыкулаў па беларускім мовазнаўстве, даследаваў фразеалогію, прыказкі і прымаўкі, стылістыку і культуру мовы.
Як паведаміла дацэнт кафедры беларускай літаратуры ГрДУ Ала Петрушкевіч, развітанне з Іванам Лепешавым адбудзецца ў сераду 15 кастрычніка ў 12.00 у корпусе ўніверсітэта па вул. Леніна, 32. Пасля, каля 14.00, у Пакроўскім саборы, праз дарогу ад універсітэта, пройдзе паніхіда па памерлым.